Рымскія лічбы азначаюць нумар главы, арабскія - нумар паэтычнага радка. Націск у словах адсутнічае, у гэтым радзяць прыклады з паэтычнага тэксту. Словы і выняткі з паэмы прыводзяцца афіцыйным правапісам паводле Збору твораў-1974 (гл. скарачэньні).
Шматкроп'е (...) перад дэфініцыяй асобных слоў абазначае, што разглядаецца толькі значэньне, якое не зафіксавана ТСБМ. У дужках ( ) пасьля слова-тлумачэньня пазначаецца крыніца (калі такая ёсьць), у якой фіксуецца дакладнае значэньне слова. Камэнтар слова непасрэдна з Збору твораў Я. Коласа пазначаецца адпаведна (Збор твораў-год выданьня).
АБАЧНЫ, -ая, -ае. Бачны, які можна ўбачыць. Ў сяле на цэркві чуць абачна / Блішчыць ліхтарык і мігае, / Дарожных погляд прыцягае. (XXIV, 118-120) АБУРЛІВА, прысл. Тое, што і абурана. Бушуе доўга, абурліва, / Над лесам коціцца гняўліва. (XXV, 298-299) АБЭРЖА, ж. Вялікая будыніна для розных гаспадарчых патрэб. (Збор твораў-1952) Па ўсім аб гэтым судзіць можна: / Па ветраках, такіх удумных, / І па абэржах гэтых, гумнах. (XXVI, 182-184) АГНЕПАСКІ, мн. Чырвоныя і жоўтыя палосы на небе, бачныя пры захадзе сонца (Збор твораў-2009); праменьні, якія зьліваюцца ў агнявую паласу, маюць колер агню (ТС) Ружовы захад повен ласкі, / І ціха звіслі агнепаскі. (XXV, 234-235) АГОН, м. Хвост (БНсл, Збор твораў-2009). Як бы шляхцянка засцянкова... / Так важна ходзіць з парасонам, / Спадніцай верціць, як агонам. (I, 234, 237-238) [Глядзець далей]АДБОР, м. АДБОРКА, ж., у выразе: РАБІЦЬ АДБОР. ... Ставіць на сьпіленым дрэве, прызначаным на продаж, адзнаку (Збор твораў-2009); у выразе: ПАЙСЦІ ДА АДБОРУ, У АДБОРКУ. Пайсьці на адборку лесаматэрыялу (Новая зямля-1975) Адзін у лес, той да адбору / З сахою трэці ў гэту пору. (VI, 171-172) АЧОСЫ, мн., у выразе: ВЯСЦІ НА АЧОСЫ. Напрасткі, нацянькі (Збор твораў-2009) Міхал і клін ужо мінае. / Направа сцежачка сляпая / Вядзе балотцам на ачосы. (XII, 93-95) БАГІ, мн. Иконы (БНсл.) Згарэлі кросны, рад багоў / І грошай сорак сем рублёў. (VI, 182-183); БЕЛАРУННЫ, -ая, -ае. Той, што зь белага руна (руно, руна, рунь - воўна, шэрсьць авечкі). (Бушлякоў) На залаты парог паўдзення / Скрозь беларуннае адзенне. (XIV, 17-18) БЛАЗНІЦА, ж. Шутиха (Рус.-бел, 1953) Ідуць дзяўчаты, маладзіца / І жарты строяць, як блазніцы. (XXV, 416-417) БРАВАРКА, ж. Верхняя кароткая мужчынская вопратка, звычайна з аўчыны, абцягнутая саматканым сукном (ТС) Я - па кані, ён мне - па карку! / Пасек мне спіну праз браварку! (XVI, 315-316) БРАМКІ, мн. Куркі паляўнічай стрэльбы (Збор твораў-2009). Ён брамкі ў стрэльбе адчыняе, / Прыклад падносіць да пляча. (XVII, 237-238) БРОЎНЫ, мн. Тое, што і бярвёны. А вокны светлы і панадны, / І броўны ў сценах вельмі ладны. (XVII, 168-169) БРУСОК, м. ... Нарэзаны кавалак (у ТСБМ у падобным значэньні). Цыбуля, перчык, ліст бабкоў / Ды сальца некалькі брускоў. (II, 27-28) БУРКАНУЦЬ, зак. Перакуліцца (ТС); ускінуцца, узьняцца (Збор твораў-2009); мільгнуць. Адно ў паветры бурканулі [ногі] - / Ды ў воду ў момант баўтанулі. (XI, 304-306) БЯЗГНОЙНЫ, -ая, -ае. Тое, што і няўгноены (ТС) Але бязгнойная, пустая / Зямлі валока была тая (IV, 163-164) ВАДЗІЦЬ, незак. ... Шанцаваць (ТС) Дык вось няма - памёр! Не вадзіць / На добрых нам паноў ніколі. (X, 52-53) ВЕШКА, ж. Межавы знак. І на відэльцы іх [аладкі] чаплялі / Як бы на тычкі тыя вешкі, / Каб не адстаць, не мець замешкі. (III, 41-43) ВОБЦАС, прысл. Вельмі хутка, з усіх ног (ТС). Браты за рукі пабяруцца, / Ў зямлянку вобцас панясуцца. (VI, 318-319) ВОРЧЫК, м. Невялікі мяшок, торба (Збор твораў-1952); торба (Новая зямля-1975); прыстасаваньне для прыпрэжкі каня ў дапамогу караньніку (Збор твораў-2009); пастронак (Збор твораў-1974). Прывёў ён дзядзьку ў карыдорчык / (Абодвух іх трымае ворчык). (XVII, 274-275) ВУХАР, м. Зух, хват, удалец (ТС); вухарскі - молодецкий, ухарский (Нсл.) І потым з ім на бок рванецца, / Бы пісар-вухар расчаркнецца. (XIX, 81-82) ВЫБРАЦЦА, зак. Памерці. Ўздыхнуў Ксавэры: - шкода пана! / Ох, бедны: выбраўся зарана! (VIII, 77-78) ВЫЖЫГА, м. Прайдох, прайдзісьвет (ТС) І ліс-хітрэц, выжыга чуткі, / Па снезе цягне шнур раўнюткі. (XVII, 94-95); Ось дзе выжыга! ось бізун, / Бадай цябе забіў пярун! (XXVIII, 425-426) ВЫРАЗА, ж. Зьнешні выгляд, які адлюстроўвае стан чалавека. (ТС) Глядзяць з-пад броў зусім панура [Антось], / І ўся выраза яго хмура. (XXX, 114-115) ВЯЛІКАДНІК, м. Тое, што і Вялікдзень. І ім хацелася, відаць, / Святы вялікаднік вітаць. (XXIV, 251-252); Бо і заможны і убогі / Святы Вялікаднік