Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Фара Вітаўта) - несумненна, адзін з найпрыгажэйшых культавых будынкаў, якія існавалі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Пабудаваны ў 1584-1587 гг. па замове караля Стэфана Баторыя, будынак храма на працягу амаль чатырох стагоддзяў некалькі разоў цярпеў ад пажараў, але ў выніку рамонтаў працягваў сваё існаванне.
Пасля перадачы будынка касцёла праваслаўнай царкве ў 1804 г. і нязначных перабудоў архітэктурны воблік храма ў цэлым заставаўся амаль нязменным. Сярод змяненняў аб’ёмна-планіровачнага характару ў ХІХ ст. варта назваць пашырэнне прыбудовы з боку вуліцы Замкавай у пач. ХІХ ст., дзе асвяцілі храм у гонар Мікалая Цудатворцы, павышэнне даху і надбудову неабарочнага атыка з боку алтарнай часткі.
Аб тым, што сцены будынка да к. ХІХ ст. захоўвалі арыгінальныя рысы першапачатковага храма к. XVI ст., сведчаць словы брэсцкага праваслаўнага епіскапа Аўрамія, зафіксаваныя ў дакуменце. У 1880-х гг. ён пісаў: “В настоящее время собор находится в таком виде: стены готического стиля 15-16 вв. с наружными колоннами и арками представляют прочное здание изящной лёгкой архитектуры, обезображенное по местам пристройками и прилепками позднейшего происхождения, с неуклюжей громоздкой и крутой крышей, не осененной даже крестом, с пристроеным на фасаде алтаря фронтоном костельного вида. […] Внутри: стены здания своими незакрытыми пустыми нишами, вмещавшими некогда латинские престолы и скульптурные изображения теперь напоминают только красоту бывшего костёла”.
Пасля брутальнай рэканструкцыі храма ў 1896-1899 гг. у псеўдарускім стылі аўтэнтычны воблік будынка быў назаўсёды страчаны. У 1919 г. былы касцёл быў вернуты каталікам і пасля рэканструкцыі 1936 г. храму быў нададзены псеўдагатычны воблік (арх. А. Сасноўскі). Асноўная прычына, чаму касцёл падчас апошняй перабудовы не атрымаў аўтэнтычны выгляд - адсутнасць на той момант якіх-небудзь пераканаўчых графічных крыніц. Гісторыкі ўпершыню змаглі даведацца як выглядаў будынак толькі напрыканцы 1980-х гг., калі была апублікавана гравюра Т. Макоўскага.
На сённяшні момант існуе як мінімум пяць аўтарскіх мадэляў рэканструкцыі першапачатковага выгляду касцёла, якія паміж сабой моцна розняцца. У дадзеным матэрыяле мы не будзем аналізоўваць якую-небудзь з іх, а ахарактарызуем наяўныя графічныя крыніцы па гісторыі Фары Вітаўта і, у сумяшчэнні з метадам аналогій, паспрабуем самі паказаць найбольш верагодны воблік храма ў к. XVI ст.
Усе графічныя крыніцы, дзе адлюстраваны Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, можна падзяліць на пяць відаў: гравюры, малюнкі, абмерныя рысункі, фотаздымкі і праектныя планы. Найбольш дакладнымі і, што найперш важна, каштоўнымі, з прадстаўленых відаў крыніц вылучаюцца фотаздымкі і абмерныя рысункі. Значна меншай дакладнасцю характарызуюцца малюнкі, а яшчэ меншай - гравюры.
