Заўтра сябры адзначаюць Дзень балцкага адзінства, які супадае з асеннім раўнадзенствам. На жаль, не змагу з імі быць. Але магу падзяліцца здымкамі, як адзначалі гэта свята ў Вільні. Там яно яшчэ называецца фестывалем Гедзіміна і пераўтвараецца ў паўнамасштабнае гарадское свята.
У значнай ступені яно нагадвае і нашыя менскія мерапрыемствы - па праспекту Гедзіміна растаўляюцца шапікі, дзе прадаюць піва і розныя стравы, шмат розных сувеніраў і вырабаў. На пляцоўках выступаюць спевакі, клоўны і факіры.
Але ёсць і свае адметнасці.
Так, у канцы праспекта Гедзіміна адмыслова пад свята былі ўсталяваныя скульптуры - Пагоня, Калюмны, шчыты і мячы.
Вось так тыя ж скульптуры выглядалі ноччу:
У нядзелю ўвечары ўсе гэтыя скульптуры былі ўрачыста спаленыя ў вогненай містэрыі, прысвечанай Грунвальду (альбо ў літоўскай версіі - Жальгірысу) пад музыку выдатнага фолк-рок гурта Atalyja. Праўда, сам я ўжо на гэтай цырымоніі не змог прысутнічаць, бо трэба было вяртацца ў Менск.
Але заспеў яшчэ адну частку святкавання - "Калыханку Вільні". Суботнім вечарам на беразе Нерыса з вялікіх знічак былі выкладзены арнаментальныя ўзоры, і пад прыгожыя фальклорныя спевы з эмбіентальнай музыкай па рацэ праплывалі падсвечаныя скульптуры. Скупыя словы цалкам не могуць чароўную атмасферу гэтага мерапрыемства, настолькі ўсё было вытанчана, густоўна і містычна.
На дзіва, на беразе сабралося шмат люду, які зусім не спрабавалі піць гарэлку, а сканцэнтравана і захоплена наглядалі за вогненнымі фігурамі, што выплывалі з цемры.
Напэўна, і здымкі могуць перадаць толькі крупінку той феерыі.
Я рады, што мы вяткуем Дзень балцкага адзінства. Бо я ганаруся, што мы браты такога маленькага, але мужнага і прыгожага народу, як літоўцы. Часам яны падаюць нам вельмі станоўчыя прыклады, на якія трэба арыентавацца, пераймаць і развівацца. Усіх са святам!