святкуюць / І радасць ў сэрцы сваім чуюць. (XXIV, 101-103) ВЯРОЗА, ж. Выдумка вымысел, фантазія (ТС) Няўжо то праўда, не вяроза? / Няўжо канец табе, пагроза? (XXVII, 65-66) ГАВАРКІ, -ая, -ае. ... Які ўтварае пэўныя гукі, звонкі. Сакрэт знаў дзядзька ў гэтай штуцы: / Каса павінна адгукнуцца; / Калі ж каса не гаваркая, / То дзядзька спосаб яшчэ мае. (XXV, 83-86) ГАДАЛЬНЫ, -ая, -ае. ... Заснаваны на меркаваньнях, здагадках; няпэўны, ненадзейны. (ТС) Раз назаўсёды, аканчальна. / Вядома, служба - рэч гадальна. (IV, 5-6) ГАЛАМОЎЗА, м. і ж., разм., зневаж. Куцагаловы, з аголенай галавой; у паэме - дурны, недалёка чалавек (Збор твораў-1974). І прад такім, вось, галамоўзай / Не смей стаць роўна ты, а поўзай. (XII, 312-313). ГАЛДА, ж. Крык, шум; цесната, таўкатня (ТС) Перш-наперш, жыў бы там асобна, / А не ў галдзе, страшэнным сціску, / І лбоў не білі б там за міску. (III, 223-225) ГАЛКА, ж. ... Шар, шарик (БНсл.) Наклаўшы люльку, выняў скалку, / Адкалупіў ён цыру галку. (XXVII, 346-347) ГАЛТ, м. Глыток, зацяжка (ТС) І не адзін курэц здаровы, / Хваціўшы дыму галт знячэўку, / Як бы спірытусу кватэрку. (XXVII, 337-339) ГАРАМЫКА, м. Гаротнік, бядак. - Я вас люблю! - казаў Хадыка, - / І сам я - мінскі гарамыка; (XXVI, 527-528) ГАРОШЫНЫ, мн. ... Вялікі зрэбны мех (той жа сяньнік), напханы гарохавіньнем (сьцябламі абмалочанага гароху). На гарошынах спаць было жорстка, але гарохавіньне ня так хутка, як сена ці салома, пераціраецца, не зьбіваецца, менш пыліць па хаце, яго ня трэба часта мяняць (Міцкевіч-7'95) Звалок гарошыны з пасцелі [Костусь], / Тады, як вопраткі гарэлі. (VI, 186-187) ГАРШЧЭЧНІК, м, лаянкавае. ? На двор брахаць, стары дурніца! / - Гаршчэчнік, чортава ты пыца! (V, 100-101) ГІТАЛ, м. Шапка (ідыш hit, памяншальнае hitl, hitele), у паэме - каўнер, карак (Збор твораў-2009); карак (БНсл.) От дачакалі сабе звера! / Прыпільнаваць бы дзе брыду, - / За "гітал" падлу, ды ў ваду! (XI, 27-29) ГЛЫЗА, ж. Глыба. Але такую сілу мае, / Што лёд угору падымае / І ломіць глызу, як націну. (XIX, 41-43) ГОГА, м і ж. Фанабэрысты чалавек (ВСБМ); франт (Новая зямля-1975); задавака (ТС) Які ён гога! які дока! / Як ён нясе сябе высока! (XII, 306-307); ГОН, м. ... Рачная быстрая плынь. (ТС) І пакручастых рэчак гоны, / І мігацелі сёлы, дворы,/ Сады, курганы, касагоры. (XXVII, 407-409) ГУДА, ж. Гудзеньне (ТС) Алесь грыміць скаварадою / І пацяшаецца гудою. (XVIII, 303-304) ГУЛА, ж. Фіга. [Чорны] Ну, трасцу дам табе цукерку! / Гулу падсуну ў табакерку! (XVIII, 187-188) ГУШКІ, мн. Гайданьне, гушканьне (ТС) Кузуркі розныя і мушкі / Свае спраўляюць гулі-гушкі (II, 286-287) ГУШЧАЙ-ГУШЧА, прысл. Вельмі многа (ТС) Грыбоў улетку тут цьма-цьмушча, / Народ сюды йдзе - гушчай-гушча. (XVII, 121-122) ДАНІЕЛЬ, м. Адзін зь відаў аленя; лань (ТС) Цяпер жа ёсць тут толькі сарна / Ды даніель, казёл адзіны, / А рогі тыя, як галіны. (XIV, 259-261) ДАРЭКТАР, м. ... Вандроўны настаўнік, звычайна падлетак, які скончыў вясковую школу і вучыў вясковых дзяцей грамаце (ТС) Не трэба й кланяцца Яхіму - Наняць дарэктара на зіму. (XIV, 55-56); Яшчэ дырэктар не з'явіўся, / А Ўладзя хлопцам пабажыўся, / Што ён за вуха ўзяць не дасца. (XIV, 83-85). ДАТЫКАЦЬ, незак. Датычыцца (ТС) Бярэ Міхал свае прылады, / Якія стрэльбе датыкаюць; / Цяпер зайцы ў лясах гуляюць. (XVIII, 111-113) ДАЎЖНІК, м. ... Вузкі тоўсты брус, які закрывае спэцыяльнае акно ў калодзе, зробленае для назіраньня за пчоламі, а таксама для вызначэньня колькасьці мёду ў калодзе (Міцкевіч-2005'8) Злавіў пчалу і адкідае, / Даўжнік павольненька вымае. (XIII, 328-329) ДЖУРГАНУЦЦА, зак. Потрястись, прийти в взволнованное состояние (БНсл.) Алесь, у смутку джургануўшысь, / пашыўся ў запечак, сагнуўшысь. (XV, 223-224) ДЖЫНДЖЫК, м. Спрытняга; спрытны, праворны чалавек, істота. Няма на іх, вужак, паморку, / Вось на такіх чартоў лазатых, / На гэтых джынджыкаў праклятых! (X, 48-50) ДЗЯЛЯНКА, ж., у выразе: ПАДРАЗАЦЬ ДЗЯЛЯНКІ. Падразаць пчаліныя соты (Міцкевіч-2005'8). Кандрат дзялянкі падразае, / І крэхча, бедны, і пацее, / Пчала ад дыму бы п'янее, / Ў галовы далей запаўзае. (XIII, 334-337) ДРАБНІЦА, ж. ... Маленькія жывыя істоты (ТС) За ім шоў воўк, зайцы, куніцы / І многа ўсякае драбніцы. (XIV, 224-225) ДРАВЯНІНА, ж. Тое, што зроблена з драўніны (ТС); сама драўніна. Там ёсць ігруша і кляніна, / Якая хочаш дравяніна. (XVI, 159-160) ДЫМНІЦА, ж. Дымавая труба. А гэта хата вось якая: / Перш-наперш выгляд добры мае; / Стаіць пры рэчцы ці крыніцы, / На ёй дзве