У 1688 г. у кнізе Theatrum Cosmographico-Historicum Secundum аўтарства Jakob Koppmayer была апублікавана гравюра, на якой адлюстраваны панарамны выгляд правабярэжнай часткі Гродна п.п. XVI ст. Гэтая выява ўжо даўно вядома даследчыкам. Знешне яна моцна нагадвае гравюру аўтарства Макоўскага, і, з першага погляду, з'яўляецца не вельмі дакладнай яе рэплікай. Аднак пры больш дэтальным яе вывучэнні ўзнікае шмат спрэчных момантаў, якія могуць ускосна сведчыць, што перад намі - невядомая гравюра!
Гравюра Макоўскага была выканана ў 1600 г., аднак аб яе існаванні даследчыкі даведаліся толькі напрыканцы 1980-х гг. Выява мае вялікае значэнне для вывучэння гісторыі архітэктуры Гродна ў перыяд Новага часу і з'яўляецца вельмі каштоўнай графічнай крыніцай. Аднак пры аналізе згаданай гравюры мы прыйшлі да высновы, што некаторыя архітэктурныя аб'екты, адлюстраваныя на ёй, маюць шэраг недакладнасцяў (гл.
Як выглядаў Стары замак у XVII - XVIIІ стст.?). Чыя гэта памылка - аўтара, які рабіў эскізы для будучай гравюры, ці гравёра, які не вельмі дакладна перанёс малюнак на друкавальную матрыцу - мы не даведаемся, напэўна, ніколі.
Значныя скажэнні змяшчаюцца і на гравюры Коппмайера, толькі, у адрозненне ад гравюры Макоўскага, архітэктурныя аб'екты тут паказаны ў значна больш спрошчаным варыянце (ратуша, Прачысценская царква, царква на Падоле, бернардынскі касцёл і інш.). Затое такія аб'екты як Стары Замак і Фара Вітаўта змяшчаюць шэраг якасна новых дэталяў.
Стары замак на гравюрах Макоўскага, Коппмайера і фотаздымку 1890-х гг.
Так, Стары замак паказаны як бы ў выглядзе зверху, што дазволіла крыху "заглянуць" на тэрыторыю яго ўнутранага двара. Мы бачым, што вежа-брама і вежа з боку Нёмана маюць паўкруглыя завяршэнні ў выглядзе купалаў, галерэя мае дах. У левай частцы да галерэі прымыкае будынак з двухсхільным дахам, а ля левай часткі палаца знаходзіцца прамавугольная канструкцыя. Тэрыторыя замка злучаецца з горадам мостам, адметнай асаблівасцю якога з'яўляюцца тры арачныя пралёты. Характэрна, што аналагічнай канструкцыі мост захаваўся да сённяшняга часу, а ў інвентарах замка ўпершыню згадваецца ў 1650 г. На гравюры Макоўскага на гэтым жа месцы паказаны драўляны мост.
Фара Вітаўта на гравюрах Макоўскага, Коппмайера, абмерным рысунку п.п. ХІХ ст. і фотаздымку 1861 г.
Фара Вітаўта на гравюры Коппмайера таксама змяшчае шэраг якасна іншых, у адрозненне ад гравюры Т.Макоўскага, дэталяў. Так, на усходнім фасадзе тут паказаны пяць вокнаў, затое на гравюры Макоўскага іх сем. Шматлікія пазнейшыя графічныя матэрыялы (планы і фотаздымкі) паказваюць, што ў сапраўднасці іх і было пяць. На гравюры Макоўскага перад вежай з левага боку паказаны контрфорсы, затое гравюра Коппмайера дае яўна зразумець, што з левага боку паказана паступовае звужэнне ярусаў самой вежы, што найбольш прыкметна на фотаздымках др.п. ХІХ ст. Яшчэ адна немалаважная дэталь - яруснасць вежы. На гравюры Макоўскага вежа паказана як пяціярусная з двума парамі вокнаў на кожным з ярусаў, затое на іншай гравюры гэтая яруснасць амаль не заўважная і вокны размешчаны адзінкава на кожным з узроўняў. Характэрна, што менавіта такое размяшчэнне вокнаў на вежы паказана і на абмерным рысунку Фары Вітаўта 1803 г.:
Фара Вітаўта на абмерным рысунку 1803 г.
З усяго вышэйпрыведзена можна зрабіць выснову, што гравюра з выяваю Гродна, якая была апублікавана ў 1688 г., вельмі падобная на гравюру Макоўскага, аднак, у адрозненні ад яе, змяшчае шэраг момантаў, з'яўленне якіх цяжка растлумачыць. Мы можам дапусціць, што Стары замак быў перамаляваны з папярэдняй гравюры, а мост з трыма аркамі мог быць прыдуманы гравёрам (супадзенне), аднак у выпадку з выяваю Фары Вітаўта так думаць не прыходзіцца. Адзіным рацыянальным тлумачэннем паходжання гэтых гравюр, як Макоўскага так і Коппмайера, з'яўляецца тое, што абедзьве яны ствараліся на аснове адной графічнай выявы. Хутчэй за ўсё, прыблізна ў к. XVI ст. - 1600 г. Тамашам Макоўскім былі зроблены эскізы для стварэння будучай гравюры. У 1600 г. на аснове гэтых эскізаў была створана знакамітая гравюра, якая, па ўсёй верагоднасці, з-за імкнення майстара-гравёра дабавіць большай дэталізаванасці, змясціла ў сабе шэраг памылак. У сваю чаргу, гравюра 1688 г. была створана не на аснове гравюры Макоўскага, а паводле эскізных малюнкаў аўтарства Макоўскага. Можна таксама дапусціць, што гравюра Коппмайера - самастойная, прынцыпова іншая гравюра Гродна, якая малявалася з таго ж ракурса, што і гравюра 1600 г., аднак на некалькі дзесяцігоддзяў пазней.
Якое вашае меркаванне?