Ніжэй мы паказалі найбольш важныя з вядомых нам крыніц, дзе адлюстравана Фара Вітаўта, у храналагічнай паслядоўнасці. Паспрабуем трохі ахарактарызаваць кожную з іх:
Мал. 1
1. Гравюра Т. Макоўскага 1600 г. Гэта ўнікальная выява, якая паказвае Фару Вітаўта пасля яе перабудовы ў цагляны храм. Фара тут прадстаўлена галоўнай архітэктурнай дамінантай горада ў выглядзе вялізнага храма з высокай шмат’яруснай вежай, масіўным дахам і выступам з правага боку - прэсбітэрыем. У нашым
нядаўнім матэрыяле, дзе ахарактарызоўваліся графічныя крыніцы па Старым замку, мы прыйшлі да высновы, што дадзеная гравюра змяшчае шэраг яўных недакладнасцяў. Так, вежа Фары Вітаўта прадстаўлена як пяціярусная, дзе апошні ярус шырэйшы за папярэднія, а з правага боку да вежы прымыкаюць контрфорсы, на паўднёвым фасадзе замест пяці паказаны сем вокнаў. Гэтыя моманты, на нашую думку, не адпавядалі рэчаіснасці.
2. Гравюра, апублікаваная ў 1688 г. у кнізе Theatrum Cosmographico-Historicum Secundum аўтарства Jakob Koppmayer, адлюстроўвае панарамны выгляд правабярэжнай часткі Гродна п.п. XVI ст. Нягледзячы на знешняе падабенства з гравюрай Макоўскага, гэтая выява змяшчае шэраг дэталяў, якія могуць сведчаць аб яе
незалежным паходжанні. Так, вежа Фары Вітаўта мае характэрнае звужэнне ярусаў пры пад’ёме ўверх, а паўднёвы фасад храма мае пяць вокнаў, што, у адрозненне ад гравюры Макоўскага, з’яўлялася праўдай.
3. Малюнак-панарама з плана пач. XVIII ст. Сілуэт Фара Вітаўта на гэтай выяве ўгадваецца адразу, хоць спосаб падачы многіх архітэктурных аб’ектаў тут выглядае вельмі спрошчана і схематычна. Фарны касцёл паказаны ў выглядзе вялікага двухпавярховага будынка, у якога на завяршэнні вежы адсутнічае купал. Пісьмовыя крыніцы згадваюць аб тым, што храм моцна пацярпеў ад пажару ў пач. XVIII ст. Да будынка з правага боку прымыкае чатырох’ярусная вежа, заходні бок якой змяшчае на кожным з ярусаў па аднаму вакну, а паўднёвы - па два. Сярод канструктыўных элементаў варта звярнуць увагу на чатыры лучковыя аркі, якія размешчаны ў завяршэнні сценаў паўднёвага фасада.
4. Малюнак Ганны Тышкевіч (Anny Tyszkiewicz), выкананы ў к. XVIII ст., адлюстроўвае касцёл, які апынуўся ў занядбаным стане пасля пажара 1782 г. Графічная крыніца каштоўная тым, што з’яўляецца першым вядомым нам творам выяўленчага мастацтва, дзе Фара Вітаўта адлюстравана крупным планам. Аднак у выяве Фары прысутнічаюць дыспрапорцыі і скажэнні, якія не дазваляюць у поўнай меры ўявіць сапраўдны воблік храма. Так, будынак касцёла, памеры якога яўна заніжаныя, павернуты да гледача паўднёвым бокам, у той час як вежа - заходнім, ствараючы тым самым ілюзію таго, што прымыкае пад вуглом 45° да цэнтральнай часткі храма.
5. Абмерны рысунак 1803 г. Найкаштоўнейшая графічная крыніца, якая фіксуе стан храма напярэдадні яго перадачы праваслаўным. Тут паказаны план будынка, рысунак паўднёвага фасада і папярочнага разрэза. Адзіны яе недахоп - слабая дэталізаванасць і ў значнай меры спрошчанасць.
6. Копія абмернага рысунка п.п. ХІХ ст., перамаляваная архітэктарам М. Чагіным пасля 1892 г. Графічная крыніца фіксуе тыя змяненні аб’ёмна-планіровачнага характару, якія мелі месца пасля перабудовы каталіцкага храма ў праваслаўны Сафійскі сабор ў пач. ХІХ ст. Фара Вітаўта за кошт паніжэння канструкцыі даху і верхняга яруса вежы, а таксама надбудовы на вежы купала з высокім шпілем, набыла рысы класіцызма.