дымніцы-блізніцы. (XVII, 162-165) ЗАГАСІЦЬ, зак. З размаху моцна ўдарыцца аб што-н. (ТС) І так у брук бядак загасіў, / Траха манеркі не расквасіў. (XXVIII, 171-172) ЗАКОХКАЦЬ, зак. Закашляць, тут - затрашчаць. Лядок закохкае, угнецца / І вось-вось зломіцца, здаецца. (XIX, 13-14) ЗАЛАБ, прысл. За волосы около лба (брать). Але тут сёстры сердавалі / І залаб Юзіка цягалі. (III, 65-66) ЗАЛІВАННЕ, н. Праборка, наганяй (ТС) Наконт паноў і палявання. / Ох, дасць Ракоўскі залівання. (XXIII, 79-80) ЗАСОС: З ЗАСОСАМ, прысл. Аддана, палка, заўзята. Ідзе без шапкі [Антось], круціць носам - / Гаворыць пацеры з засосам (II, 165-166); І, баючыся ашукацца, / Раллю панюхаў [конік], стаў качацца / З такім засосам і ахвотай, / Бакі намуляўшы работай (IX, 93-96) ЗГІНОТА, ж. Гибель (БНсл.) Прыйшла згінота на Міхася - / Падумаў ён у нейкім страсе. (XXX, 233-234) ЗДОЛЬНА, прысл. Весела, гарэзьліва, гучна (ТС) А пташкі голасна і здольна / Смяюцца мілым шчабятаннем.(I, 126-127) ЗЖЫТЫ, -ая, -ае. Изжитый. Нязжыты след прасцяцкай долі, / Адвечны водгук праўды, волі. (XXX, 29-30) ЗЛАСМЕХ, м. Злосная, ядкаватая насьмешка (ТС) Прынамсі з гэтакім паспехам, - / Міхал аклікнуўся зласмехам. (X, 298-299) ЗЛАСМЕШНА, прысл. Са злараднай насьмешкай (ТС) Наняўся, кажуць, як прадаўся! - / Міхал зласмешна адазваўся. (IX, 299-300) ЗЛОТКА, ж. Залатоўка (манэта ў 15 кап.) (ТС) Былі ліны, язі і плоткі - / Лузаў дзед добра сабе злоткі. (XI, 86-87) ЗЛУЧНА, прысл. Сугучна, складна, улад (ТС) І гоман іх званоў вясёлы / Ў паветры гуў таемна, злучна / І заміраў дзесь мілагучна. (XXIX, 209-210) ЗЛЫБЕДЗЬ, ж. Тое, што і злыбеда. Тут справа не ў сваёй сядзібе, / А ў ладзе гэтым уся злыбедзь. (XXX, 193-194) ЗМАЛА, прысл. Крыху, трохі (ТС) То трэба ўжо, каб кожны ведаў / Пра дзеда Юрку хоць бы змала. / Перш-наперш Юрка - цесць Міхала. (XI, 59-61) ЗМАЛЯ, прысл. З маленства, з малых гадоў (ТС) І бацька праўдзе вучыў змаля, / Дык з гэтай праўдай ступім далей. (VI, 64-65) ЗМЫСЛА, прысл. Разумна, разважліва (ТС) Наогул трэба жыць больш змысла / І больш мяркоўна, болей сцісла. (XXVI, 61-62) ЗНІЖАЦЦА, незак. ... Прыніжацца. І так зніжацца! цьфу, агіда! / Не мець ні вобраза, ні віда. (XII, 296-297) ЗЫЗНУЦЬ, зак. ... Быстро выскочить (БНсл.). Абрыцкі-Тэш быў-такі з нюхам, / Ад Хрумы зызнуў адным духам. (VIII, 287-288) КАЛАМАЗ, м. Мазаньнік колаў. З тваёй навукай гэтым разам, / І будзеш век ты каламазам! (XXI, 228-229) КАЛЬВА, ж. Тое, што і каліва - асобна ўзятая расьліна, сьцябліна, зернейка або малая колькасьць нечага (Бушлякоў) І спіны гнуцца, бы ныраюць; / Па струнах-кальвах пальцы граюць. (XXV, 477-478) КАЛЮШКІ, мн. Ігліцы хвойных дрэў (ТС) Шнураюць бабы і дзяўчаты / І кантралююць мох узняты / І тыя кучачкі калюшак, / Дзе грыб схаваў свой капялюшык. (XXV, 599-602) КАПАРНУЦЬ, незак. ... Бадануць (ТС) На зло Рагуля ўжо ў варотах / Цялушку рогам капарнула, Аж тая, бедная, раўнула; (II, 137-139) КАРАШЧУП, м. Тое, што і КУРАШЧУП - мужчина, досматривающий кур и вообще ведущий по хозяйству женскую работу (гл. камэнтар), у паэме - у пераносным сэнсе. Такога вышукаюць струпа / Ці адшчапенца-карашчупа. (IX, 129-130) КАРОТКА, прысл., ... у выразе: ЗНАЦЬ КАРОТКА. Знаць блізка, таварышаваць. Ён машыністаў знаў каротка, / Кандуктарчыха - яго цётка. (XXVII, 115-116) КАРЧАВІТЫ, -ая, -ае. Коренастый (БНсл.) Вось як жывога, дзядзьку бачу, / Я тут партрэт яго зазначу, / Ён невысок, не надта ёмак / Ды карчавіты і няўломак. (XVI, 123-126) КАРЭНКАВАТЫ, -ая, -ае. З тоўстым коранем (пра грыбы) (ТС) Прыземісты, карэнкаваты, / Чорнагаловы, паўнацелы, / Як тонкі кужаль, знізу белы. (XXV, 634-636) КАСАРСТВА, н. Касьба, кашэньне (ТС) Каб не ўвадзіць людзей у грэх, / Касарства зводзячы на смех. (XXV, 46-47) КАСЦЁР, м. ... Стос, горка (ТС) Паміж дзвюх лаў пад абразамі / Туліўся стол з двума кастрамі / Аладак грэцкіх, як пампушак. (III, 7-9) КАЦЁЛ: у выразе НАСІЦЬ КАТЛА. Насіць каго-н. за плячыма. Насі "катла", кажы ім казкі / Ідзі на поплаў з імі ў краскі. (VII, 5-6) КАЦЬМАК, м. Цёмны, неачэсаны, нязграбны, няспрытны чалавек (Збор твораў-1952); неотёса, мужлан (БНсл). Жылі па-свінску, кацьмакамі, / І ў добрай згодзе з прусакамі. (VI, 112-113) КВАПІЦЬ, незак. Прыцягваць увагу, цікавасьць (ТС) Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, / Або паехаць у сялібу / Ці ў млын малоць на хлеб збажынку - / Ўсё гэта квапіла хлапчынку. (VII, 96-99) КВАС, м., у выразе: ДАЦЬ КВАСУ. ... Правесьці сагнутым вялікім пальцам па галаве супраць валасоў (Збор