На мяжы

Jul 22, 2015 23:15


Сьвятынь многа не бывае

У кожнай экспедыцыі прадметна цікаўлюся т.зв. "вясковымі сьвятынямі" - культавымі крыніцамі, калодзежамі, камянямі... Я далёкі ад думкі, што кожная сьвятая крыніца вядзе сваю гісторыю шанаваньня ад часоў неаліту і слаўнай дахрысьціянскай спадчыны. Ёсьць процьма выпадкаў, калі знак пра надзвычайныя ўласьцівасьці вады ці камяня быў дадзены і ў ХІХ, і ў ХХ ст. Зрэшты, гэта абсалютна не адмяняе выключных рытуальных функцый сьвятыні ў межах лакальнай супольнасьці. Але ў апошнія дзясяцігодзьдзі колькасьць сьвятых крыніц пачынае павялічвацца даволі істотна. Нехта можа сказаць, што гэта свайго роду сучасная бутафорыя, але я б ня быў такі катэгарычны. Ад далёкасяжных высноваў пакуль устрымаюся, бо пакуль зь вялікай цікавасьцю проста назіраю працэс.



Першую крыніцу, чый сакральны статус быў аформлены некалькі гадоў таму, доўга шукаць не прыйшлося. "Жівоносный істочнік" (за эксклюзіўную назву - рэсьпект мясцовым энтузіястам) знаходзіцца на адной з лёзьненскіх вулачак. Асьвячаецца стандартна - на Вадохрышча (гэтая дата, як і адсутнасьць "уласнага імя", вельмі часта ўказвае на адсутнасьць "сакральнай гісторыі" аб'екта), але пры гэтым зьбіраецца даволі шмат народу, які шчыра верыць у лекавыя ўласьцівасьці вады.



Другі аб'ект падобнага тыпу - крыніцу і купальню - сустрэлі ў колішнім мястэчку Дабрамысьлі. Па шчырасьці скажу, што калі б у вёсцы з такой назвай сьвятой крыніцы не было адвеку, то яе варта было б прыдумаць. Нажаль, купальня была замкнёная і прыпыленыя ліпеньскім сонцам экпедыцыянеры не змаглі адчуць на сабе жыватворную моц сьцюдзёнай крынічнай вады.



Старшыня сельсавету з гонарам расказваў, як талачыла вясковая грамада, калі стаўляла капліцу. Трэба сказаць, што ягоны гонар шчыра падзялялі і вяскоўцы старэйшага пакаленьня. Калі ж сын бабулі паспрабаваў зьняпраўдзіць сьвятасьць крыніцы, то маці далікатна паслала яго ў срачку.



А вось ля мясцовай школы мы заўважылі "сьвятыню" іншага роду. Спачатку я быў падумаў, што гэткім чынам вяскоўцы пазначылі месца, дзе калісьці стаяў храм, зьнішчаны бальшавікамі. Але не адгадаў. Камень быў усталяваны дырэктарам школы без дай нагоды, дый антрапаморфныя выявы таксама былі ягонага аўтарства. У дадзеным выпадку, ініцыятыва мне не спадабалася.



Іншую сітуацыю напаткалі ў Мікуліне - колішнім мястэчку Аршанскага павету, а цяпер захудалай вёсцы Смаленшчыны. Тут новая крыніца, якая асьвячаецца на Вадохрышча, стала канкураваць з даўняй, вядомай ва ўсёй акрузе, крыніцай Пяцінкай, што зьбірала сотні паломнікаў нават у савецкія часы. Прычына выявілася надзвычай банальнай. Новасьпечаная сьвятыня бруіць ля асфальтавага бальшака, і дабірацца да яе папу ў сваіх хламідах значна прасьцей, чым да Пяцінкі, якая знаходзіцца ў яры пад стромай гарой. Нягледзячы на зручнасьць і блізкасьць першай крыніцы, мясцовая бабуля вельмі крытычна каментавала захады па яе асьвячэньні і цьвердзіла, што сапраўднай сьвятыняй ёсьць толькі Пяцінка. Толькі чалавеку падарожнаму, не знаёмаму зь мясцовай гісторыяй, надзвычай сьціплы выгляд Пяцінкі наўрацьці скажа пра яе надзвычайны статус. Ні каплічкі, ні крыжа, але мне яна спадабалася куды больш, бо сапраўдная. І сьвятынь многа не бывае...



экспедыцыя, сьвятая крыніца, мяжа

Previous post Next post
Up