Падарожнае

Aug 08, 2015 21:33

Ісьці было кілометраў пяць. Адлегласьць невялікая, але, з улікам сьпёкі, давалася няпроста. Мінералка была цёплай і брыдкай на смак, цыгарэты таксама дарогу не скарачалі.
Машына прыпынілася нечакана - навюткая чорная "аўдзюха", прыблізны эквівалент майго пяцігадовага заробку. Мужык у салоне кіўком галавы запрасіў пад'ехаць. "Дзякуй, але я прайдуся" - такая дурасьць мне нават у галаву не зайшла, і праз хвіліну я ўжо сядзеў у шыкоўнай машынцы. Мажны дзядька, што выказаў спагаду, шчыра зьдзівіўся: Как можна пешком в такую жару?! - Хз, - падумалася мне, але прамармытаў штосьці: Прывычны я.
Ехалі болей моўчкі, смакуючы ўсімі скуранымі рэцэптарамі камфортную прахалоду, прадукаваную кандыцыянерам. Тады завяліся гаварыць пра сьпёку і высахлы лес. Грыбам - капец! Гэта калі падрэзюмаваць. Дзядзька, як аказалася, робіць у лясгасе і справы ў нашых гушчарах ведае выдатна.
А мяне штось рэзка пахіліла на сон і замест зьдзіўленае думкі "скуль у нашых лясгасаўцаў такія машыны?" з'явілася другая, больш лаяльная і талерантная: "Зашыбісь, што ў нашых лясгасаўцаў ёсь такія машыны!"

падарожнае

Previous post Next post
Up