твораў-2009) Ды пад нядобрую часіну / Дадуць там "лэмбуся" і "квасу", / Каб не круціліся без часу. (III, 84-86) КІЛЗАЦЬ, незак. ... Лавіць рыбу на кручок (ТС) І з вудай дзядзька шчасце мае: / Язёў занадзіць і кілзае. (XI, 165-166) КЛЯКОТКІ, мн. Прыстасаваньні, пры дапамозе якіх утвараюць трэск, шум, лёскат; трашчоткі - Эх, шкода, брат: няма клякотак! / Ну, хоць бы з парачку трашчотак! (XVIII, 263-264) КЛЯНІНА, ж. ... Драўніна клёну (ТС) Там ёсць ігруша і кляніна, / Якая хочаш дравяніна. (XVI, 159-160) КОШАНІНА, ж. Скошенная трава (Бнсл.) Ляжыць і кошаніна й віка - / Не агалеў яшчэ Хадыка! (XXVI, 299-300) КРУМКНУЦЬ, зак. Абазвацца гукамі, падобна на "крум-крум" (ТС) Ці дзесь крумкач разок, другі / У небе крумкне смутна-глуха. (XXX, 480-481) КРЫЖАСТЫ, -ая, -ае. Які па форме і выгляду нагадвае крыж, перакрыжаваны (ТС) Зірні на луг прад навальніцай, / Калі крыжастай бліскавіцай (XXV, 242-243) КУМ, м. ... Сваяк ці блізкі чалавек, які меў дачыненьне да набыцьця і развядзеньня пчол гаспадаром (Параўн. КУПІЦЬ НА КУМЫ, фраз. Купіць што-н. у супольнае карыстаньне) (ТС) І мёду трохі нанасілі. / Дык вось кумоў і запрасілі / На гэты дзень падгледжваць пчолы. (XIII, 87-89) КУРОДЫМ, м. ... Прылада для абкурваньня пчол дымам, каб ня так моцна кусаліся ў час падгляду (Міцкевіч-2005'8) Антось бярэ куродым, сіта, / Глядзіць на гэты рой сярдзіта. (XIII, 47-48); Ўзялі і ночвы, і куродым. / - Ну, памажы, святы Мікодым... (XIII, 322-323) КЯЛБОК, м. памянш. ад КЕЛБ. Невялічкая рачная рыба сямейства карпавых (ТС); пескарь (БНсл.) Шчупак, лінок, акунь, карась, / Кялбок і ялец, плотка, язь. (XX, 276-277) ЛАПКА, ж. ... Хваёвая, яловая галінка (Рус.-бел, 1953). Скрозь лапкі хвоек і галінкі / Сінела неба гладзь. (II, 280-281); У ельняку з яловых лапак / Стаіць салаш, як тая хата. (XIV, 253-254); І што ж? Вось вам і таямніцы: / Ялова лапка ўлезла ў спіцы! (XVI, 321-322) ЛГАР, м. Хлусьлівы чалавек. Ляснічы-змей, ну, аж шалее, / Жыўцом грызе сваю ахвяру. / - Пся крэў твая, галгане, лгару! (XII, 370-372). ЛЁСЫ, прым., у выразе: ЕХАЎ ЛЁСЫ. Улегцы, паражняком, задаволены, шчасьлівы, рады (ТС) Дадому дзядзька ехаў лёсы, / Кладзе ён човен на калёсы, / І едзе наш Антось вясёлы, / І з ім падсмейваюцца й колы. (XI, 199-202) ЛЭМБУСЬ, м., у выразе: ДАЦЬ ЛЭМБУСЯ. Пацягнуць залаб (за валасы) (Збор твораў-2009). Ды пад нядобрую часіну / Дадуць там "лэмбуся" і "квасу", / Каб не круціліся без часу. (III, 84-86) ЛЮДСКАВАЦЦА, незак. Добра пажыць, ня ведаючы турбот, клопату (ТС) - Вось, каб Галонскі тут астаўся! / За ім бы, брат, палюдскаваўся. (IX, 121-122) ЛЯГАШ, м. Лягавы сабака; у паэме - мянушка кандуктара (Збор твораў-2009) "Лягаш" у дзядзьку ўцікаваўся / І, як з ім толькі параўняўся, / Пад бок штурхнуў яго рукою. (XXVII, 266-268) МАРМОТКА, м. і. ж. Той, хто мармыча, бубніць (ТС) - Чаго ты шворышся, мармотка? / Ў пытаннi маткi злосцi нотка. (XV, 263-264) МАХНУША, м. і. ж. Головня (БНсл.) Сярдзіты, чорны, як махнуша, / І нават нос той, дуля-груша. (XXX, 108-109) МУШТАРДА, ж. Гарчыца (Збор твораў-1952) Муштарда, хрэн - адно дзяржыся, / У рот паложыш - сцеражыся! (XXIV, 317-318) МЫСЛІВЫ, м. Паляўнічы (Збор твораў-1974); егерь (охотник) (Булыка) "Памдзей", аб'ездчык і мыслівы, / На пачастункі памаўзлівы. (XII, 182-183) МЫЦКА, ж. Маленькая кусьлівая мушка (Каўрус); Simuliidae, двухкрылыя насякомыя. Даўжыня цела да 6 мм. Чорныя і вельмі кусачыя і надакучлівыя. Актывізуюцца яны летам, асабліва ў сонечныя дні (Міцкевіч, Міцкевіч-2003'10) Кастусь у чоўне ўжо дурэе / Без нагавіц, ў адной кашулі, / І хоць за ногі мыцкі тнулі, / І запускалі як бы спіцы. (XI, 214-217) МЯРКОЎНА, прысл. Беражліва, з адчуваньнем меры (ТС) Наогул трэба жыць больш змысла / І больш мяркоўна, болей сцісла. (XXVІ, 61-62) МЯРКОЎНЫ, -ая, -ае. Памяркоўны (ТС) Дырэктар выдаўся мяркоўны / І лепшы нават, як свой кроўны; (XV, 51-52) НАГВАЛТ, прысл., у выразе: КРЫЧАЦЬ НА ГВАЛТ. На ўсю моц, на ўсё горла крычаць (ТС) «Бадай ты спрахла! дзе ж дарога? / Нагвалт крычы гарадавога! (XXVIII, 189-190) НАДАЕДНЫ, -ая, -ае. Надакучлівы. І колькі раз ён чуе гэта! / Ну й надаедная ж кабета. (XII, 43-44) НАДЗЕЛ, м. ... Мера зямлі (каля 15 дзесяцін) (Збор твораў-1974). Ну, пляц, зямлі на чвэрць надзела; / Лічы пад тысячу іх смела. (IV, 17-18) НАКРОП, м. 1. Настой з пахучых траў для апырскваньня пчол (ТС) За імі дзядзька наш з накропам / З вярбы на землю шуснуў снопам. (XIII, 67-68). 