Працаваўшы над артыкулам, высьвятліў цікавую рэч. З курганамі, што на тэрыторыі полацкіх крывічоў маюць назву "валатоўкі" не зьвязана аніводнага паданьня пра волатаў. Асілкі ёсьць, веліканы ёсьць (пра "французаў" і "шведаў" нават і заводзіцца ня буду) - волатаў няма. Больш таго, такая лексема ўвогуле не фігуруе ў гаворках Віцебшчыны. Такога слова няма ў жывой гутарковай мове! За 20 гадоў не сустрэў аніводнага разу ў экспедыцыях.
Тыя "волаты", што сустракаюцца ў акадэмічным выданьні "Легенды і паданьні" - гэта тупы літаратурны пераклад "веліканаў" і "багатыроў", якія і былі ў першакрыніцах. Адзіны выпадак, калі "волат" сустракаецца ў арыгінальным тэксьце - гэта легенда пра сатварэньне сьвету, запісаная праваслаўным сьвятаром і надрукаваная Шэйнам у яго рускамоўным пераказе. І ўсё! Нідзе, ніякіх волатаў!
Адкуль жа яны ўзяліся і атабарыліся ў літаратурнай мове? А гэта трэба сказаць дзякуй Вацлаву Ластоўскаму і ягоным пасьлядоўнікам, у прыватнасьці Міколе Касьпяровічу. Дзядзька любіў займацца словатворчасьцю. І калі ёсьць валатоўкі, то павінны быць і волаты. Тым больш, што ў значэньні "веліканы, багатыры" гэтае слова вядома рускай традыцыі. Ну, а паколькі Ластоўскі лічыў волатаў нашымі "прапрашчурамі", то і паняслася калясьніца...
Карацей, класная атрымалася інтрыга. Зь ёю і паспрабаваў разабрацца ў апошнім артыкуле.