Dec 29, 2015 22:13
Калі-нікалі так хочацца выдаць жаданае за існае.
***
"Ты паглядзі, сцішкі чытае, пала."
Аўтобус утаропіўся ў мяне
і дзядзьку да таго страхотна стала,
што папаўзлі мурашкі па спіне.
Нядобрыя пагляды, быццам пугай,
хвастáлі па нагах і па плячах.
"Прыб'юць жа недавяркі недалугу", -
запанаваў у галаве адчай.
Папраўдзе, я спалохаўся найболей
вось гэтага мясюгі-мужыка,
бо цалкам дапускаў, што ён ніколі
не бачыў рыфмаванага радка.
Высозны - сажня ціха спачывае.
Кулак - не менш драздоўскіх кавуноў.
Ну, думаю, прыйшла часіна злая -
умомант можа вытрасці з штаноў.
А той зірнуў на кніжку і прамовіў:
"Чытайце ўслых. Я вельмі вас прашу.
Так хочацца пачуць на нашай мове
хоць колькі слоў пра нашую ж душу”.
І я пачаў чытаць. Аціхнуў лямант,
нясмак нянавісці паволі счэз,
забыў народ пра долары і крамы,
бо тут запанаваў цяпер "Пан Лес"...
Мінула часу многа а ці мала,
пакуль урэшце нейкая гарэза
усклікнула: "Глядзіце, светла стала!"
Ад мовы пасвятлела?
Ад паэзіі?
ver_sv