Будынак лясной адміністрацыі

Nov 16, 2017 01:22



Да нашага часу на Гарадніцы захавалася меньш дзясятка будынкаў былога горадабудаўнічага комплексу (у XVIII ст. іх налічвалася звыш 80-ці). Адным з іх з'яўляецца будынак былой лясной адміністрацыі, які ў хуткім часе будзе рэканструяваны (ці рэстаўраваны?), што не можа не цешыць, паколькі стан яго вельмі занядбалы.




Будынак унікальны тым, што збудаваны па прынцыпу фахверкавай канструкцыі ў 1770-я гг. і захаваўся да нашага часу без якіх-небудзь значных канструктыўных змяненняў. Дызайн збудавання вытрыманы ў мінімалістычным стылі, але, разам з тым, высокі барочны дах з мансардамі на тарцовых фасадах з’яўляецца асноўным элементам кампазіцыі. У мінулым на даху меліся чатыры мансарды, але яны дзве з іх не захаваліся да нашага часу:



Будынак лясной адміністрацыі ў к. XVIII ст., рэканструкцыя.
Яшчэ адной унікальнасцю будынка з'яўляецца тое, што ён - адзіны захаваны з серыі тыпавых архітэктурных праектных вырашэнняў на Гарадніцы. Мы ведаем аб наяўнасці ў мінулым яшчэ як мінімум шасці аналагічных пабудоў. Адна з іх, рэзідэнцыйная афіцына, знаходзілася далей на некалькі дзясяткаў метраў на ўсход і была размешчаны ля ўвахода ў будынак тэатра. У др.п. ХІХ ст. згаданым будынкам валодаў Мечыслаў Вірыён, прыстасаваўшы яго пад арэнднае памяшканне, галоўным чынам для артыстаў тэатра.



Дом М. Вірыёна. Праект перабудовы, 1870-я гг.
Пасля серыі перабудоў дом Вірыёна набыў выгляд, тыповы для архітэктуры к. ХІХ - пач. ХХ ст. і сваім выглядам мала чым нагадваў свайго субрата. Толькі арыгінальнае мансарднае вакно захавалася з боку тэатра:



Дом Вірыёна, 1915 г.
Дом Вірыёна паспяхова перажыў дзве вайны і знаходзіўся ў выдатным стане, аднак, нягледзячы на гэта, па невядомай прычыне быў зруйнаваны ў 1980-х гг.



Дом Вірыёна ў 1970-х гг. Фотаздымак з архіву Н. Дораш

Акрамя згаданага дома, за лютэранскай кірхай знаходзіўся цэлы міні-комплекс вельмі падобных пабудоў, узведзеных першапачаткова ў якасці казармаў. На размешчаным ніжэй плане яны пазначаны пад лічбамі 39, 40, 41, 42 і 43 (лічбамі 6 і 7 - рэзідэнцыйная афіцына і будынак лясной адміністрацыі):


Вядома, што усе пяць будынкаў казармаў мелі вельмі падобную планіроўку і памеры. Напрыклад, будынак пад нумарам 39 меў шырыню 16,5 м, а даўжыню - 24,2 м, будынак № 40 - 16 м / 24,5 м, № 42 - 16,35 м / 24,5 м, № 43 - 16,35 м / 24,2 м. Вышыня двух паверхаў (ад зямлі да узроўня даху) ва ўсіх будынках складала 6,1 м. Характэрна, што вышыня двух паверхаў у будынку лясной адміністрацыі аналагічная, праўда, параметры контураў крыху адрозніваюцца (12,3 м / 23, 45 м)



Будынкі № 39, 42 і 43 на малюнку А. Тодта 1789 г.
Да 1780 г. будынкі казармаў выкарыстоўваліся як майстэрні. З прыходам Расеі яны зноў былі заняты пад казармы і паступова прыйшлі ў заняпадак. Да 1822 г. з пяці будынкаў захаваліся чатыры (№41 згарэў незадоўга да гэтага часу, № 39 быў моцна перабудаваны, № 42 быў напалову развалены). Цалкам казармы былі разбураны недзе паміж 1832 і 1864 гг. (інфармацыя патрабуе ўдакладнення).



Комплекс казармаў на планах 1780 г., 1812 г., і 1832 г.

Гарадніца, Тызенгаўз, Городница, официна, казармы, Гродно, Гродна, Grodno, Horodnica, kaziematy

Гараднічанка, рэстаўрацыя

Previous post Next post
Up