Пажарная каманда ў Гродне ўпершыню з’явілася ў 1820-х гадах. Першапачаткова яна складалася з ніжэйшых чыноў гродзенскага гарнізоннага батальёна, і толькі з другой паловы 1830-х пачала камплектавацца з прафесійных служачых. Да 1840 г. яны размяшчаліся ля палаца Агінскага, які стаяў на Сенным рынку. За ўвесь час існавання пажарнай службы ў Гродне перыяду Расейскай імперыі ў горадзе былі тры пажарныя каланчы. Дзве былі драўлянымі, і толькі трэцяя - мураванай, якая захавалася да нашага часу.
Малюнак Н. Орды. На заднім плане бачны "Дом паліцмайстра" з каланчой на даху
Першая пажарная вежа была пабудавана недзе паміж 1840 і 1841 гг. на даху будынка, у якім жыў гарадскі паліцмайстар. Пасада паліцмайстра з’явілася ў горадзе ў 1807 г. Яму быў выдзелены правы флігель былых каралеўскіх стайняў.
План часткі горада пачатку ХІХ ст. Уверсе злева - комплекс былых каралеўскіх стайняў
Каралеўскія стайні. Абмерны рысунак пачатку ХІХ ст.
Левы і правы флігелі каралеўскіх стайняў. Абмерны рысунак пачатку ХІХ ст.
Тут жа планавалася размясціць і казарму для пажарных. Аднак яны да 1859 г. туліліся ў арандаваным у Левінсана будынку на вул. Дамініканскай (сучасная вул. Савецкая). Дарэчы, у той час паліцэйская каманда знаходзілася ў “паезуіцкім будынку” ля фарнага касцёла. “Дом паліцмайстра” уяўляў сабой трохпавярховы фахверкавы будынак.
Комплекс былых каралеўскіх стайняў. Пачынаючы з пачатку ХІХ ст. левы флігель і канюшні займалі памяшканні вайсковага шпіталя, правы флігель - паліцмайстар.
Пажарная вежа была надбудавана з паўночна-усходняй часткі даху і з’яўлялася даволі тыповай для таго часу драўлянай канструкцыяй. Вядома, што ў 1823 г. “дом паліцмайстра” разам з усім комплексам будынкаў былых каралеўскіх стайняў (у той час яны ўжо належалі вайсковаму шпіталю, галоўны корпус якога знаходзіўся ў Новым замку) быў зялёнага колеру. У сярэдзіне ХІХ ст. будынкі былі ўжо жоўтага колеру.
Першая пажарная вежа знаходзілася на даху "Дома паліцмайстра", у той час як сама пажарная каманда базіравалася на вул. Дамініканскай. Рэканструкцыя на сярэдзіну ХІХ ст.
"
Дом паліцмайстра" і пажарная вежа. Выгляд з боку вул. Замкавай і "пажарнага завулка" у сяр. ХІХ ст. Рэканструкцыя
Пажарная вежа, як і сам будынак, паступова прыходзілі ў заняпад. У 1860-я гг. улады спрабуюць выдзеліць грошы на рамонт дома і каланчы, аднак сродкі так і не былі налічаны. У 1870 г. губернскі архітэктар робіць агляд будынка, які на той момант быў ужо ў вельмі аварыйным стане і амаль без даху, а каланча трухлявай. Гэта добра бачна на малюнку Н. Орды таго часу (мал. 1). На жаль, будынак быў у хуткім часе амаль цалкам разабраны і перабудаваны. Паліцмайстар просіць царкоўныя ўлады дазволу размясціць назіральны пункт у найвышэйшым месцы ў горадзе таго часу - вежы Сафійскага сабора (“Фара Вітаўта”), але атрымлівае рашучую адмову.
Комплекс былых каралеўскіх стайняў на малюнку Н. Орды
Пасля разборкі правага флігеля былых каралеўскіх стайняў пажарная каманда пераехала ў суседні будынак, левы флігель.
Левы флігель. Абмерны рысунак 1840 г.
Вядома, што ў 1872 г. пажарная каманда ўжо размяшчалася ў ім. Хутчэй за ўсё, тады ж была пабудавана другая каланча. Яна размяшчалася пасярэдзіне даху будынка і ўяўляла сабой падобнага тыпу канструкцыю, як і першая.
Пажарная каланча. Здымак зроблены прыблізна ў 1894 г.
Вядома, што каланча, якая знаходзілася “у канцы Замкавай вуліцы”, як і пажарная частка, уцалела падчас спусташальнага пажару 29 мая 1885 г. Пажарныя скардзіліся, што вежа стаіць у “нізіннай мясцовасці”, адкуль была бачна толькі частка гораду. Таму паступіла просьба аб яе пераносе на “больш узвышанае месца”. У чэрвені 1886 г. адбыліся два пажары, якія проста не былі заўважаны пажарным назіральнікам з каланчы, а былі патушаны жыхарамі. У сувязі з гэтым паліцмайстар просіць начальства гарадскога вадаправода размясціць назіральны пункт на воданапорную вежу. Аднак і тут атрымлівае адмову. Днём 22 ліпеня 1899 г. падчас моцнага пажару ў горадзе пажарная частка разам з каланчой згарэла.
Пажарная каланча. Здымак зроблены ў 1898 г.
Прыблізна ў 1902 г. побач з будынкам пажарнай каманды была пабудавана новая высокая цагляная пажарная вежа з памяшканнямі для пажарнага абсталявання і коней.
Вуліца Замкавая. На заднім плане віднеецца пажарная каланча. Фота пачатку ХХ ст.
Праўдападобна, праект быў пазычаны ў пецярбургскага архітэктара Уладзіміра Шаламава, таму што амаль ідэнтычная вежа і пажарная частка яго аўтарства была ўзведзена ў
Пецярбургу і Іркуцку (у другім выпадку праект Шаламава быў дапрацаваны мясцовым архітэктарам А. Кузняцовым).
Будынак пецярбургскай пажарнай часткі
Гродзенская каланча захавалася да сённяшняга часу і ўяўляе сабою чатырохграннае са зрэзанымі гранямі шасціярусны будынак, усярэдзіне якога знаходзіцца шрубавая лесвіца вышынёй у 120 драўляных прыступак. Сёння яна - знакавы аб’ект у гістарычным цэнтры горада. На дадзены момант вежа знаходзіцца ў перадаварыйным стане і на яе ўжо некалькі год не пускаюць наведвальнікаў. Было б добра, каб на яе рэстаўрацыю знайшліся сродкі і кожны жадаючы змог бы падняцца на аглядальную пляцоўку, каб убачыць маляўнічыя краявіды гістарычнага цэнтру Гродна і даліны Нёмана!