Jun 26, 2012 11:05
Як звычайна, гараць дэдлайны.
*
З Насцяй на байдарцы на выходных не выйшла, аднаго месца не хапіла, адмовіўся, паехала сама. Я затое зганяў у Прагу, аператыўна парабіў там свае справы, зайшоў да баснякаў, сустрэўся з Веранікай, Хасанам, а ў суботу з Алеськай з'ездзілі ў Карлштэйн. Папса, але прыгожа, дый былі там, лічы, першы раз.
*
Фестываль наш сышоў у летні адпачынак. Мадэрновае прачытанне Асташонка ў бункеры, за якое вельмі баяўся, было зусім някепскім, у прынцыпе, я задаволены. Нават сваім перакладам. Цяпер настройваемся на восень. Аркушу на радыё расказаў, як прайшло першае фестывальнае паўгоддзе, мо паставіць хутка справаздачу.
*
Сяргей Ждановіч даслаў макет вокладкі Гаўла. Спадабалася. Можа, пакажу неўзабаве. А зрэшты, і сама кніга вось-вось з'явіцца.
*
У пятніцу нарэшце атрымаў і "Weles" са сваім перакладам "Рускага". Падумаць толькі: перад тым Гарэцкага ўвогуле ніхто не перакладаў на чэшскую. Уласна, не аднаго яго. Нават Багдановіча няма, зусім.
*
На партале чэшскай літаратуры надрукавалі гутарку, якую са мной рабіў Мірэк Томэк. А на славістычных кафедрах у Брне і Празе паставілі ў праграму мае курсы на выбар, таму з восені буду разганяць чэшска-мараўскім студзікам пра Сямівокую і самую мілагучную.
*
Зборы ў Беларусь - дубль 3. Гэтым разам ужо нічога не павінна перашкодзіць. Так што з суботы на тыдзень з'явімся ў Мі/енску і Горадні.
*
У Брне пераменная воблачнасць, +23. Акурат.
штодзённасць,
пераклады,
сям'я,
сябры,
жытка