2. Тое, што і накрапываньне. - Давай, давай, дожджык, накропу, / Сюды, дзяўчаткі, лезьце ў копу. (XXV, 320-321) НАМАКАЦЦА, зак. Наесьціся чаго-н., макаючы (у сьмятану, тлушч) (ТС) - Бяры, Антось! - Я намакаўся, / Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. (III, 121-122) НАПАМАДЗІЦЬ, зак. Змазаць дзёгцем (ТС) А напамадзіўшы калёсы, / Паправіў вітыя атосы (XXIV, 58-59) НАПІС, м. Тое, што і надпіс. І на нявідныя скрыжалі / Трох неажыццеўленых слоў / Пісалі напісы вякоў... (XXX, 75-77) НАПІЦАВАЦЬ, незак. Напхаць, многа ўзяць, многа накласьці. Бо потым шчыра пашкадуеш, / Калі жывот свой напіцуеш. (XX, 242-243) НАСЛЯПОЕ, прысл. Усьлепую (ТС) Адно акенечка і тое / Глядзела цмяна насляпое (XXVII, 316-317) НАТУЖЭННЕ, н. Тое, што і натуга. Цаною доўгага шукання, / парады, спрэчак, натужэння, / і нестрыманага імкнення. (XXVI, 75-77) НАТУРА, ж., эўф., у выразе: РАСПЛАЦІЦЦА З НАТУРАЙ. Задаволіць фізыялягічную патрэбнасьць чалавека. І там стаялі, не йшлі ў хату, / Пакуль з натурай меў расплату. (XV, 292-293) НАЧАТКІ, мн. Падручнік па Закону Божаму (асновы хрысьціянскага вучэньня). НЕБАЖАТЫ, мн. ... Дзеці, моладзь**. - Ну, небажаты, будзем снедаць - / У людзей садзяцца ўжо абедаць. (III, 1-2); І вось як глыза садрагнецца, / Яна і грукне, як з гарматы... / Ну, зразумелі, небажаты? (XXI, 215-217); НЕРАДЗЕННЕ, н. Абыякавыя адносіны да якой-н. справы, да сваіх абавязкаў; нядбайнасьць (ТС) Ўсё дачыста / Казала ясна, галасіста / Аб непарадку, запусценні, / Аб гаспадарскім нерадзенні. (VI, 92-95) НЕСПАДЗЕВА, ж. Нечаканасьць, неспадзеўка (ТС) - І трэба часам крыж пакуты / Панесці, мілыя мае вы, / Зазнаць і гора, неспадзевы! (XXX, 206-208) НЕЎЗІРАНЫ, -ая, -ае. Нечаканы (ТС) Што за праява напаткала? / Няўжо яна, смерць, неўзірана? (XXX, 236-237) НЕЦЯРПЯЧКА, м. і ж. Той, хто ня мае цярпеньня (ТС) - Які ты, хлопча, нецярпячка, / Няхай цябе затопча качка! (VII, 236-237) НЯЗБОЖНА, прысл. Бедна. Яно б чаму? Служыць бы можна, / Каб не валяўся так нязбожна. (III, 283-284) НЯЎЛОМАК, м. Той, хто не гультайнічае, не лянуе (у ТСБМ ёсьць уломак). Вось як жывога, дзядзьку бачу, / Я тут партрэт яго зазначу, / Ён невысок, не надта ёмак / Ды карчавіты і няўломак. (XVI, 123-126) НЯЎСЛУШНІК, м. Непаслухмяны чалавек. І дзядзька часам разгарыцца, / Гатоў няўслушніку па пысцы / праехаць шорсткім сваім пальцам. (XVIII, 173-175) ПАВУК, м. ... Паўлін (БНсл). І, распусціўшы хвост мятлою, / Павук пахаджываў з павою. (VIII, 158-159) ПАВУЦЦЁ, н. Тое, што і павуціна. З заметна зніжанаю столлю / І з павуццём па звуголлю. (XXVI, 491-492) ПАДКРАСА, ж. Макіяж. Паненак розныя прыпасы / Для завівання, для падкрасы. (XXVIII, 7-8) ПАДЦІНАЦЬ, незак. Цьвяліць, жартаваць. - А ты, Ламук, не выскаляйся, / Лепш нос абцерці пастарайся - / Сапляк, унь, губу ўжо мінае! - / Алеся дзядзька падцінае. (XIII, 105-108) ПАДШЫВАНКА, ж. Вяроўка для падплятаньня лапцяў. Раменным вушкам паддабрыцца / Ці падшыванку звіць на лапаць, - / За вуха ён не будзе цапаць. (XV, 54-56) ПАКВАПНЫ, -ая, -ае. На які можна паквапіцца, панадны, які дакляруе шмат выгодаў. Так у лясніцтве кут парожны, / Куток паквапны і багаты. (VIII, 103-104) ПАЛАНЕННЕ, н. Тое, што і палон. А дзе ж той выхад? дзе збавенне? / З няволі цяжкай, з паланення? (XXVI, 31-32) ПАМАДА, ж. Калёсная мазь. Антось агледзеў тут прылады, / Калёсам добра даў «памады». (XXIV, 54-55) ПАНУКА, ж. Тое, што і пануканьне, прымус да нечага - А па сняданні - за навуку! / І не чакаць мне на пануку. (XV, 23-24) ПАСТКА, ж. ... Пашча. І натаміў, як мае быць [шчупак], / І пастка ўжо з вады тырчыць. (II, 211-212) ПАЎДЗЕННЕ, н. Тое, што і поўдзень. На залаты парог паўдзення / Скрозь беларуннае адзенне. (XIV, 17-18) ПАХІЛАК, м. Нябога, бядак. Стаяў прыгрэбнік адзінока, пахілкам, горкім сіратою (I, 228-229). Таксама: Пазнаў я яго па каптане. / Ды гэты ж пахілак, худзенькі вахлак - / Нябожчык наш, бацька твой, пане!!! ("Даняў"). ПЛЯСТРА, ж., ПЛЯСТРЫ ГОЛЫ. Пустыя соты, не запоўненыя мёдам. - Ах вы, гультайкі! плястры голы, / Хоць вы даўно старыя пчолы... (XIII, 330-331) ПЛЯЦКА, ж. Пляскатая булка (Збор твораў-2009); блинчик с маслом (БНсл). Такую выштукуе цацку, / А ў Свержань пойдзе - купіць пляцку. (VII, 106-107) ПОСТРЫЖАНЬ, м. Прылада для лоўлі рыбы, звычайна шчупакоў (Збор твораў-1952) Бывала, пострыжні прыправіць, / На шчупакоў нясе і ставіць. (XI, 159-160) ПРАВЕ, прысл. Амаль. Не спаў ён праве цэлай ночы, / На свет глядзець не хочуць вочы. (XXVII, 252-253) ПРАСТКІ, мн. Самы кароткі (па простай лініі) шлях (Сцяцко). Так гаманілі, йшлі прасткамі / То праз лужок, то