Sep 14, 2010 09:47
Таму б пытаньне я паставіў іншым чынам: чаму беларуская ідэнтычнасьць аказалася такой прывабнай у апошнім дзесяцігодзьдзі, чаму яна валодае такім асыміляцыйным патэнцыялам. І баюся, што адказ хаваецца хутчэй у яе мінімалізьме. Беларусам, як аказалася, не трэба ведаць мовы, веданьне гісторыі абмяжоўваецца канстатацыяй факта, што беларускі народ перамог у Вялікай Айчыннай вайне, беларусам ня трэба захоўваць культурныя традыцыі і праяўляць грамадзкую актыўнасьць. Быць беларусам у сучаснай Беларусі - гэта мець шмат сымбалічных прывілеяў і практычна ніякіх абавязкаў, акрамя абстрактнай любві да краіны.
І я б не дужа цешыўся з ўмацаваньня беларускай ідэнтычнасьці. Так, па ўсіх выніках яна ўмацоўваецца, людзі адчуваюць сапраўдны гонар за сваю краіну і свой народ. Але мяне куды больш турбуе, што кладзецца ў зьмест гэтай ідэнтычнасьці? Людзі найперш ганарацца пабудовай Нацыянальнай бібліятэкі, перамогай Ксеніі Сітнік на Эўрабачаньні і гэтак далей. Калі вас задавальняе такі зьмест, то тады можна радавацца ўмацаваньню беларускай ідэнтычнасьці.