Як першы раз трапляеш у горад, то яго (камяніцы, храмы, помнікі, вулкі) уласна і фоткаеш. Але другі (трэці, пяты, сёмы...) візіт цікаўнасьць да гарадской архітэктонікі прытупляе. За час тваёй адсутнасьці барочныя храмы ня зробяцца гатычнымі, вуліцы ня зьменяць свайго накірунку і аблічча. Так, хіба ўхопіш нечаканы ракурс...
Пасьля таго, як наеўся архітэктурай, міжволі зьвяртаеш увагу на месьцічаў: зьнешні выгляд, эмоцыі, паводзіны. Бо менавіта жыхары надаюць гарадскому вобразу дынаміку і непаўторны шарм.
Дзеці, моладзь, вясельная пара ці бадзяга, што корміць галубоў -- усе яны кампануюць тваё пачуцьцёвае ўспрыняцьце горада ў цэлым. Лішне тлумачыць, што горад без месьцічаў - гэта змрочная фантазія з фільмаў- катастроф. Ковенцы мне падаліся прыгожымі і пазытыўнымі людзьмі, роўна як і сама Коўня. Хто на каго больш уплывае - горад на сваіх жыхароў ці яны на яго - пытаньне невырашальнае. Бо цяжка раскласьці гармонію на кампаненты.