Гістарычныя звесткі пра будаўніцтва ў к. XVI ст. мураванага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі (фары Вітаўта) ў Гродне ў значнай ступені міфалагізаваны. Да гэтага часу гісторыкі спрачаюцца аб тым, хто ўсёж-такі спраектаваў гэты храм. Справа ў тым, што ў пісьмовых крыніцах не ўзгадваецца імя архітэктара, а сярод “кандыдатаў” на гэту ролю ў гістарычнай літаратуры прэтэндуюць тры італьянцы: Санці Гучы, Антоні Дзікрып і Джавані Марыя Бернардоні.
Санці Гучы быў прыдворным архітэктарам караля Стэфана Баторыя. Упершыню інфармацыю аб тым, што Гучы ўзвёў новы мураваны парафіяльны храм у Гродне прывёў у 1969 г. Анджэй Фішынгер у сваёй манаграфіі “Santi Gucci, architekt i rzeźbiarz królewski XVI wieku”. Абапіраючыся ў сваім даследванні выключна на законы логікі, гісторык робіць дапушчэнне, што кароль, імкнучыся пабудаваць ў Гродне велічны храм, а ў ім - сваю ўсыпальніцу, мог даручыць будаўніцтва толькі свайму ўлюбёнаму архітэктару. Гэтая гіпотэза, безумоўна, заслугоўвае ўвагі, аднак патрабуе канкрэтных дакументальных доказаў, якіх няма на дадзены момант. Варта сказаць, што Фішынгер, на нашу думку, зрабіў памылковае сцверджанне, што менавіта пад кіраўніцтвам Санці Гучы быў перабудаваны гродзенскі Стары Замак у рэнесансным стылі, паколькі ў пазнейадшуканых пісьмовых крыніцах фігуруе імя іншага архітэктара - Скота з Пармы.
У літаратуры часта згадваецца, што архітэктарам Фары Вітаўта быў італьянец Антоні дэ Кгрып (Дзікрып, дэ Грота, дэ Грэта). Гэтая інфармацыя не пацвярджаецца пісьмовымі крыніцамі. Больш таго, у дакументах таго часу дэ Кгрып называецца “мулярам”, што сведчыць аб тым, што ён быў выканаўцам будаўніцтва касцёла.
А вось версія таго, што фара Вітаўта была ўзведзена па праекту Джавані Марыя Бернардоні (у польскай традыцыі - Jan Maria Bernardoni) заслугоўвае найбольшай увагі. Але аб усім па парадку.
У 1984 беларускім даследчыкам Г. Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. Вернадскага (Кіеў) быў адкрыты зборнік архітэктурных чарцяжоў XVI-XVII стст., датычных Беларусі. Некаторыя спецыялісты (Г. Галенчанка, Т. Габрусь) даводзяць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бернардоні. Сярод архітэктурных планаў нясвіжскага касцёла Божага Цела і езуіцкага калегіўма, што мясціўся ля яго, нясвіжскай ратушы, клецкага касцёла, у гэтым альбоме прысутнічае праектны чарцёж з подпісам лацінскімі літарамі на беларускай мове “План касцёла гродзенскага”. Пры дэтальным аналізе малюнкаў згаданых планаў, даследчыца Тамара Габрусь прыйшла да высновы, што “адзінства логікі творчага мыслення, канструкцый і кампазіцыйных прыёмаў, якія выкарыстоўваліся, агульнасць архітэктурнай графікі даюць падставы сцвярджаць,што менавіта Бернардоні з’яўляецца стваральнікам праектаў не толькі касцёла езуітаў у Нясвіжы, але і фарнага ў Гродне”. Іншымі словамі, большасць праектных малюнкаў, за выключэннем некалькіх пазнейшых аркушаў, якія былі падшыты ў альбом, зроблены рукой аднаго чалавека - Джавані Бернардоні.