хвайнікамі. (VIII, 83-84) ПРАТАЛАЧЫЦЦА, зак. Пратаўчыся (ТС) Бо цэлы дзень праталачыўся / І, ноч не спаўшы, утаміўся. (IX, 5-6) ПРОХЛАДЗЬ, ж. Прахалода. Гарачы дзень! Эх, спёка, спёка! / А прохладзь вечара далёка. (XXV, 451-452) ПРЫКАЗАНЬНЕ, н. Загад. Антось рыхтуе паляванне. / Дае ён хлопцам прыказанне, / Хоць тыя самі без прыказу / Ахвотна годзяцца адразу. (XVIII, 257-259) ПРЫКЛАД, м. Абчэсаны кавалак ствала дрэва (часьцей дуба) з сучкамі ці камень, якія клаліся на магілу на Палесьсі (ТС). І мне заўсёды горка стане / Калі я ўбачу на кургане / Пад шэрым прыкладам драўляным / прыпынак вечны селяніна. (VI, 29-32) ПРЫЎДАТНЫ, -ая, -ае. Прыўдалы, цудоўны (Каўрус) На дрэве покаўка таўшчала, / Ў сабе лісточак далікатны, / Пахучы, свежанькі, прыўдатны / На добрым сонцы гадавала. (VI, 122-125) ПРЫЧХАЦЬ, зак. Хутка прыйсьці, прыбегчы (ТС) І не прыедзе, а пяхотай / За душу мілую прычхае. (VIII, 110-111) ПСЯЛЫГА, ПСЯЛЫТКА, ж. Псиная кость (побранка) (БНсл.) Антось заўважыў. - Як-то хвігі? / Няхай асмеляцца, псялыгі! (XIV, 65-66); Ох, трэба ведаць іх, псялытак!.. / Сказаць жа - гэта іх прыбытак. (XXX, 151-152) ПУЖАЛЕНЦА, м. Невялікае пугаўё (ТС) З такою думкаю ў акенца / Міхал пастукаў пужаленцам. (XXVI, 249-250) ПУСТАПЛЯС, м. Гультай, лодар (ТС) (XVI, 155-156) ПУПІК, м, ласк. Пуп, пупок. І так, бывала, наясіся, / Што хоць на пупіку круціся. (VII, 89-90) ПУСТЭЛЯ, ж. Тое, што і пустэльня. Ох, страшна гэта ноч-пустэля! / Яна ў пякельны мрок засцеле / Яго жыццё і гэты свет. (XXX, 382-384) ПЫНІЦЦА, незак., у выразе: ПЫНІЦЬ ЖЫВОТ. Наядацца (ТС) І свой жывот галодны пыніць, / На спевы дзюба не расчыніць. (XXI, 39-40) ПЯРЫЛЫ, мн. Перагародка, якая аддзяляе ток у гумне ад застронка (ТС) РАГОЛЬ, м. Пра жывёліну зь вялікімі рагамі. Калі глядзець на яго [лася] ззаду, / А з галавы - раголь-грамада. (XIV, 222-223) РАВІЗОВЫ, м. Ревизор (Бнсл.) Быў пан Кржывіцкі, равізовы, / Яшчэ нябачаны тут, новы. (XXIII, 133-134) РАЗРУХА, ж. ... Вялікая актыўнасьць (параўн. Сама розрух = Часы пик). Ўсё там кіпіць, бы ў час разрухі, / Снуюць служачыя, як мухі. (XXVII, 157-158) РАМСЦІЦЦА, незак. Імкнуцца да каго-, чаго-н., хацець чаго-н. А не будзь, чорце, слабы / І не рэмсціся да бабы. (XIII, 579-584). РАНДЭЛЕК, м. [Чорны] Невялікі рондаль, каструля. А ў рандэльку стаіць лой, / Але не твой, не - не твой! (VIII, 224-225) РАСКВЕТ, м. Тое, што і росквіт. У часе летняга расквету! / Эх, выйдзі ў поле, брат, дасвету. (XXV, 504-505) РОЗДАРАЖ, ж. Тое, што і раздарожжа. І часта роздараж іх быту / Над імі зляжа, як навала, / І гэта даль падчас пужала. (XXX, 173-175) РУШЭННЕ, н. Зрух, зьмены ў чым.-н. (ТС) Цярпі! чаму? дакуль цярпенне? / Калі канец яму, рушэнне? (XII,118-119) САРАКОЎКА, ж., у выразе: СТРАЛЯЦЬ У САРАКОЎКУ. Даць промах (Новая зямля-1975), спудлаваць, выстраліць нялучна. Ды толькі трэба мець знароўку, / Каб не страляць у саракоўку. (XI, 80-81) САСЛУГАЧЫ, м. Саслужывец (БНсл.) Але, спаткаўшы саслугачых, / Спакойных больш і менш гарачых, / Міхал мяняе выраз твару. (XII, 172-174) СЕМ'Е, н. Тое, што і семя. Вось так і пырскнуць у надзем'е [конікі] / Як бы сявец той сыпне сем'е. (II, 284-285) СІТА, н. ... Прыстасаваньне для аховы твару, шыі і плячэй ад пчаліных джалаў падчас працы пчаляра на пасецы. У падвойны абруч закладваўся кавалак сіта (такі, як для прасейваньня мукі), празь які зручна заглядаць у вулей і назіраць за пчоламі. Галаву і шыю засланяла белая льняная палярына. (Міцкевіч-2005'8) Антось бярэ куродым, сіта, / Глядзіць на гэты рой сярдзіта. (XIII, 47-48) СКУТАК, м., у выразе: ЗНАЙСЦІ СКУТКУ. Дайсьці да ладу, дагаварыцца (Новая зямля-1975) І цесляры ўжо зруб канчалі, / Гірш з Моўшам дошкі пілавалі; Ніяк не знойдуць яны скутку / І ўвесь дзень сварацца за дудку. (IX, 101-104) СМЫКАЦЬ, незак. Цягнуць, валачы (гл. камэнтар) Але ўдалымі іх не лічуць / Жывуць, цярпліва долю смычуць. (VI, 52-53); Клубкамі коціцца і смыча / І нос прыемненька казыча. (XXVI, 509-510) СПАВАГУ, прысл. Степенно, солидно (БНсл.) Сябры ўстаюць, ідуць спавагу / І на прашпект нясуць сярмягу. (XXIX, 11-12) СПОЖЫЦЬ, ж. Харч. Пчала аб мёду меней дбае, / І спожыць ёй ужо не тая. (XIII, 83-84) СПОНКІ, мн. ?? А спела-поўныя зярняткі / Глядзяць, як спонкі-вачаняткі. (XXV, 398-399) СПЯВАНКА, ж. Песьня. Плывуць-дрыжаць спяванак тоны; / І тыя песні засмучоны. (XXV, 190-191) СТАНОЎКА, прысл. Цьвёрда, стойка (Каўрус) А снег станоўка і заложна / Так і шуфлюе. (XVIII, 79-80) СТАРЫНКА, ж. Пра тое, што зроблены даўно (ТС) Язык