7. Абмерны рысунак прыблізна 1860 г. Тут паказаны храм пасля рамонтаў сяр. ХІХ ст. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на атык над алтарнай часткай, які быў надбудаваны ў 1859-60 гг. па праекту віленскага архітэктара Ф. Тышэцкага.
8. Фрагмент панарамнага фотаздымка Гродна 1861 г. Першая вядомая фотаграфічная выява Фары Вітаўта.
9. Малюнак Н. Орды 1867 г. Нягледзячы на нязначную скажонасць асобных архітэктурных дэталяў на выяве храма, гэтая крыніца выдатна дапаўняе наяўныя графічныя матэрыялы сваёй дэталізаванасцю і колеравай расфарбоўкай.
10. Фотаздымак, зроблены ў к. 1870-х - пач. 1880-х гг. Надзвычай унікальная выява Фары Вітаўта, якая дазваляе больш падрабязна разглядзець дробныя архітэктурныя дэталі будынка.
11. Фотаздымак, зроблены, па ўсёй бачнасці, у 1892 г. адразу пасля пажару, у выніку якога быў страчаны дах храма разам з скляпеннямі, а таксама купал вежы.
12. Фотаздымак, зроблены прыблізна ў 1894 г. з вельмі рэдкага ракурса. Тут мы бачым заходні фасад храма. Сам будынак, па ўсёй бачнасці, падвергся частковай разборцы, паколькі над прэсбітэрыем адсутнічае атык.
Немалаважную ролю ў зразуменні некаторых планіровачных і канструктыўных момантаў Фары Вітаўта адыгрываюць незрэалізаваныя праектныя планы ХІХ ст.:
Мал. 2
13. Праект 1843 г. віленскага архітэктара Фамы Тышэцкага, які прадугледжваў узвядзенне прадаўгаватага гатычнага шпіля на завяршэнні вежы, надбудову барочных атыкаў над прэсбітэрыем.
14. Праект 1856 г. таго ж архітэктара, які вельмі падобны на папярэдні. Часткова рэалізваны ў выніку рэканструкцыі Сабора ў 1859-1860 гг.
15. Праект 1881 г. губернскага інжынера Нябоўскага. Ён прадугледжваў нязначную перабудову вежы і ўзвядзенне купала над цэнтральнай часткай храма. Гэтая графічная крыніца змяшчае дэталізаваны прадольны разрэз і падрабязны рысунак паўднёвага фасада будынка.
16. Праект 1889 г. акадэміка М. Чагіна, які прапаноўваў кардынальныя змены ў канцэпцыі будынка: узвядзенне вялізнага васьміграннага купала над цэнтральнай часткай і паўкруглага - над апсідай, перабудову вежы, паніжэнне скляпенняў і пашырэнне вокнаў.
17. Эскізны праект перабудовы храма, скапіраваны кімсці з губернскіх служачых з малюнка пецярбургскага архітэктара Э. Жыбера, які быў выкананы ў 1866 г. У далейшым гэта канцэпцыя ляжа ў аснове праекта перабудовы храма і будзе ажыццёўлена ў ходзе капітальнай рэканструкцыі будынка ў 1896-1898 гг. (арх. М. Чагін).
