Кузьма Чорны: словы з твораў пісьменніка, не зафіксаваныя ў ТСБМ (4/4) (недакончана)

Jan 31, 2014 13:08

Чацвёртая частка пазаслоўнікавай лексікі з твораў і карэспандэнцыі К. Чорнага (першую, другую і трэцюю часткі гл. тут, тут і тут).

АСВЕТА, ж. ... Сукупнасць ведаў, набытых у выніку навучання. Ён меў агранамічную асвету, але тутэйшай зямлі не ведаў і пра ўсё пытаўся ў тутэйшага аканома, якога застаў у маёнтку. (Вялікі дзень)
АСЭДАС, м., у выраз: ЖЫЦЬ НА ДВА АСЭДАСЫ -- жыць, клапоцячыся пра дзве гаспадаркі адразу. -- Магдалена Прыбыткоўская цяпер жыве на два асэдасы. Два тыдні сядзіць у Пераброддзі, а два ў Перавозе. От бо натура! Каб прыйшлося, то яна можа вытрымаць клопат аб усім свеце. (Скіп'ёўскі лес)
БЛАЗНОЦКІ, -ая, -ае. Уласцівы блазну; блазенскі. Можа быць, ён і сапраўды зблудзіў, так легкадумна аддаючыся сваім блазноцкім думкам. (Вялікі дзень)
ВАДЗЯК, м. Вадзяны млын. Вадзяк запуставаў млівам, вада перавысіла плаціну і няспушчаная цякла цераз масток і цадзілася ўніз. (Вялікі дзень)
ГЕРАНІМ, м. ?? Варыстая печ, тапчаны, насценны гадзіннік (стрэлкі паказвалі сем гадзін надвечар), чыстая падлога і вазоны на вокнах: лэска, геранім, альяс і бальзамін. (Вялікі дзень)
ГОРАЧ, ж. Тое, што і гора. Пакуль што ён яшчэ не ведаў, што тут пачынаецца яго сапраўдная горач. (Вялікі дзень)
ГІБНЫ, -ая, -ае. Той, што губіць, прыносіць гібель. Ён яшчэ не ведаў і нават не спадзяваўся, што ідзе на пачатак сваёй гібнай дзейнасці. (Вялікі дзень)
ДЗІВАЧЫЛА, м. Тое, што і дзівак. -- Ды не бойся ты! Дзівачыла! Мы самі ў гэтым млыне з бабамі і дзецьмі тулімся. (Вялікі дзень)
[Глядзей далей]
ЗАБУДОЎНІК, м. Тое, што і забудоўшчык. А гэта была новая грозьба, і к вясне гэтыя два забудоўнікі паразбіралі хаты і пасцягвалі бярвенне к дарозе. (Вялікі дзень)
ЗАХАЛОД, м. Траўма ад захалоджання. Я табе нараю такіх лекаў, што напэўна памогуць і ад захалоду, і ад падвяроду. (Скіп'ёўскі лес)
ЗВАРОТ, м. ... Абарачэнне грашовых сродкаў і тавараў, гандлёва-прамысловыя аперацыі на ўзнаўленне і атрыманне прыбытку. Гаварылі, што яны вельмі шпарка пачалі багацець апошнімі гадамі, і шмат хто прарочыў, што яны могуць дайсці да мільённых гандлёвых зваротаў. (Вялікі дзень)
ДУПЛЯВАТАСЦЬ, ж. Уласцівасць дуплаватага. Тая самая дупляватасць і цвік з вялікай плешкай убіты на ўзроўні галавы. (Вялікі дзень)
КАНГЕРОВЫ, -ая, -ае. ?? З драбінак саскочыла Ганна, а за ёй злез ужо ў добрых гадах чалавек, з вусамі ўніз і адзеты як бы па-святочнаму: шнурочак з кутасікамі на шыі пад адкладным каўняром вышыванай кашулі, кангеровы пінжак на камізэльцы і хромавыя боты. (Скіп'ёўскі лес)
