Крамы, карчма і шынок. Што насамрэч знаходзілася ў трох камяніцах на Замкавай?

Nov 02, 2019 14:21



Страчаная забудова вуліцы Замкавай. Рэканструкцыя С.Шчукін, М.Супрон

У кастрычніку гэтага года на вуліцы Замкавай распачаліся археалагічныя раскопкі. Іх мэта - вывучэнне археалагічнага слою на месцы страчанай забудовы. Пасля раскопак тут пачнецца ўзвядзенне гандлёва-офіснага цэнтру, які сваім выглядам будзе нагадваць тры старадаўнія камяніцы, якія стаялі на гэтым месцы да 1970 г. і былі зруйнаваны. Савецкае кіраўніцтва планавала ажыццявіць грандыёзны праект: цалкам знесці ўсю гістарычную забудову вуліцы Замкавай разам з палацам Храптовіча, каланчой і дзясяткам камяніц ХІХ ст. дзеля ўтварэння вялізнага скверу з клумбамі і невялікімі дрэўцамі, амаль такімі ж, якія з’явіліся на Савецкай плошчы пасля сумнавядомай рэканструкцыі 2006-2007 гг. На шчасце, грошаў на гэтыя задумкі ў гарадскіх чыноўнікаў не хапіла, і невялічкі скверых быў закладзены толькі за палацам тэкстыльшчыкаў. Цяпер жа на месцы таго скверу неўзабаве з’явяцца адноўленыя гістарычныя аб’ёмы.




Праект гандлёва-офіснага цэнтра на вуліцы Замкавай

Дом рыбацкага цэха - гарадская легенда?

У гістарычнай літаратуры трывала замацавалася думка, што адзін з дамоў, на месцы якога неўзабаве будзе ўзведзена яго копія, паўстаў у ХVІ ст. як будынак цэха рыбакоў. Фігура рыбы на завяршэнні пілястры нібыта з’яўлялася нічым іншым як эмблемай цэха. Гэтую думку ўпершыню выказала даследчыца Алена Квітніцкая ў 1959 г. у навуковым артыкуле, прысвечаным гісторыі архітэктуры Гродна. Пазней іншыя даследчыкі дапрыдумалі, што ў гэтым доме ў пачатку ХVІІ ст. жыў галава гродзенскіх рыбакоў Антоні Максімовіч.



"Домік з рыбкай" незадоўга да зноса. 1960-я гг.
Насамрэч гэта няпраўда. Камяніца “з рыбай”, як і два суседнія дамы, была ўзведзена нашмат пазней, у другой палове ХVІІІ ст. Але гэты факт не прыніжае іх гістарычнай вартасці. Наадварот, у архівах нам удалося знайсці вельмі цікавыя факты, якія смела дазваляюць сцвярджаць, што гісторыя гэтых трох будынкаў была вельмі багатая і насычаная!

Камяніца Макарэвіча (левы будынак).

Час будаўніцтва - канец 1750-х. Невялікая аднапавярховая камяніца, якая складалася з трох аб’ёмаў, кожны з якіх меў двухскатны дах і крыўся керамічнай дахоўкай, знаходзілася на самым рагу юрыдыкі віленскага біскупа Масальскага. У 1761 г. сядзібу купіў ваўкавыскі крайчы Шымон Расахацкі, а ў 1775 г. - Ян Брэніх. У 1778 г. Крысціян і Тэрэза Брэніхі прадалі яе шабельніку (майстру мечніцкіх спраў) Антону Макарэвічу. Пазней Макарэвіч прадаў частку дома, што выходзіла фасадам на вуліцу Замкавую, Шмуйлу Ліўранту, а сам пасяліўся ў іншай частцы дома, што размяшчалася з боку вул. Кляштарнай (Партыкулярнай). Тут знаходзіўся жылы пакой з каморай, драўляны склеп, маленькі пакойчык з драўлянай каморай, а на ўчастку стаяла кузня. Падчас пажару 1782 г. будынак быў пашкоджаны. У той частцы дома, якая належала Ліўранту, згарэла шмат розных тавараў на суму 30000 злотых, сярод якіх вырабы са скуры і сукна, ангельскія крэслы, гадзіннікі.  У 1833 г. нерухомасцю валодаў Іцка Я... [прозвішча ў дакуменце напісана неразборліва - М.С.], а ў 1910 г. - Эпштэйн. У 1923 - Крыньска Сара.