развяжа свой і мама, / Пачнуць казаць свае ўспамінкі, / Вясці размовы пра старынкі. (XVI, 228-230) СТРАХЛІВЫ, -ая, -ае. Які выклікае пачуцьцё страху (ТС) Зацягне жаласна, нудліва; / Ці загугукае страхліва / Злы гэты дух - сава-начніца. (XXX, 483-485) СТРАЧВАЦЦА, незак. ... Губляцца ад нечаканасьці (ТС) (XXV, 619) СТРЫЖЭНЬ, м. Крыніца на дне рэчкі, над якой у зімовы час не замярзае вада (Збор твораў-1952) Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты, / А бедны воўк, вадой падцяты, / Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. (XVII, 279-281) СТРЫНГАЛЯВАТЫ, -ая, -ае. Падгалісты, танканогі (ТС) І вучням нават тут прыйшлося / Сказаць дырэктару пра лося: / Які вялікі ён, рагаты, / Паджары і стрынгаляваты. (XIV, 218-221) СТРЭЛКА, ж. Дзіцячая цацка ў выглядзе стрэлкі (ТС) (VII. 104) СУЗНАВАННЕ. Тое, што і ўсьведамленьне. І горка гэта сузнаванне, / Што ад жыцця ты ўжо адсечан, / І нават можа быць адмецен / І блізак час яго сканання. (XXX, 342-345) СХІСЯНУЦЦА, зак. Тое, што і схамянуцца. Зірні: унь дуб які ўжо Ўладзя! - / На зэдлі Ўладзік схісянуўся. (III, 233-234) СХОДНА, прысл. Прымальна, выгадна. Кандуктар добры: ён згадзіўся / Давезці ў Вільню дзядзьку сходна. / Уздыхнуў тут дзядзька наш свабодна (XXVII, 231-233) СЦІГАЦЬ, незак. Шпарка ісьці шырокімі крокамі; сігаць (ТС) Ідзе далей, ізноў сцігае, / Дарога гэта - немалая!.. (XIV, 107-108); Сябры назад з гары звярнулі, / Шырокім крокам сціганулі. (XXIX, 281-282) СЦІСЛА, прысл. 1. Ашчадна, эканомна (XXVI, 62); 2. Прадумана (XXVI, 465) ТАЛАЧЭЧА, ж. Таўкатня, бязладзьдзе (ТС). - А пэўна: будзе талачэча, / Не без таго ўжо, чалавеча! (VIII, 75-76); А ты круціся, хвост авечы, / Канца няма той талачэчы. (X, 216-217) ТРОП, м, ... у выразе: УЗЯЦЬ ТРОП. Узяць сьлед (ТС) (XVII, 257) ТУСКНОТА, ж. Сум, смутак, журба (ТС) І пачуванне адзіноты, / Пустэчы цёмнае, тускноты. (XXX, 267-268) ТУХАЛЬ, ж. Тухляціна. І нейкай тухаллю і тленню / Нясе ад чорнага адзення. (XXX, 543-544) ТУХКАЦЬ, незак. Тое, што і тахкаць. Каровы злосныя бягуць, / Адна другую б'юць рагамі / І толькі тухкаюць нагамі. (II, 124-126) УДАННЕ, н. Данос (ТС) І не такі, як Ворцюх, зыркі, / І меней здольны на прыдзіркі / І на падкусы, і на ўданне, / За што й вагі ён не меў звання. (XII, 192-195) УЗДУЖАЦЬ, незак. да УЗДУЖАЦЬ. ... Здолець. Антось на словы не зважае, / Бо ўласным вокам уздужае / Зямлі вартоўнасці спазнаці. (XXVI, 389-391) УЗЛУПКА, ж. Лупцоўка, праборка. Свае спаўнялі абавязкі, / Дзе і ў каго былі парубкі, / Каб мець прычыну дзеля ўзлупкі. (XII, 269-271) УНІКАЦЬ незак. ... Зьнікаць, прападаць. Балелі ногі, ўнікла сіла, / А спаць так моцненька кланіла! (XXVII, 214-215) УСЕРДАВАЦЦА, зак. Узлавацца. І нейкі смутак навязаўся, / А ўрэшце ён усердаваўся. (V, 68-69) УСПАМІНКА, ж. Расказ аб мінулым, перажытым (ТС) (XII, 247) УЦІКАВАЦЦА, зак. Засяродзіць на кім-, чым-н. сваю ўвагу, угледзецца (ТС) "Лягаш" у дзядзьку ўцікаваўся / І, як з ім толькі параўняўся, / Пад бок штурхнуў яго рукою. (XXVII, 266-268) ФАСАВАЦЬ, незак. ... Гарманізаваць з чым-н., пасаваць да чаго-н. (ТС) Не меднай спронжцы лось красуе / І з жоўтай бляхаю фасуе. (XVIII, 143-144) ХІБЕЦЬ, незак. Прыходзіць у заняпад, марнець (ТС) Хібеюць доўга тыя гоні. / - Э, плюнь, браток мой! плюнь, Антоні! (XXVI, 419-420) ЦЕНКІ, -ая, -ае. Худы (Чалавек) Ўсё панічы-зухі, паненкі, / А станік іх, бы ў восак, ценкі. (XXIX, 101-102) ЦЕНЯВАЦЬ, незак. ... Ісьці прама, не зварачаючы ўбок (ТС) Антось і Костусь ідуць з хаты. / Цянююць вуліцай дзяўчаты. (XXIV, 179-180) ЦЯГАМ, прысл. Доўга, плаўна. Але не цягам ён такуе, / А робіць часта перарывы, / Тады ўжо чутак ён надзіва. (XXII, 259-261) ЧАПАЛАС, м., у выразе ДАЦЬ ЧАПАЛАСУ. Даць дыхту, наганяй (Новая зямля-1975); даць і ў хвост, і ў грыву (Збор твораў-2009); встряска, встрепка (БНсл.) Пляваць яму на тваю масць, / Але ўжо чапаласу дасць. (XI, 108-109) ЧМЫС, м. Пыса. На Таксу сам ён нападае / І чмыс яе грызе, кусае. (XVIII, 235-236) ЧЭПАК, м. = Чапец Вайшла і Хрума ў старым чэпку. / - Здарова, цёта! як ты крэпка? (VIII, 271-272) ШКНУЦЬ, зак. Шалахнуцца, адазвацца (ТС); пикнуть (БНсл.) І верабей з усёй раднёю / Не шкне, схаваўшысь пад страхою. (XIX, 131-132) ШТАЎХАЦЦА, незак. Тое, што і таўхацца. Бяжы хутчэй, рассунь засоўкі / Каб не штаўхаліся дарма. (II, 108-109) ШТУЧНА, прысл. Вельмі добра, па-майстэрску (ТС) І толькі дрозд высвістваў штучна, / Як на кларнеце, мілагучна. (XXII, 236-237) ШУРА-БУРА, ж. Сумятня, шурум-бурум (ТС) Глядзеў за бэльку