![](https://lh3.googleusercontent.com/KbPEnS1hMDH8LZ1s9jFLfAPswfn9wA9OEp5dUwOkY8J0oitc0GwQXU6ZFOGrTywbGx4VgAAjAX7HHiZnHErqM40a9Oc2Le48bx2U2A2sDN-ue0tOIlXBOv3s-s4c5mF2E81pjtgloRCPKY0wFY2NvV0L6hLvtST6fviZtOOUvSFAOWhrLVZ0Wn_H9K95voJytMwNvIqHGgG-c0dKy7NtLo_dzUotxA5yfdUUjdAkuU_bfzW9JtMkYUO2IhnhbYD5_xxUFsNqEH2Wbo-TAzGzZaCaL6UAa1iq5Mx8g45T-HfYqgTlp6wMIoV9YL-hGVsz3sf8_yvA1NNPcRfSKgtbz_DJwXLdPu2v1bhxr0Cta_fhEu58v35YzD_6x8bpLYSSIUYhpJ4NYZeo-0Lc2xf1XH_Q-BPzrgp5VGCuMfSH19XoGKpwFVA-_ZU8jI2lItFau4Grj55r2AFOjsu2w7ZWEGRYiKFKUBtysT8dgfoSuJRFeMg21aNBaqNrYV_l-57fSy3Mo3mZVZ3J3CTFyXsx_xL2ZsmxFCb7Zc6vrqbLzkRFTeYwZlNApe8qZNDwg-0fIBzwNZMn5-L9RLcK5UH4ruIAAn8kbrc24Kq7sKk=w910-h760-no)
Падчас працы ў архіве з "даваеннымі" дакументамі (тут я маю на ўвазе вайну 1812 г.) час ад часу трапляюцца звесткі пра "бывшую пивоварню Тызенгауза", або "бровар по Тызенгаузу", "казённую пивоварню" і г.д. Доўгі час я не ведаў нават прыблізнага размяшчэння гэтага будынка, пакуль маю ўвагу не прыцягнуў "План каменному строению называемому винокурней Тызенгауза имеющему своё положение в городе Гродне на улице Подольской ..." складзены ў 1810 г. губернскім архітэктарам. Размяшчаўся бровар ля берага Нёмана.
Пры падрабязным вывучэнні планаў к. 18 ст. стала зразумела, што ён знаходзіўся у самым канцы вул. Падольнай:
Больш таго (!) гэты будынак захаваўся і цяпер. Здагадаліся што за ён?
Вось ён на заднім плане справа стаіць без даху, фотаздымак 1861 г.:
А вось ён жа ў 1917 г. (справа):
Ну дык вось, да нядаўняга часу гэты будынак захаваўся амаль у такім стане, як паказаны на фотаздымках, аднак некалькі год назад яго няўдала рэканструявалі, зрабіўшы з яго шматфункцыянальны агракомплекс, народная назва якога "Веранда" - з-за аднайменнага кафэ, якое займае першы паверх (апошнім часам у горадзе ўсё часцей пачалі з'яўляцца падобнага роду ўстановы з аграрнымі назвамі). Шкада, што новыя ўладальнікі нават і падумаць не маглі, што іншая назва, якая наўпрост была б звязана з гісторыяй гэтага будынка (з гісторыяй КАРАЛЕЎСКАГА горада, ў якім праходзіў кожны трэці СОЙМ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ) напрыклад "Тызенгаўз", або "Стары бровар" з маркетынгавага боку гучала нашмат прыцягальна. Вось так, дарэчы, былы бровар выглядае цяпер. Адным словам, веранда:
Што да гродзенскіх бровараў у 18 ст. Аказваецца, у горадзе ў той час было некалькі дзясяткаў бровараў. Звычайна яны былі невялікія прыватныя і манастырскія, аднак меліся і вялікія. Найбуйнейшымі з іх былі: вышэй згаданы бровар Тызенгаўза на Падоле (выдзелены чырвоным), бровар браніфратараў (выдзелены жоўтым) - дарэчы гэты будынак ў значна змененым выглядзе захаваўся таксама, і два бровары ля Гараднічанкі (фіялетавы і зялёны колеры). Сінім колерам пазначаны палац Вольмера (Агінскага), які ў др.п. ХІХ ст. быў перабудаваны ў піўзавод (уласнік - Іосіф Кунц).
![](https://lh3.googleusercontent.com/AEsUmljTymrkNbFLmzyCyCO2SEdnxhDXQvjQ6jvWLNv1w0-PN16vdHD4OitK_kW2fff3SoVQZHtKo_3x9tyJb9g0vSICrv7931YmyaEhg0akmNW3U7-MswAIm-Rf1XyAf0Co0sLamv-QKLZPRYKl3uUSNjfvbdsB6A_Wb7qpfVk9UusTg8wLDV70EIOwNCFBvT7dI-WwFh9Lq-urc0upyzvKyiinzeXPqzcQXB18J_rdoGSP6udWGAtO39zL-nSRtU3hdKWfYbbaegIOmhoFsLvztanWgJHarh42Dt6kYAFXIBrmw-OInSDFA5zv9il-Q80QFpYjZWR8mZ9Uq0drGQ0F6xNlsXxQQmKm_5k-Q40x2KvpyDUNk56lxrw25CX-1vnOffBpm8ulhDFk9m8qkDU21-D4H-I93Zi-rIeS4Atl1WZSXLi3vadx7vFa0x3Jf_CaWUMUKWK80awH5rKpMHGYoUrAHPWsyA6dQwYzaELZY9x3dz5k3HT0Ib8NvRhL30AVLgNcymqwZ4rYeLXNR6b1wsxg61zJBX92I8d8nkr5yVdonmPaolAS5oap28JYtC5FICQ-V9Qi0uJQnrjbfIESXRIsMGY3l_A71qo=w920-h622-no)
план 1798 г.