Тры страчаныя камяніцы на Замкавай. Фота пачатку ХХ ст.

Дом Рагоўскага (домік з рыбкай).

Будынак узведзены пасля 1753 г. Міхалам Юзафам Масальскім, літоўскім гетманам і гродзенскім старастай. У 1775-1780 гг. уладальнікам дома быў карчмар Рагоўскі. Паводле інвентара 1782 г., нерухомасць належала Горчаку і Рагоўскаму. З боку вуліцы пры доме была крама. Унутры будынка знаходзіліся сені і кухня, побач - “ізба вялікая”, якая, меркавана, выкарыстоўвалася як карчма. З ізбы быў выхад на лесвічную клетку, адтуль можна было спусціцца ў скляпеністыя падвалы, дзе знаходзілася вінярня. З гэтай жа лесвічнай клеткі вялі сходы на гару, дзе знаходзіўся вялікі доўгі пакой. Дах будынка быў накрыты гонтам. Паводле дакумента 1833 г., будынак належаў «крэдыторам Ёнаса Ст... [прозвішча ў дакуменце напісана неразборліва - М.С.]». У 1910 г. будынкам валодаў Эпштэйн, а ў 1923 - Крыньска Сара. У міжваенны час будынак выкарыстоўваўся ў якасці карчмы і гандлёвай крамы. У 1950-х гг. быў даследаваны А.Квітніцкай. Даследчыца звярнула ўвагу на памер цэглы-пальчаткі, з якой быў пабудаваны дом: 31х15х6 см, што дазволіла ёй датаваць будынак 18-м стагоддзем.



А што з рыбкай? На нашу думку, выява рыбы на фасадзе дома - сведчанне таго, што будынак выкарыстоўваўся ў якасці месца грамадскага харчавання. Вельмі падобную выяву рыбы мы сустрэлі на будынку былой карчмы ў аўстрыйскім горадзе Крэмс.



Выява рыбы, г. Крэмс


Рыбы з фасаду карчмы Рагоўскага. Захоўваецца ў гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі
Шынок Лейбовіча (правы будынак).

Час будаўніцтва - пасля 1753 г. Паводле дадзеных 1782 г., дом належаў Райне і яе сыну Эллі Лейбовічам. У будынку знаходзіўся шынок, а збоку ад вуліцы - крама. Над імі, на другім паверсе, былі два пакоі. Пад мураваным домам былі тры мураваныя скляпы. Другая палова дома была драўлянай. Тут на першым паверсе размяшчаліся жылыя пакоі і камора, а на другім - чатыры пакоі і невялікая заля. Увесь будынак размяшчаўся пад адным дахам і быў крыты дахоўкай. У 1833 г. дом належаў нашчадкам Шмуйлы Длугача. У 1910 г. нерухомасцю валодаў Лапінер, у 1923 - Ашэровіч. У міжваенны час будынак быў капітальна перабудаваны: пашыраны ў аб’ёме, дабудаваны другі паверх.

Падсумаванне

Як бачым, два дамы ад самага пачатку выкарыстоўваліся ў якасці аб’ектаў грамадскага харчавання. У памяшканні карчмы дома Рагоўскага можна было пасядзець з сябрамі і пагаварыць аб штодзённых праблемах, выпіць віна,якое захоўвалася ў мураваным падвале, а ў шынку Лейбовіча замовіць штосьці паесці і заночыць на мансардным паверсе, або ў іншых будынках, якія знаходзіліся на тэрыторыі гэтага ўчастка.

Фактычна, карчма Рагоўскага з’яўлялася адной з найстарэйшых месцаў грамадскага харчавання ў Гродне, якая выкарыстоўвалася па свайму прызначэнню да прыходу савецкай улады. Амаль двесце гадоў! Было б добра, каб новыя ўласнікі працягнулі гэтую традыцыю.

P.S. Вышэй прыведзеная інфармацыя была адшукана ў рамках практа па навукова абгрунтаванаму аднаўленню страчанай забудовы квартала вуліц Замкавай і Кляшторнай, над якім мы працавалі разам с Сяргеем Шчукіным (нечакана досыць доўга). Цягам бліжэйшага часу праект будзе апублікаваны. Дзякуй усім неабыякавым за дапамогу!

рэканструкцыя, Гродна

Previous post Next post
Up