і ў пячуру, / Падняў такую шуру-буру, (XV, 271-272) ШУФЛЯВАЦЬ, незак. ... Сыпаць (сыпацца) густа (ТС) А снег станоўка і заложна / Так і шуфлюе. (XVIII, 79-80) ШЧЫТНЯК, м. Жорсткая, сухая трава (Збор твораў-1952); сівец (ТС) Каса не косіць - каса брые / І шчытнякі бярэ сухія. (XVI, 169-170) ШЧЭМЛЕНЫ, -ая, -ае. Шчыльна самкнуты, сціснуты. Ні моцна шчэмлены кулак / Не зменіць справы аніяк. (XII, 116-117) ШЭЙ-НА-КАТРЫНКА, ж, у выразе ЗАВЕСЬЦІ ШЭЙ-НА-КАТРЫНКУ. Пачаць дакучлівую размову; гаварыць адно і тое ж (ТС) А тут яна шэй-на-катрынку / Як завядзе, дык без упынку. (XII, 83-84) ЮХА, ж. ... Молодец (Станкевіч); пра спрытнага чалавека, істоту [параўн. Хлапец юха. Нсл. Конь твой юха. Тм.] Дык ён жа здохне! - Ну чаго там! / Шчупак - жывучая, брат, юха! (II, 220-221); ЯБЛЫНІНА, ж. Драўніна яблыні (ТС) Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі! / Там многа яблынін на лыжкі. (XVI, 157-158)
Скарачэньні: 1. БНсл - Беларуска-расійскі слоўнік. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. 2. Булыка - Беларуска-рускі слоўнік. Менск: Аверсэв, 2001. 3. Рус.-бел, 1953 - Русско-белорусский словарь: В 3 т.: Около 110000 слов. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. - 8-е выд. ISBN 985-11-0225-3 (перавыданьне слоўніка 1953 году пад рэдакцыяй Я.Коласа, К.Крапівы і П.Глебкі). 4. Сцяцко - Мовазнаўчы досвед [1] 5. Каўрус - Каўрус, А. А. Словасклад: слоўнік адметнай лексікі / Алесь Каўрус. - Мінск: Выдавецкі дом "Звязда", 2013. - 328 с. 6. ВСБМ - Піскуноў, Ф.А. Вялікі слоўнік беларускай мовы: арфаграфія, акцэнтуацыя, парадыгматыка (каля 223 000 слоў) / Ф.А. Піскуноў. - Мн.: Тэхналогія, 2012. - XVI + 1 208 с. - 7. Збор твораў-1974 - Колас Я. Збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6. Паэмы "Новая зямля" і "Сымон-музыка". Мн., "Маст. літ.", 1974. - 624 с. 8. Міцкевіч-2005'8 - Соф'я Міцкевіч. "Пладзілісь пчолкі з кожным годам..." Назвы пчалярскіх прыладаў у паэме "Новая зямля" Я. Коласа // Роднае слова. - 2005. - № 8. - С. 118. 9. Бушлякоў - Юрась Бушлякоў. Жывая мова. - Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013. 294 с. 10. Збор твораў-2009 - Колас, Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 8. Паэма "Новая зямля" / Якуб Колас; рэд. тома М. І. Мушынскі; падрыхт. тэкстаў і камент. Э. А. Золавай; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. - Мінск: Беларус. навука, 2009. - 347 с. 11. Новая зямля-1975 - Колас Я. Новая зямля. Іл.: Р. С. Фралоў. Мн., "Нар. асвета", 1975. - 336 с. 12. Збор твораў-1952 - Колас Я. Збор твораў. Том IV. Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Мінск, 1952. 13. Міцкевіч-7'95 - Уладзімір Міцкевіч. Побыт сям'і палясоўшчыка // Роднае слова. - 1995. - № 7. - С. 142-152. 14. Міцкевіч, Міцкевіч-2003'10 - Анжаліка Міцкевіч, Соф'я Міцкевіч. Жывёльны свет у творчасці Якуба Коласа. // Роднае слова. - 2003. - № 10. - С. 35. 15. Чалавек - Чалавек: Тэматычны слоўнік. Менск: Беларуская навука, 2006. 16. Бірыла - Бiрыла М. В. Беларуская антрапанiмiя. 2. Прозвiшчы, утвораные ад апелятыўнай лексiкi. Мiнск, 1969. 17. ТС - Арашонкава, Г. У. Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа / Г. У. Арашонкава, Н. А. Чабатар ; навук. рэд. А. І. Падлужны. - Мінск : Беларуская навука, 2003. - 287 с.
Заўвагі: ** Укладальнікі ТСБМ для слова "небажаты" падаюць значэньне "пляменьнікі, унукі" з спасылкай на пачатак трэцяй главы паэмы: "- Ну, небажаты, будзем снедаць - У людзей садзяцца ўжо абедаць.. Гаворыць дзядзька, сам сядае І стол абрусам засцілае." Паказальна, што ў прыкладзе зьмешчаны і "паясьняльны" радок, дзе згадваецца, што гаворыць менавіта "дзядзька". Гэтым падкрэсьліваецца "кроўная" сэмантыка слова. Аднак, "небажаты" часам азначае проста "дзеці" (Гл. НЕБОЖАТА мн. Дзеці, моладзь. Небожатам богатыр отдаў грошы кацярынкай. Семанавічы Лельч. // І. Я. Яшкін. Словы з наваколля і самой Тураўшчыны. (Кр.: Жывое наша слова: Дыялектал. зб.: (Да 90-годдзя чл.-кар. НАН Беларусі Ю. Ф. Мацкевіч). НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа / Рэд. Л. П. Кунцэвіч, І. Я. Яшкін. -- Мн.: Беларуская навука, 2001. -- С. 201. -- 352 с.). Таму нельга сказаць адназначна, мае слова "небажаты" ў Коласа адценьне кроўнасьці ("пляменьнікі, унукі") ці ўжываецца ў агульным значэньні ("моладзь, дзеці").. Кажучы пра ўжываньне слова "небажаты" варта таксама адцеміць, што форма адзіночнага ліку - "нябожа" - у ТСБМ мае два значэньні: і кроўнае, і агульнае [3], форма-ж ліку множнага - толькі кроўнае.