Часта ў навуковай літаратуры прыводзіцца інфармацыя, што касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў пабудаваны ў стылі рэнесанс, аднак гэта не зусім так. Неабходна ўсвядоміць, што храм з’яўляўся маньерыстычным (пераходны стыль ад рэнесанса да барока) будынкам з элементамі готыкі. Такое спалучэнне двух розных стыляў у архітэктурным вырашэнні будынка - з’ява ўнікальная для нашага рэгіёна, і ні аб якой традыцыйнай архітэктурнай школе ў выпадку будаўніцтва гэтага храма гаворкі весціся не можа. У к. XVI ст., калі ўзводзілася Фара Вітаўта, гарадская забудова Гродна, паводле пісьмовых і археалагічных дадзеных, была амаль цалкам драўлянай, за выключэннем асобных культавых будынкаў, Старога замка і, хутчэй за ўсё, ратушы. Для ўзвядзення новага гмаху касцёла, несумненна, былі запрошаны замежныя майстры. У архіўных матэрыялах згадваецца імя італьянскага майстра Антоні дэ Кгрыпа (Дзікрыпа), а ў літаратуры сярод архітэктараў
фігуруе імя італьянца Джавані Марыя Бернардоні. У праектаванні будучай святыні, як мы мяркуем, роўна як і будаўніцтве, непасрэдны ўдзел прымалі таксама і кваліфікаваныя нямецкія і, магчыма, польскія майстры. Справа ў тым, што архітэктура Фары Вітаўта знешне вельмі блізкая да будынкаў архітэктурнай школы Гданьска XVI- XVII стст., дзе сканцэнтравана вялікая колькасць гатычна-рэнесансных і маньерыстычных будынкаў як культавага, так і грамадскага прызначэння. Мы склалі спіс будынкаў, на знешнія рысы якіх трэба звярнуць найбольшую ўвагу ў нашым даследаванні:
Мал. 3. Прыклады гданьскай архітэктуры
1) Ратуша старага места (1587-1595 гг.); 2) Ратуша новага места ў (будынак XIV-XV стст., які набыў сучасны выгляд ў др.п. XVI ст.); 3) касцёл Св. Барбары (гатычны храм, які быў моцна перабудаваны ў сяр. XVI ст.); 4) былая лютэранская кірха (гатычны храм, да якога прыбудавалі вежу ў к. XVI ст.); 5) касцёл у Węgorzewie (1605-1611 гг.); 6) Велькая Збраёўня (1602-1605 гг.); 7) касцёл Усіх Святыў, Raciążek (1597-1612 гг.); 8) камяніца 1597-1599 гг. i Мар’яцкая брама. Пад нумарам 9 паказана панарама Гданьска (фрагмент карціны 1608 г., аўтар - Isaak van den Block). Як бачым, галоўнай адметнасцю гэтых будынкаў, як і гданьскай архітэктуры к. XVI - пач. XVII стст. у цэлым, з’яўляецца гарманічнае спалучэнне рысаў як рэнесанса і маньерызма, так і готыкі, а таксама мастацкае вырашэнне знешняга вобліку за кошт кантраста чырвонага колеру сцен з светлым колерам дэкаратыўных элементаў. Падобныя рысы з’яўляюцца вельмі характэрнымі для маньерыстычных будынкаў, якія былі пабудаваны нямецкімі майстрамі. Прыкладам таму могуць быць камяніцы пач. XVIІ ст., пабудаваныя на Ратушнай плошчы ў Рызе:
Мал. 4. Маньерыстычныя камяніцы на Ратушнай плошчы Рыгі (адбудаваныя ў 1999 г.).
У Польшчы захаваўся маньерыстычны касцёл у Gołębie 1626-1638 гг. (мал. 5.1), архітэктурнае вырашэнне асобных элементаў канструкцыі якога вельмі блізкае да Фары Вітаўта (купал, прапорцыя вежы адносна памераў будынка, пілястры, лучковыя аркі і інш.). На тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага таксама захавалася некалькі культавых будынкаў, якія па планіроўцы і асобных дэталях маюць падабенства з Фараю Вітаўта. Сярод іх касцёлы Адшукання Святога Крыжа (бернардынскі) у Гродне к. XVI - пач. XVII стст. (мал. 5.6), былы бернардынскі ў Слоніме 1645 г. (мал. 5.4), Св. Міхаіла ў Гнезне 1524-1527 гг. (мал. 5.3), Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах 1615-1617 гг. (мал. 5.5), Св. Казіміра ў Уселюбе XV - XVII стст. (мал. 5.2), а таксама былы кальвінскі збор (мал. 5.8) і старая сінагога пач. XVII ст. ў Кейданах (мал. 5.9), кальвінскія зборы у Заслаўі 1570-х гг. (мал. 5.7) і Смаргоні 1612 г. (мал. 5.10).
