Цяпер ужо мала хто і задумваецца, што будынак па адрасу вул. Ажэшкі, 17, у якім размешчаны музей Элізы Ажэшкі і філіял гродзенскай абласной бібліятэкі, насамрэч быў пабудаваны ў 1976 г. Арыгінальны драўляны дом, у якім жыла знакамітая гродзенка, разабралі дзеля пашырэння вуліцы (ён знаходзіўся ля самай праежджай часткі), а затым на некалькі метраў далей ад дарогі з газасілікатных блокаў была пабудавана яго копія.
Дом Элізы Ажэшкі ў міжваенны час. Фота з архіву NAC
Знос гістарычных будынкаў у Гродне і будаўніцтва на іх месцы псеўдагістарычных муляжоў - гэта тэндэнцыя, якая набыла папулярнасць у наш час (гл.
Снести и заново отстроить: топ 13 неудачных муляжей исторических зданий в центре Гродно). Аднак упершыню гэты метад, як мы бачым, быў выкарыстаны больш за чатыры дзясятка гадоў назад. Замест дома, у якім жыла культавая польская пісьменніца, мы маем будынак, які толькі знешне нагадвае арыгінал, бо ўнутраная планіроўка ў новабудзе стала зусім іншай. Адзіная аўтэнтычная дэталь экстэр’ера - чугунны балкон.
Разборка дома Э.Ажэшкі. На заднім плане віднеюцца абрысы дома-муляжа. 1970-я гады. Фота з фэйсбука Андрэя Вашкевіча
Хто пабудаваў дом?
Прынята лічыць, што арыгінальны будынак, у якім жыла пісьменніца, быў пабудаваны ў 1860-1870-я яе будучым мужам Станіславам Нагорскім. Апроч таго, дзе-нідзе можна сустрэць інфармацыю, што дом мог з’явіцца нашмат раней, у другой палове 18 стагоддзя. Відавочна, што тут ідзе блытаніна з драўляным будынкам кафенгаўза на Гарадніцы часоў Тызенгаўза, які знаходзіўся побач і да пачатку 19 стагоддзя апынуўся ў аварыйным стане і быў разабраны ў 1821 г.
Насамрэч дом Ажэшкі быў пабудаваны да 1866 г. камер-юнкерам імператарскага двара, ганаровым міравым суддзёй, статскім саветнікам Аляксандрам Мікалаевічам Жалтухіным.
Дом А. Жалтухіна на вуліцы Садовай. Абмерны рысунак 1874 г.
Тут, у самым цэнтры ажыўленай вуліцы, якая ў той час мела назву Садовая, драўляны дом з мансардным паверхам знаходзіўся ў атачэнні дрэваў, а ў дворыку, які цягнуўся да самай Гараднічанкі, быў пасаджаны прыгожы сад з дэкаратыўнымі дрэвамі, траўнікам і ходнікамі. У самым вуглу ўчастка знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы і лазня. Паводле архіўных дакументаў, Жалтухін валодаў домам яшчэ ў 1874 г., аднак у 1878 г. ён быў назначаны віцэ-губернатарам харкаўскай вобласці і вымушаны быў з’ехаць.
План участка. 1874 г.
Дом Нагорскага
Наступным гаспадаром нерухомасці стаў адвакат Станіслаў Нагорскі, будучы муж пісьменніцы. На вуліцу Садовую Эліза Ажэшка пераехала ў 1894 г., хоць пэўны час жыла тут яшчэ ў 1885 г., пасля таго, як пажар знішчыў яе дом непадалёк Сеннага Рынку.
Дом Ажэшкі. Фота пачатку 20 стагоддзя
Тут, у гэтым доме, пісьменніцай былі напісаны кніга апавяданняў “Меланхолікі”, аповесці “Аўстраліец” і “Ad astra”, раман “Арганаўты” і зборнік навел “Gloria victis”. На мансардным паверсе дома пісьменніцы працавала нелегальная бібліятэка, дзе праходзілі прыватныя заняткі.
Адзін з пакояў дома, дзе жыла пісьменніца. Фота пачатку 20 стагоддзя
Адзін з пакояў дома-муляжа з экспазіцыяй, прысвечанай пісьменніцы
Пасля смерці Ажэшкі ў 1910 г. яе дом атрымалі ў спадчыну спадкаемцы Максіміліян і Марыя Абрэмбскія, аднак, згодна з наказам пісьменніцы, у 1911 г. быў перададзены гродзенскаму таварыству апекі над дзецьмі.
Ганак дома Элізы Ажэшкі ў міжваенны час. Фота з архіву NAC
Дом-музей Э. Ажэшкі. Фота аўтара
У міжваенны час у будынку дзейнічала гандлёвая школа, а з прыходам савецкай улады тут адчынілі музычную школу. Пасля Другой сусветнай вайны тут у розны час размяшчаліся кантора “Аблпраекта”, станцыя пералівання крыві, дом піянераў, аддзяленне саюза пісьменнікаў. У 1858 г. у некалькіх пакоях тут адкрылі музей пісьменніцы Зараз у доме размешчаны мемарыяльныя пакоі Э. Ажэшкі і аддзел юнацкай і замежнай літаратуры абласной бібліятэкі.
Дом-музей Э. Ажэшкі. Фота аўтара
Што варта зрабіць ля дома-музея Э.Ажэшкі?
Сёння дом-музей пісьменніцы з'яўляецца адным з найпапулярнейшых турыстычных атракцый у горадзе. Штогод яго наведваюць тысячы турыстаў, у асноўным з Польшчы. Відавочна, кожны наведвальнік хоча дакрануцца да жывой гісторыі, адчуць дух і атмасферу Гродна другой паловы 19 - пачатку 20 стагоддзяў, калі пісьменніца жыла ў горадзе і пісала тут свае апавяданні. І большасць з іх чакае расчараванне: экспазіцыя музея, прысвечаная пісьменніцы, вельмі небагатая, а інтэр'еры дома нагадваюць сучасную кватэру з еўрарамонтам. Відавочна, дзеля прыцягнення турыстаў трэба выпраўляць сітуацыю.
Па-першае, варта было б аднавіць інтэр'еры пакояў. Захавалася шмат фотаздымкаў пачатку 20 стагоддзя, па якім гэта можна зрабіць.
Адзін з пакояў дома пісьменніцы. Фота пачатку 20 стагоддзя
Па-другое, аднавіць ландшафтную планіроўку ўнутранага дворыка, высадзіць дрэвы і кусты так, як гэта зафіксавана на абмерным рысунку 1874 г.
Па-трэцяе, паставіць помнік пісьменніцы. Нядаўна ў СМІ з'явілася інфармацыя аб магчымым пераносе існуючага помніка Ажэшцы бліжэй пад дом-музей пісьменніцы. Мы лічым гэтую ініцыятыву апраўданай толькі ў тым выпадку, калі будзе адноўлены будынак, на месцы якога цяпер знаходзіцца гэты помнік.
Сучасная вуліца Э.Ажэшкі. З левага боку бачны незахаваны да нашага часу дом, на месцы якога стаіць помнік пісьменніцы
У іншым выпадку, як прапаноўвае гісторык А.Вашкевіч, варта было б выліць у бронзе новы помнік Ажэшкі ў выглядзе лавы, на якой сядзіць пісьменніца. І паставіць гэты помнік за домам-музеем, каб кожны жадаючы змог сфатаграфавацца з самай знакамітай жанчынай нашага горада!