Рака-жанчына

Jul 29, 2013 20:39




Рака-жанчына

Калі шукаць параўнаньні-метафары для ракі, то адзіным адпаведнікам можа быць толькі жанчына. Як і рака, жанчына нібыта не хавае сябе, але заўсёды мае два берагі. У звычках, паводзінах, пачуцьцях і эмоцыях. І ты заўсёды знаходзішся толькі на адным беразе, а супрацьлеглы - загадка, таямніца, прывідны цень. Можна прыручыць і авалодаць азяром, бо стаіць там вада і бераг адзін. Ракой, як і жанчынай ніколі не авалодаеш дарэшты. За кожным выгінам, за кожным паваротам яна можа быць рознай. Ты сьвядома ўваходзіш у плыню ракі, перакананы ў сваіх сілах, але раптам заўважаеш, што спакойная і ціхая, як здавалася, вада забірае цябе і паціху зносіць, як бы ты не барахтаўся. Плыня - характар жанчыны і перамяніць яго - тое самае, як змусіць раку цячы з вусьця два вытокаў. Плысьці проці цячэньня - уяўны гераізм - пакідаць сілы на марнае і адчуваць, як раптам пачынае бурапеніцца лагодная дагэтуль вада. І ты выбіраеш прамежкавы варыянт - пераплываеш раку - забіраеш жанчыну ў свае абдымкі. Пра што яна думае, калі ты засынаеш у салодкай стоме?
Жанчына, як і рака, не падуладная зіме. Сьнег, стыня, лёд, але ты ведаеш пэўна, што бяжыць, не спыняецца вада, не спыянецца крывя ў жылах, калі любіш ты, калі любяць цябе. І становішся раптам абодвума берагамі, і адчуваеш як у сэрцы цячэ твая рака, твая жанчына.

жанчына, рака, сказы

Previous post Next post
Up