Мал. 5
Воблік храма.
Прааналізаваўшы наяўныя графічныя крыніцы і выявы архітэктурных помнікаў, якія па часу ўзнікнення (перабудовы) і архітэктурных дэталях падобныя да Фары Вітаўта, мы зрабілі графічную рэканструкцыю выгляду касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў к. XVI ст., які, згодна з ёй, уяўляў сабой высокі прадаўгаваты будынак з гранёнай апсідай прэсбітэрыя і шмат’яруснай вежай з купалам. Мастацкае вырашэнне сценаў храма грунтавалася на кантрасным спалучэнні чырвонага колеру муроўкі і белага колеру атынкаваных карнізаў, лучковых арак і паясоў. Ускоснае пацвярджэнне гэтаму мы сустракаем на малюнку-панараме з плана пач. XVIII ст. (мал. 1.3). На гэтай выяве добра бачна кантрасныя гарызантальныя паясы, якія раздзяляюць корпус храма і ярусы вежы, а таксама добра замаляваны лучковыя аркі над бакавымі вокнамі будынка пры адсутнасці пілястраў, на якіх яны трымаюцца. Гэта можа сведчыць аб тым, што аркі выдзяляліся іншым колерам, у адрозненні ад пілястраў, якія, у сваю чаргу, былі такога ж колеру, што і сцены будынка, і аўтар малюнка папросту іх не заўважыў з адлегласці. Аналагічную з’яву мы назіраем на гравюры 1688 г., дзе на бакавым фасадзе вымаляваны аркі, але адсутнічаюць пілястры (мал. 1.2). Аркі размяшчаліся па ўсяму перыметру храма. Падобны прыём мы сустракаем у касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (мал. 5.6), кальвінскім зборы (мал. 5.8) і старой сінагозе ў Кейданах (мал. 5.9). Пад аркамі на адным узроўні з верхнім краем капітэляў праходзіў невялікі пояс (мал. 6.12), які добра праглядаецца на абмерным рысунку 1860 г. (мал. 1.7), фотаздымку к. 1870-х - пач. 1880-х гг. (мал. 1.10) і праектнаму плану 1881 г. (мал. 2.15).
Мал. 6. Рэканструкцыя знешняга выгляду Фары Вітаўта.
Стральчатыя вокны храма аздабляліся гатычнымі ўзорамі і завяршаліся разеткамі (мал. 6 п. 13), узоры якіх былі тыповымі для заходнееўрапейскай гатычнай архітэктуры ХІІІ ст. (мал. 7). Падобнага абрысу вокны мы сустракаем на прэсбітэрыі ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (мал. 5.6).
Мал. 7
Бакавы уваход (мал. 6 п. 14), згодна з абмерным рысункам 1803 г. (мал. 1.5) абрамляўся класічным рэнесансным парталам, па баках якога, хутчэй за ўсё, знаходзіліся дзве калоны (мал. 8). Падобным чынам быў аформлены, як мы мяркуем, галоўны партал храма. Сведчаннем таму - план касцёла 1803 г. (мал. 1.5), на якім па баках ад увахода пазначаны дзве паўкруглыя ў плане калоны, якія стаяць на прамавугольных пастаментах. Менавіта такі партал знаходзіцца ў пабернардынскім касцёле ў Слоніме (мал. 5.4). Магчыма, над галоўным парталам мелася вакно, аднак даказаць гэта пры адсутнасці якіх-небудзь крыніц пакуль не ўяўляецца магчымым. Падчас нядаўніх земляных работ ля таго месца, дзе некалі стаяла Фара Вітаўта, быў знойдзены дэкаратыўны элемент з пяшчаніка ў выглядзе паўкалоны з прадольнымі паралельнымі выемкамі, які, на нашу думку, з’яўляўся элементам аздаблення галоўнага партала. Тое, што партал аздабляўся пяшчанікам, сведчаць архіўныя крыніцы др.п. ХІХ ст. Уваходныя дзверы мелі паўкруглае завяршэнне, што паказвае праектны план 1881 г. (мал. 2.15).
