Вынікі 2012

Dec 30, 2012 12:34

Усе падводзяць вынікі году, вось і я вырашыў, што варта паставіць сваю кропку ў 2012 годзе… Там больш, што тут за год амаль нічога не пісаў у ЖЖ :)

Галоўная падзея году для мяне, на жаль, не самая пазытыўная, і яе наступствы ўсё яшчэ не пакідаюць мяне ў супакоі. Разрыў пярэдняй крыжападобнай зьвязкі левага калена напрыканцы траўня, за якім пасьледвалі дзьве апэрацыі і ўсё яшчэ хаджэньне на мыліцах - у гэтым няма нічога прыемнага. Літаральна выкрэсьленыя пару месяцаў з жыцьця, затое атрыманы новы экспірыенс у анатоміі і мэдыцыне… Спадзяюся, што ўжо празь некалькі месяцаў забуду ўсё гэта як жудасны сон. Памятаць я буду іншае.





Акіян, сонца і шэры пясок канарскага берагу - неверагодна кароткі, але такі насычаны і цёплы адпачынак у сакавіку! Мы з Надзяй прыдумалі сабе такі водпуск раптоўна і нечакана нават для саміх сябе. За тыдзень да вылету я абраў маршрут, набыў квіткі на лоўкосты, знайшоў гатэль. Вось так зьнянацку, але выдатна! Напэўна, лепшага клімату нідзе на сьвеце няма: заўсёды каля +30, чыстая атлянтычная вада, ніякіх інсэктаў. Дэльфіны ў аквапарку! Я хачу вярнуцца туды яшчэ раз!

На зваротным шляху на паўтары дні заляцелі ў Парыж. Запомніўся Нотр-Дам і натоўпы афрафранцузаў і арабафранцузаў. Карацей, не пасьпелі рассмакаваць горад :)





Пазытыўнай была паездка на Баркэмп у Летуву са сьпевамі, цікавымі выступамі і паркам прыгодаў з неверагоднымі палётамі па-над зямлёй.

Жнівеньскі адпачынак быў яшчэ больш насычаным: Катавіцы, Мысловіц, Кракаў, Прага, Ігі Поп, трамваі, пабы на сотню гатункаў піва, даўгія пераезды на аўтобусах і дарагія эўрапейскія цягнікі. Яшчэ ў 2012 годзе двойчы быў у любімай Рызе, двойчы зьезьдзіў у Шаблі…





З-за нагі наведаў нашмат менш канцэртаў, чым звычайна. Амаль не фатаграфаваў. Усё ж гэтай справе трэба надаваць шмат увагі, калі хочаш чагосьці дасягнуць. Мыльніца і смартфон - наша ўсё! Затое рэалізавалася дзіцячая мара: у мяне зьявілася дзіцячая чыгунка :) Напісаў мільёны радкоў коду, тысячы лістоў, сотні навінаў, паспрабаваў некалькі дзясяткаў новых гатункаў піва, праслухаў дзясяткі гігабайтаў музыкі, пачаў глядзець сэрыялы (атрымаў сапраўднае задавальненьне ад «Shameless» і «Broen», вельмі спадабаўся «Breaking Bad», працягваю глядзець «The Big Bang Theory»), паўдзельнічаў у арганізацыі некалькіх канцэртаў, сьпеў кавер на The UNB і сышоў з працы. Але самае галоўнае, што заўсёды побач былі мае сябры і любімая дзяўчына.

Усім у наступным годзе зычу, у першую чаргу, здароўя. Беражыце косткі, суставы і зьвязкі! ;)
Previous post Next post
Up