Праектныя планы касцёлаў у Нясвіжы, Гродне і Клецку з альбома Дж. Бернардоні
Супаставіўшы гэты факт з біяграфіяй геніяльнага дойліда, мы знайшлі мноства супадзенняў, якія толькі падмацавалі гіпотэзу аб датычнасці Бернардоні да праектавання і будаўніцтва гродзенскай фары Вітаўта:
1. Джавані Марыя Бернардоні (1541-1605 гг.) быў манахам ордэна езуітаў, прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве храма Іль Джэзу ў Рыме - легендарнай каталіцкай святыні, пабудаванай у духу маньерызму, якая даволі блізка прадвяшчала эстэтыку барока (пазней царква была прынята за канон для езуіцкіх храмаў па ўсёй Еўропе, асабліва ў Рэчы Паспалітай). У 1583 г. майстар прыехаў у Рэч Паспалітую і затрымаўся ў Любліне, дзе прыняў удзел у праектаванні і будаўніцтве кафедральнага касцёла і калегіума езуітаў. Будынак быў узведзены ў маньерыстычным стылі, меў вельмі незвычайна прыгожы і наватарскі выгляд. Пазнейшыя падзеі паказваюць, што італьянец адразу займеў добрую рэпутацыю і славу.
Якраз у гэты час кароль Стэфан Баторый загарэўся ідэяй запрасіць у Гродна езуітаў, сваю ўлюбёную рэзідэнцыю, і пабудаваць для іх тут небывалай прыгажосці храм, дзе ў будучым манарх пажадаў быць пахаваным пасля смерці. Зразумела, што будаваць святыню для езуітаў меў права толькі архітэктар-езуіт (гэту тэндэнцыю мы заўважаем на прыкладзе ўзвядзення пераважнай большасці езуіцкіх храмаў). Як мы ведаем, найбольш тытулаваным прадстаўніком гэтага манаскага ордэну ў справе архітэктуры ў Рэчы Паспалітай на той час быў менавіта Бернардоні.
2. Час ўзвядзення фары Вітаўта - 1584-1587 гг., і гэтыя храналагічныя рамкі супадаюць з часам заканчэння будаўніцтва люблінскага касцёла езуітаў (1584 г.) і годам пачатку будаўніцтва нясвіжскага езуіцкага касцёла (1587 г.) пад кіраўніцтвам Бернардоні.
3. Даследчык Аляксей Шаланда заўважае, што Бернардоні, хутчэй за ўсё, з’яўляўся земляком Антонія дэ Кгрыпа (нібыта абое нарадзіліся ў Міланскім княстве). Муляр Антоні дэ Кгрып прыехаў у Гродна ў 1580 г. па запрашэнню караля і зрабіў вялікі ўнёсак у перабудову каралеўскага замка і фарнага касцёла. Існуе вялікая верагоднасць, што абое італьянцы ведалі адзін аднаго. Калі гэта так, дык ці не магло здарыцца так, што Антоні падказаў манарху запрасіць у Гродна езуіта Бернардоні?
4. Шматлікія архітэктурныя дэталі і прыёмы, якія выкарыстаны пры ўзвядзенні фары Вітаўта, з’яўляліся на той час унікальнымі і наватарскімі для архітэктуры Вялікага княства Літоўскага. У прыватнасці, канструкцыя храма мела структуру “несапраўднай базілікі”, г. зн. што сярэдні неф быў вышэй за бакавыя, але меў агульны з імі дах. Фара Вітаўта з’яўлялася свайго роду для ВКЛ протабазілікай, якая папярэднічала з’яўленню кананічнай для сакральнай архітэктуры барока крыжова-купальнай базілікі. Цікава, што храм Іль Джэзу - галоўная святыня ордэна езуітаў - мела форму базілікі. Больш таго, многія архітэктурныя дэталі, якія прысутнічалі ў аздабленні фары Вітаўта (пілястры, паясы), у дакладнасці паўтаралі дэкарацыю з Іль Джэзу, якія, у сваю чаргу, былі запазычаны архітэктарам гэтага храма, Джакама да Віньёла, з антычнай архітэктуры і з’яўляліся візітоўкай гэтага творцы. Гэты факт можа сведчыць аб тым, што архітэктар гродзенскай фары быў блізка знаёмы з архітэктурнай творчасцю Віньёлы. Як мы ўжо ведаем, Дж. Бернардоні быў яго вучнем.
