На мяжы

Jul 21, 2015 19:40


Лёзна

Экспедыцый у мяне было шмат і розных, але вось у такім фармаце, як сёлетняя лёзьненская, ня меў ніколі. Утульны дом, гасьцінныя гаспадары, ядзеньне такое, што язык праглынеш, а перажываньне ў снах палявых уражаньняў - на мяккім ложку. За гэткі нечуваны камфорт выказваю шчырую ўдзячнасьць гасьцінным людзям - Івану і Натальлі Казловым і іх сыну Дзянісу (на фота ў зялёнай тэнісцы), які нястомна развозіў нас на сваім аўто ў розныя кропкі раёну і за мяжу.



Уласна Лёзна разглядаць асабліва не было часу. Маленькае акуратнае беларускае мястэчка - апошні еўрапейскі фарпост на ўсходняй мяжы. Старой забудовы практычна не захавалася, бо ў часе вайны фронт у гэтых мясьцінах стаяў 9 месяцаў. Хоць праваслаўную бажніцу, фундаваную Агінскімі ў 1786 г., бальшавікі зруйнавалі ўжо ў 1961 г.  Вакольныя бабулі распавядалі, што храм падрывалі тры дні - не маглі даць рады з першага разу - ажно шыбы трэсьліся ў хатах. Дарэчы, герб славутага рода Агінскіх, які валодаў мястэчкам з ХVІІ ст. цяперака ўпрыгожыў і герб Лёзна. Шкада толькі, што гэта адзіны напамін пра слаўнае мінулае, які можна ўбачыць сёньня.



Яшчэ зь Лёзна паходзіць радзіна Марка Шагала - дзед, бабця і іншыя сваякі. Натуральна, лёзьненцы перакананыя, што і сам Шагал нарадзіўся ў Лёзна. Не тое, каб тутэйшыя былі шчырымі прыхільнікамі мастацкіх дзівосаў Марка, але, паколькі той раптам стаў сусьветнай знакамітасьцю, зразумела, што нарадзіцца ён мог толькі ў Лёзна.
Сёньняшнія лёзьненцы жывуць на мяжы і жывуць зь мяжы. Шмат хто мае бізнэс, павязаны на розьніцы беларускіх коштаў з расейскімі. Убачыць уласную грузавую фуру на прыватным падвор'і можна на кожнай вулачцы. Але фура для местачкоўца ніколі не адменіць свайго гароду, курачак ды вушастых монстраў з чырвонымі вачыма...



(працяг будзе)

экспедыцыя, мяжа

Previous post Next post
Up