КРАТКІ, мн., у выразе: У КРАТКІ -- у клетачку (пра тканіну). Яе хустка, у краткі і з фрэнзлямі, валялася пасярод двара. (Пошукі будучыні)
ЛАСКАВЕЦ, м. Ласкавы (у зваротах). - Мой ласкавец, я праз дваццаць, а можа, і праз усе трыццаць год хаваў, не пускаў куды, трымаў, а нёс і шукаў вас... (Пошукі будучыні)
ЛЭСКА, ж. ?? Варыстая печ, тапчаны, насценны гадзіннік (стрэлкі паказвалі сем гадзін надвечар), чыстая падлога і вазоны на вокнах: лэска, геранім, альяс і бальзамін. (Вялікі дзень)
МЕТЛАВАТЫ, -ая, -ае. ?? У гэтым годзе мела сваё жыццё высокая метлаватая травіна. (Вялікі дзень)
МАХ, м., ... у выразе: НА ЎВЕСЬ МАХ -- на ўсю шырыню. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. (Пошукі будучыні)
НАВАКОЛЬНАСЦЬ, ж. Тое, што і ваколіцы. ...але ўсюды, на шырокую навакольнасць, ведалі, дзе ляжыць вытрушчаны і выгнуты на кучу ламачча нямецкі поезд. (Пошукі будучыні)
НАДАЎБ, м. Тое, што і надаўбень. Чырвонаармейцы капалі зямлю, а на доўгую лінію паабапал шашы і тут ўсюды ўжо загадзя былі пастаўлены надаўбы. (Скіп'ёўскі лес)
НАДОБАСЦЬ, м. ?? Я ёй сказаў проста: перабірайся, кажу, хутчэй да нас, памагай есці, бо ратоў у мяне мала на гэтулькі надобасці.
НЕВЯДОМЕЦ, м. Невядомы чалавек. У яго яшчэ была і прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явіліся. (Млечны шлях)
НІЦ, займ. Нічога. [в. Ціхны, Бярозаўскі р-н -- Скарбы народнай мовы, 2005]. З'ехаў на нішто. ... мароз, не падняўшыся да аднаго градуса, з'ехаў на няма ніц (Сястра)
ПАДВЯРОД, м. Траўма ад цяжкай работы, падвярэджанае месца на целе чалавека. Да таго ж у яго яшчэ быў падвярод у назе, а можа, што іншае. І пакуль вылечыўся, не мог насіць ботаў, халява церла яму хворую нагу. (Вялікі дзень); Я табе нараю такіх лекаў, што напэўна памогуць і ад захалоду, і ад падвяроду. (Скіп'ёўскі лес)
ПАЛАВІЧНІК, м. Чалавек, які дапамагае весці гаспадарку і бярэ за гэта палову ўраджаю. Кастусь Сямага ўгаварыўся з удавою, што ён будзе рабіць ёй зямлю і весці гаспадарку, а сам брацьме за гэта палавіну ўраджаю і зойме кут у хаце. Такім парадкам ён стаў і палавічнікам, і кутнікам. (Млечны шлях)
ПАПРУЦІНА, ж. Тое, што і прут. Стаяў сабе і трымаў позірк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруціны... (Млечны шлях)
ПРЫПАРУЧЫЦЬ, зак. Аддаць нешта, некага на чужы клопат, апеку; даручыць. -- Максім, калі будзе што са мною -- не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе і прыпаручыў яго. Выгадуй яго і навучы яго, што сам ведаеш. (Вялікі дзень)
ПЕРАБРАЦЬ, зак. ... Уважліва прачытаць, звяртаючы ўвагу на дробязі. Адам Блецька мог не тое што чужое пісьмо прачытаць, а нават і чужых пару коней з чужога хлява вывесці. І ён перабраў ад радка да радка пісьмо, пісанае па-руску Цэзарыю Гальвасу Генрыхам Тоўхартам. (Вялікі дзень)