Асновы пілястраў храмаў Іль Джэзу ў Рыме, фары Вітаўта ў Гродне і езуіцкага касцёла ў Кракаве
Некаторымі даследчыкамі выказана думка, што архітэктура фары Вітаўта не мае нічога агульнага па свайму характару з тэматыкай творчасці Дж. Бернардоні. Але тут важна ўсвядоміць, што Бернардоні з’яўляўся эксперыментатарам. Амаль кожны сакральны будынак, спраектаваны ім, быў непаўторны (выключэнне - касцёл Божага Цела ў Нясвіжы і Апосталаў Пятра і Паўла ў Кракаве) і меў свой непаўторны знешні выгляд. Увогуле, творчую спадчыну італьянскага архітэктара прадстаўляюць каля дзясятка сакральных будынкаў. Сярод іх: кафедральны касцёл у Любліне, езуіцкі касцёл у Калішу, езуіцкі касцёл і калегіум у Нясвіжы, езуіцкі касцёл Св. Пятра і Паўла ў Кракаве, касцёл і кляштар у Кальварыі. Акрамя таго, Джавані Бернардоні прымаў удзел у праектаванні яшчэ некалькіх будынкаў з іншымі архітэктарамі. Несумненна, Бернардоні пакінуў пасля сябе нашмат большую спадчыну. У прыватнасці, яму прыпісваецца будаўніцтва касцёла Св. Тройцы ў Клецку, ратушы і як мінімум двух касцёлаў у Нясвіжы, аднак на сённяшні дзень мы не можам гэтага даказаць.
Пры больш дэтальным аналізе выяў Фары Вітаўта і іх параўнанні з фотаздымкамі некаторых архітэктурных твораў Джавані Бернардоні, якія захаваліся да нашага часу ў нязначна змененым выглядзе, або захавалі свае першапачатковыя рысы, намі былі заўважаны некаторыя вельмі важныя канструктыўныя дэталі, якія канчаткова пераконваюць нас у тым, што менавіта гэты архітэктар спраектаваў гродзенскі каталіцкі храм.
Па-першае, усе храмы Бернардоні маюць структуру базілікі (у выпадку гродзенскай фары і люблінскага кафедральнага касцёла гэта “псеўдабазіліка”) з адасобленай апсідай прэсбітэрыя (у выпадку Каліша і Гродна - гранёнай).
Планы касцёлаў у Калішы, Гродне і Нясвіжы.
Па-другое, першыя святыні, пабудаваныя Бернардоні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, мелі характар маньерызму (Люблін, Гродна, Каліш).
Маньерыстычны касцёл у Любліне на гравюры 1618 г. і вельмі падобны на яго касцёл п.п. XVII ст. у Голэмбе (знаходзіцца ля Любліна)
Па-трэцяе, асноўнай “фішкай” усіх храмаў з’яўляецца аздабленне фасадаў і сценаў вялікай колькасцю пілястраў (пілястраў-контрфорсаў). Вельмі важным момантам з’яўляецца той факт, што пілястры пры ўваходзе ў кафедральны касцёл ў Любліне, якія захаваліся нязменнымі да пасляваеннай рэканструкцыі, як мы мяркуем, з моманту будаўніцтва храма, злучаліся зверху лучковымі аркамі (пазней будынак некалькі разоў перабудоўваўся і страціў свой першапачатковы выгляд) ідэнтычныя пілястрам-контрфорсам з гродзенскай фары Вітаўта. Варта сказаць, што падобны архітэктурны прыём не сустракаецца больш нідзе ў архітэктуры к. XVI ст.
Пілястры, завершаныя лучковымі аркамі ў гродзенскім (злева) і люблінскім касцёлах (справа) ідэнтычныя.