Над аркамі ў завяршэнні сценаў (мал. 6 п.11), размяшчаўся дэкаратыўны прафіляваны карніз, які праходзіў па ўсяму перыметру будынка. Ён вельмі добра праглядаецца на фотаздымку к. 1870-х - пач. 1880-х гг. (мал. 1.10), абмерным рысунку 1860 г. (мал. 1.7) і не зусім выразна - на малюнку Г. Тышкевіч (мал. 1.4). Аналагічнага ўзору карнізы размяшчаліся ў завяршэнні ярусаў вежы (мал. 6 п. 3, 6 п.7), што паказана на малюнку Н.Орды (мал. 1.9) і праектрым плане 1881 г. (мал. 2.15). Вельмі падобны прафіляваны карніз мы сустракаем у аздабленні сінагогі пач. XVII ст. у Кейданах (мал. 5.9).
Вежа будынка візуальна падзялялася на чатыры ярусы, краі кожнага з якіх замыкалі пілястры. Другі ярус вежы меў зрэзаныя на 45° два пярэднія вуглы (мал. 6 п. 9), аналагічна як у вежах касцёла ў Гнезне (мал. 5.3) і кальвінскага збора ў Заслаўі (мал. 5.7). Вуглы трэцяга і чацвёртага ярусаў Фары Вітаўта былі зрэзана ўсе. Дзякуючы гэтаму прыёму вежа візуальна завужалася пры абзоры яе з вуглавога ракурса, што мы і назіраем на гравюрах 1600 і 1688 гг. (мал. 1.1, 1.2). Другі і трэці ярус вежы з боку галоўнага фасаду мелі па аднаму вакну, размешчанаму пасярэдзіне, а бакавыя - па два (мал. 6 п. 4, 8). Доказам таму можа служыць малюнак-план пач. XVIII ст. (мал. 1.3). Тое, што з паўднёвага боку сярэдніх ярусаў вежы размяшчалася па два вакна, сведчыць само іх размяшчэнне: яны як бы прыціснуты да левага краю (мал. 1.6, 1.7, 1.8, 1.11, 1.12). Больш таго, на абмерным рысунку 1803 г. з-пад выступаючай уверсе канструкцыі вінтавой лесвіцы паказана частка вакна, якое размяшчалася сіметрычна леваму адносна краёў вежы. На трэцім ярусе з боку даху размяшчалася адно вакно (мал. 1.9, 1.10, 1.11), і яго памер заставаўся нязменным, у адрозненне ад сумежных, якіх павялічылі, па ўсёй бачнасці, у пач. ХІХ ст. Чацвёрты ярус вежы з’яўляўся апошнім, аб чым ускосна сведчыць размяшчэнне аркатуры з гіркамі-кансолямі (мал. 6 п. 2), якія завяршалі сцены вежы, утвараючы пяць арачак. Гэта візуальна пераклікалася з пяццю вялікімі аркамі, якія размяшчаліся ў адной плоскасці на бакавым фасадзе. Аналагічнае размяшчэнне аркатуры мы назіраем на завяршэнні вежы касцёла ў Уселюбе Навагрудскага р-на, прыбудаванай да асноўнага аб’ёма храма, па усёй верагоднасці, у пач. XVII ст. (мал. 5.2). Форма і ўзор кансоляў Фары Вітаўта аналагічная кансолям, якія завяршаюць сцены ў былым кальвінскім зборы ў Смаргоні (мал. 5.10). У завяршэнні вежы знаходзіўся медны купал класічнай рэнесанснай канфігурацыі (мал. 6 п. 1). Падобны мы сустракаем на касцёле ў Gołębie (мал. 5.1).
