Фотавыстава "Нябачаная Літва"

Sep 17, 2010 11:24

Учора (16 верасня) у Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася фотавыстава "Нябачаная Літва".
Навогул, літоўская амбасада аблюбавала гэтый музей, не так даўно тут была і прэзентацыя грандыёзнага фотапраекта "Вялікая Літва".
Пачалася прэзентацыя з выступаў афіцыйных чыноў - дырэктар музея, намеснік міністра культуры, літоўскі пасол. Звычайныя дэкларацыі сяброўства і супрацоўніцтва. І, канечне, як было б добра ездзіць у госці без візаў! Хто б спрачаўся...
Цікава было паслухаць аўтара здымкаў - літоўскага фотамайстра - Марыёса Явайша.



Ён з дапамогай відэа-прэзентацыі распавядаў гісторыю гэтай выставы. "Нябачаная Літва" - таму што ўсе здымкі рабіліся з недасяжных для звычайнага чалавека ракурсаў, пераважна з паветра, у час палёту. Дзесьці два з паловай гады таму гэты вялізны праект быў скончаны, выйшаў фотаальбом на літоўскай і англійскай мовах, які аказаўся надзвычай папулярным. Ён быў перакладзены на іншыя мовы (рускую, польскую, нямецкую, іспанскую ды іншыя) і некалькі разоў перавыдаваўся. Выстава ж таксама аказалася надзвычай паспяховай, і ўжо паспела пападарожнічаць па 15 краінах, пакуль дабралася да Беларусі. То бок, гэта, напэўна, самы папулярны фотапраект у нашай суседняй краіне.
Явайша звычайна лятаў з дапамогай авія-аматараў на самаробных лятальных канструкцыях (зэдлікі ў паветры, як ён іх іранічна ахарэктыразаваў). Добра, што на такіх апаратах у надзвычайных сітуацыях можна было планіраваць, што час ад часу і адбывалася. Зразумела, над вялікімі гарадамі, як Вільня і Коўна, на такіх дзіўных штучках лятаць не дазвалялі. Таму тут выкарыстоўваліся самалёты, верталёты і паветраныя шары.
Цікавая гісторыя здымка Тракайскага замку. Паколькі гэты замак ужо адфоткалі з усіх магчымых ракурсаў, у тым ліку і з паветра, то для арыгінальнасці быў зроблены такі ход - да замку быў падцягнуты будаўнічы кран, і ўжо адтуль быў зроблены манументальны панарамны здымак Тракайскага замку ў вячэрнім асвятленні.
Здымкі рабіліся на лічбавы фотаапарат «Hasselblad» (камеры гэтай маркі выкарыстоўвае НАСА ў сваіх касмічных праграмах). Выглядаў гэты апарат вельмі ўнушальна, шкода што можна было пабачыць яго толькі на здымках.
Самі здымкі мне вельмі спадабаліся. Зразумела, на іх можна пабачыць багатыя культурныя ландшафты Вільні і Коўна, Тракай і Кернаве, розныя памяткі архітэктуры, а таксама і вельмі прыгожую літоўскую прыроду - Нёман і іншыя рачушкі, нацыяльныя паркі і марское ўзбярэжжа.
Для сябе адкрыў шмат розных цікавых мясцін, якія варта было б наведаць. Але нават і добра знаёмую Вільню неспадзявана было ўбачыць з іншых ракурсаў, чым звычайны погляд на сталіцу з гары Гедзіміна альбо з гары Трох Крыжоў.
У якасці рэпрэзентанта выставы я выбраў такі вось здымак. У гэтым касцёле пабраліся шлюбам Чурлёніс і Сафія Кімантайтэ. Але ж як гэты краявід таямніча выглядае з аблокаў!



Калі што, то тут і тут можна азнаёміцца з некаторымі здымкамі з гэтай серыі.
А тым, каму падабаецца Літва, абавязкова раю наведаць гэтую выставу.
Previous post Next post
Up