ПОДБЕГ, м., у выразе: УВАХОДЗІЦЬ У ПОДБЕГ. То ледзьве цягнуў ногі, то ўваходзіў у подбег. (Пошукі будучыні)
ПОШВЫРАК, м. ... Прадмет, якім шпурляюць, кідаюць куды-н.; палка Сафрон адбегся, хпіў сукаваты пошвырак і смальнуў каню ў бок (Макаравых Волька); Лізавета азірнулася. Сука адбеглася і зноў пачала нападаць. Лізавета падняла пошвырак. (Пошукі будучыні)
ПРАСВЕЦЦЕ, н. Тое, што і прасвет. Раптам выбілася з-за тумановага засцілу сонца, чырвонае, круглае і вялікае, у прасвецці паміж дрэў яно стаяла, як аглядальнік зямлі. (Пошукі будучыні)
ПРЫЗВЫ, мн., у выразе АДБЫВАЦЬ ПРЫЗВЫ -- праходзіць службу ў войску. Адбыўшы прызвы, ён некалькі год служыў у Гальвасаўскім маёнтку пры млынах і свірнах. (Вялікі дзень)
РАСКІДАКА, м. Неашчадны чалавек. Ён і ззамаладу не быў раскідака, а цяпер, казалі, нават як бы аскупеў. (Скіп'ёўскі лес)
СПЫНАК, м. Тое, што і прыпынак. Свой спынак у Баранавічах ён назначыў сабе яшчэ дома. (Вялікі дзень)
СТВОЛЛЕ, н. Ствалы. Ён чуўся дзесьці за хвоямі, за гэтым змрокам роўнага стволля (Нянавісць); Злеглае стволле спарахнелых старадрэвін плазам ляжала на зямлі, абрастала мохам і грыбамі, да рэшты гніло і правальвалася пад нагамі. (Вялікі дзень)
ТУР, м. ?? Увосень скрозь пахлі смалой новыя сцены, з лесу цягнула грыбной духмянасцю, дзятлы дзяўблі кару сухіх дрэў, збіраліся ў вырай буслы, на высокім сцябле ўзнімаўся к стомленаму за лета сонцу жоўты тур і запозненая кветка малачайніку... (Вялікі дзень)
УЗАСКОЧЫЦЬ, зак., экспр. Ускочыць на нешта высокае, не патрапляючы адразу [Гэтая з'ява называецца рэдуплікацыяй (Я. Карскі). Дадатковая прыстаўка -за- узмацняе канатацыю слова, параўн словы "урваць" і "ўварваць" (Лідчына), "зашто?" і "завошта?", апошнія з якіх разглядаюцца як "узмоцненыя адменнікі формаў звычайных" [1]. Часамі рэдуплікацыя прыводзіць да істотных зменаў семантыкі: можна прыязна сказаць убрацца ў прыгожыя строі і непрыязна - увабрацца ў пер’е.] Акаловіч пераскочыў цераз яго [Паліводскага] і рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнік не мог... (Пошукі будучыні) [Падобную з'яву можна сустрэць і ў іншых мовах, напрыклад, у французскай, дзе падваенне адбываецца не на марфалагічным, а на лексічным узроўні. Каб надаць свайму выказванню большую экспрэсіўнасць, французы часам ужываюць у канцы сказа ўдарны займеннік, які рэдуплікуе (паўтарае, падвойвае) ужо існы дзейнік у выказванні. Параўн.: Tu ne peux pas me voir une heure sans me faire de reproches. Tu n'en as pas assez, toi? -- Ты не можаш вытрымаць і гадзіны, каб не папракнуць мяне. Табе гэта не надакучыла? (даслоўна: Табе гэта не надакучыла, ты?]