З правага боку ад пярэдняга фасаду будынка знаходзілася вінтавая лесвіца, якая не перавышала ўзроўню першага яруса і завяршалася двухскатным дахам. Гэта канструктыўнае рашэнне не супярэчыць гравюрам 1600 і 1688 гг. Аналагічнае завяршэнне вінтавой лесвіцы мы бачым у пабернардынскім касцёле ў Слоніме (мал. 5.4), і, што немалаважна, на праектных планах самой Фары Вітаўта 1856 г. (мал. 2.14), 1881 г. (мал. 2.15), 1889 г. (мал. 2.16) і эскізным праектным малюнку др.п. ХІХ ст. (мал. 2.17.). Відаць, архітэктарам у ХІХ ст. такое вырашэнне падавалася найлепшым. У др.п. XVIII ст., як мы лічым, над гэтай важнай канструктыўнай часткай была зроблена надбудова, якая адлюстравана на абмерных рысунках і фотаздымках ХІХ ст.
Дах Фары Вітаўта замыкаўся на ўзроўні канца другога яруса вежы храма. Вышыня яго была вылічана намі метадам суаднясення прапорцыі вышыні сцен будынка і даху на гравюры Макоўскага. Тое, што узровень даху не перавышаў гэтую кропку, дадаткова сведчыць той факт, што на трэцім ярусе вежы з усходняга боку размяшчалася вакно (мал. 1.9, 1.10, 1.11), якое не магло быць заслонена канструкцыяй даху. Цікава, што падчас рэканструкцыі храма прыблізна ў 1859-1860 гг. даху была вернута першапачатковая канфігурацыя. У к. XVI ст, як мы мяркуем, форма даху над цэнтральнай часткай храма, які з усходняй і заходняй частак трымаўся на трохвугольных франтонах (мал. 6 п.6), была двухскатнай. Аналагічнай формы франтон мы бачым у ружанскім касцёле (мал. 5.5) і заслаўскім кальвінскім зборы (мал. 5.7). Пасярэдзіне даху знаходзіўся невялікі купал (мал. 6 п. 5). Ён пазначаны на гравюры 1600 г. (мал. 1.1). Над прэсбітэрыем вышыня даху, які меў пяціскатную форму, была значна меншай. Матэрыялам, якім быў пакрыты ўвесь дах будынка, з’яўлялася керамічная дахоўка, што пацвярджаюць матэрыялы археалагічнага даследвання на месцы падмуркаў Фары Вітаўта.
У дадзеным даследванні былі выкарыстаны амаль што ўсе вядомыя гістарычнай навуцы графічныя і пісьмовыя крыніцы, якія дазваляюць, на наш погляд, ў даволі высокай ступені дакладнасці зрабіць графічную рэканструкцыю абрысаў касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў такім выглядзе, у якім ён паўстаў пасля пабудовы ў 1587 г. (пасля 1591 г. да паўднёвай сцяны храма была прыбудавана бакавая капліца, якую мы не паказалі на нашым малюнку, як і не паказалі плябані, якая тулілася да паўночнай часткі прэсбітэрыя). Несумненна, знешняе ўбранства будынка мела нашмат багацейшае аздабленне, аднак аднавіць яго на дадзены момант не падаецца магчымым. Да канца не высветленым застаецца пытанне колеру сценаў храма, аднак, як мы мяркуем, нам удалося часткова аднавіць характар першапачатковай расфарбоўкі пры аналізе графічных выяў пач. XVII - пач. XVIII стст. і пры дапамозе метада аналогій.
Мы глыбока перакананыя, што дагэтуль у замежных архівах захоўваюцца невядомыя абмерныя рысункі і планы будынка др. п. XVIII - ХІХ стст., якія дазволяць больш поўна раскрыць тэму знешняга вобліка Фары Вітаўта.
Kościół Najświętszej Maryi Panny w Grodnie, Fara Witoldowa, St. Mary's Church, Фара Витовта в Гродно, Софийский собор