Што знаходзілася на месцы дамоў на Валковіча, якія плануюць знесці?

Aug 17, 2019 01:43

На днях стала вядома, што 20 жніўня ў Гродне пройдзе аўкцыён па продажу зямельнага ўчастка на месцы дамоў №5, 5а, 7 и 7а, па вул. Валковіча. Выключна цікавыя драўляныя домікі, якія тут знаходзяцца, паводле планаў гарадскіх чыноўнікаў, неабходна знесці, а на іх месцы пабудаваць чарговую бетонную пачвару. Гэтыя дамы былі пабудаваны ў пач. ХХ ст. і да нашага часу не ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, аднак яны ўяўляюць даволі значную мастацкую і гістарычную значнасць (гэта паспрабавалі даказаць журналісты ВГ, за што ім вялікая павага і рэспект). Але гэта толькі адзін канец палкі. Вялікую цікавасць уяўляе сама тэрыторыя, дзе размяшчаюцца згаданыя будынкі. У прыватнасці, у самым сэрцы гэтай тэрыторыі ў др.п. XVIII ст. працавала адна з суконных мануфактур Тызенгаўза!



Мануфактуры на Гарадніцы. Малюнак 1789 г.

Калі на сучасную спадарожнікавую карту Гродна накласці план горада 1812 г. (вельмі дакладны, дарэчы; самыя планы Гродна знаходзяцца тут), можна з дакладнасцю +- 3 метры вызначыць месцазнаходжанне любых страчаных будынкаў:


Мы бачым, што на месцы чатырох з пяці мануфактур на Гарадніцы цяпер знаходзяцца цагляныя будынкі, ўзведзеныя ў асноўным у пач. ХХ ст. Пятая мануфактура знаходзілася на месцы дома № 5, а гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, яе падмуркі дагэтуль захаваліся ў культурным слоі.



Дзякуючы маім архіўным пошукам мы ведаем дакладны памер будынка (гл. гэты матэрыял). Вядомы таксама і ягоны выгляд на момант пачатку ХІХ ст., калі ён выкарыстоўваўся пад казармы:



Ведаючы знешні выгляд і маючы падрабязныя інвентары гэтага надзвычай цікавага для архітэктуры Гродна XVIII ст. будынка, які ўваходзіў у комплекс Гарадніцы, мы можам зрабіць яго вельмі дакладную графічную рэканструкцыю. Гэта дазволіць яго граматна адбудаваць. А ўнутры гэтага будынка можна размясціць гасцініцу, офісы, крамы. І прыцягваць увагу турыстаў. Гарадніца патрабуе рэнавацыі і пераасмыслення. Варта пачаць з гэтага будынка, пры ўмове захавання драўляных будынкаў пач. ХХ ст., якія знаходзяцца побач.



Аб'ява аб аўкцыёне на сайце гарвыканкама


Тэрыторыя, якая будзе выстаўлена на аўкцыён. У цэнтры пазначана месцазнаходжанне суконнай мануфактуры часоў Тызенгаўза

Гарадніца

Previous post Next post
Up