УЗДЗЯКАВАЦЬ, зак. Выказаць моцную, шчырую падзяку. І ён у душы сваёй уздзякаваў бога за тое, што ў свой час мог так добра павярнуцца на свеце: на сваім хутары ён цяпер астаецца самім сабой. (Вялікі дзень)
УМЕРКАВАЦЬ, зак. Усадзіць. Тоўсты ўзяў з рук маладога ў пінжаку фінскі нож і шпарка ўмеркаваў нож у тое месца на бычынай шыі, па якім трэба было даць. (Млечны шлях)
УНУРАНАСЦЬ, ж. Уласцівасць таго, хто унурыўся. Так ужо ўкаранілася ў ім безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала ім. (Млечны шлях)
УСКІДЗІСТЫ, -ая, -ае. Які ўскідваецца. Да яго свядомасці яшчэ дайшоў грукат і ўскідзісты слуп рухавай чарнаты там, дзе былі немцы. (Скіп'ёўскі лес)
УЦУРКАВАЦЦА, зак. ?? Задам бык упіраўся ў густы шыпшыннік, і хвост яго па самыя сцёгны ўцуркаваўся ў калючы зараснік. (Млечны шлях)
ЦЕЛЕКАВАТЫ, -ая, -ае. ?? Настаўнік быў целекаваты і цюнцеяваты чалавек і пакуль агледзеўся -- увесь быў мокры і стаяў у чорнай лужы. (Вялікі дзень)
ЦЫНДАЛЕЯ, ж. ??  Ён камандаваў Мішурыным, ступіў некалькі разоў доўгімі нагамі да ўзмежжа каля град і нарваў там пук цындалеі. (Вялікі дзень)
ЦЮНЦЕЯВАТЫ, -ая, -ае. ?? Настаўнік быў целекаваты і цюнцеяваты чалавек і пакуль агледзеўся -- увесь быў мокры і стаяў у чорнай лужы. (Вялікі дзень)
ЦЯГАВІК, м. Цягавіты чалавек. У гэтага здаравеннага цягавіка адрываліся рукі ад цяжару таго, што ён нёс, але ён не заўважаў гэтага. (Вялікі дзень)
ЦЯГЛАСЦЬ, ж. Уласцівасць цягнуцца ўгору. Лес высякаўся на будаўнічы тавар, а гэтыя не падышлі пад вызначаную меру: каторая хвоя была крывая, каторая не вельмі выносістая, а ў якой і хапала цягласці, дык стромкасць зрабіла яе тонкай, і спрактыкаваны прамысловец на яе не паквапіў. (Скіп'ёўскі лес)
ШКАДАВАЦЬ, незак. ... Адчуваць вялікую прыхільнасць, замілаванасць да некага; кахаць, любіць. [гл. каментар старшага навуковага супрацоўніка Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы АН Беларусі Алеся Бразгунова: "...Праўда, не ва ўсіх беларускіх вёсках слова “любіць” мела такое станоўчае значэнне. Не дай Бог, каб хтосьці сказаў у кандовых вёсках (дзе найбольш захаваліся старажытыя традыцыі), што хлопец “любіць” дзяўчыну. Горшай абразы для яе і яе бацькоў і чакаць не трэба было! Слова “любіць”, як пісаў Улазімір Караткевіч, азначала любіць па гумнах. Калі ж чалавек з такой вёскі вельмі кахаў жанчыну, то ён яе “шкадаваў”.] -- Дык чаму ж ты адразу не кажаш?.. А як ён, Тодзік, з табою цяпер? Глядзіць ён цябе? Шкадуе? (Скіп'ёўскі лес)
ШОЎКАВАЯ ТРАВА, ж. Шматгадовы кармавы злак; райграс. -- Гэля! На чорта гэты пук травы тырчыць з-за люстэрка? Выкінь! -- Гэта шоўкавая трава, -- адказала Гэля, але Марцін ужо не слухаў. (Скіп'ёўскі лес)
ШЧАЦІНАВАТЫ, -ая, -ае. Шчаціністы. Твар быў круглы і зноў-такі няголены, шчацінаваты і кірпаты. (Млечны шлях)

Чорны, мова, ТСБМ+

Previous post Next post
Up