Ulaslovy

Dec 08, 2014 15:58

Беларускі аўтобус

Дзяўчына прыгожая, сьветлая
і нат па мабілцы - моўная,
стужка па колерах правільная
на джынсавым пляцачку…
А я насупраць сяджу ў аўтобусе -
скрыня рыбацкая, бушлат зімовы
з шэўронам  “рыбгас СССР”
Дзяўчынка кідае грэблівы позірк,
вочы хутка адводзіць, крывіцца:
што, маўляў, за калгасны хер
з крывуляй жалезнай, шчэцьцю няголенай
сівой, як першы зімовы іней.
Тым часам думаю, як бы назваў яе:
магчыма, Тацянай, Натай, Вальжынай -
толькі не Жанай, толькі не Інай,
бо не пасуе, хоць ты забі мяне.
І думаеш далей: ці сьпявае нашыя песьні,
ці гэтак жа моўная, як па мабіле, і ў сэксе?
Нарэшце: ці рыбу чысьціць умее?
Бо як ня ўмее, то я ад такіх шалею,
хай сто разоў сабе беларуска…
А наш аўтобус валюхае ціха
з рэклямай тварожных сыркоў на баку.
Полацак. Сьнежань. Год 14-ы
у гэтым, ужо 21-м вяку.

словы, падарожнае

Previous post Next post
Up