Па-чацвёртае, практычна на ўсіх храмах, узведзеных гэтым італьянскім архітэктарам, у завяршэнні асноўнага яруса размяшчаўся дэкаратыўны прафіляваны карніз антычнага ўзору. Як мы ўжо адзначылі ніжэй, гэты элемент быў пазычаны наўпрост з царквы Іль Джэзу ў Рыме.
Прафіляваны карніз з інтэр'ерапаезуіцкага касцёла ў Калішы
Прафіляваны карніз на фасадах касцёлаў у Іль Джэзу, фары Вітаўта, Пятра і Паўла ў Кракаве, Божага цела ў Нясвіжы і паезуіцкага ў Калішы.
Партал паезуіцкага касцёла ў Калішы і кавалак мяркуемага партала фары Вітаўта, знойдзены летась падчас земляных работ.
Як бачым, фара Вітаўта з’яўляецца не выключэннем у мастацкай спадчыне архітэктара, а, хутчэй, паслядоўным перыядам, прыступкай у яго творчасці. Красамоўным пацвярджэннем гэтаму з’яўлекцца той факт, што незадоўга да заканчэння будаўніцтва касцёла, які планавалася перадаць езуітам (гэтая ідэя не была ажыццёўлена, паколькі езуіты ўсё-такі перадумалі сяліцца ў Гродне), творчасць Бернардоні была па заслугах ацэнена Мікалаем Радзівілам Сіроткай, які запрасіў архітэктара ў Нясвіж для будаўніцтва езуіцкага касцёла.
Асноўнай адметнасцю гродзенскага фарнага касцёла з’яўляецца мастацкае спалучэнне, з аднаго боку, модных архітэктурных павеваў з Рыму, і, з другога, традыцыйных горадабудаўнічых густаў, сфармаваных пад уздзеяннем шматвекавога ўплыву гатычнай нямецкай архітэктурнай школы.
Абрысы Фары Вітаўта на абмерным плане 1803 г. і праектным плане к. XVI ст.
Аналізуючы праектны план фары Вітаўта з абмерным планам 1803 г., можна заўважыць, што будынак быў узведзены з пэўнымі карэкціроўкамі. Так, на праекце паказаны вялікі лесвічны блок з двухмаршавай лесвіцай па правы бок ад галоўнага парталу, і круглая ў плане маршавая, якая размешчана на паўночным баку храма. Абедзве лесвіцы вялі на эмпоры над бакавымі нефамі, але відавочна, што тут, у праекце, Бернардоні не ўлічыў мясцовай гатычнай традыцыі ўзвядзення вежаў з вітымі ўсходамі, круглымі ў плане. У натуры лесвіцы былі размешчаны ў тых жа месцах, але выкананы інакш, што можа сведчыць пра дасягнуты кампраміс паміж архітэктарам і падрадчыкамі (прадстаўленага па сваёй большасці, як мы мяркуем, нямецкімі майстрамі): вітыя ўсходы (круглыя ў плане) былі ўкамплектаваны ў чацверыкі, і звонку выглядалі так, як было задумана аўтарам. А вось наяўнасць відавочных элементаў з іншага стылю - гатычных стральчатых вокнаў, гатычных шасцівугольных у плане гранёных калон унутры храма - свядомы выбар замоўцы (караля), прадыктаваны густам мясцовых адміністратараў.
Як бачым, менавіта Джавані Марыя Бернардоні з’яўляецца найбольш верагодным архітэктарам касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гродне, аднак з-за адсутнасці на дадзены момант якіх-небудзь пісьмовых крыніц даказаць гэта пакуль не ўяляецца магчымым. Ад сябе хочам дадаць, што мы проста перакананы ў тым, што фару Вітаўта ўзвёў італьянец Бернардоні.
архитектор Фары Витовта, Джованни Мария Бернардони, Антони Дикрип, маньеризм, kościół, Grodno, Grodnie, Fara Witoldowa, Jan Maria Bernardoni, mularz Antoni de Groto, manieryzm