Менскае гета

Apr 21, 2015 18:38

Два з паловай гады не пісаў нічога ў ЖЖ. Сацыяльных сетачак і блогу мне хапае і цяпер, але вырашыў паглядзець, ці ёсьць тут жыцьцё. Камэнтуйце, калі ёсьць :) А я распавяду, як схадзіў на экскурсію па Менскім гета ў межах «Фэсту экскурсаводаў».




Экскурсія пачалася каля мэмарыялу «Яма» на вуліцы Мельнікайтэ. Чорны абэліск з'явіўся ў 1947 годзе на месцы, дзе 2 сакавіка 1942 года нацыстамі былі расстраляныя каля пяці тысячаў вязьняў Менскага гета. У 2000 годзе тут была ўсталяваная бронзавая скульптурная кампазыцыя «Апошні шлях».




На Юбілейнай плошчы, якая была цэнтрам гета, быў размешчаны юдэнрат - габрэйскі камітэт, які выконваў адміністрацыйныя функцыі. Цяпер тут таксама ёсьць мэмарыяльны знак.




У Менскім гета забівалі ня толькі мясцовых габрэяў, але і габрэяў зь Нямеччыны, Аўстрыі, Чэхіі. Іх пачалі прывозіць сюды яшчэ ў 1941 годзе. Па афіцыйных дадзеных з Заходняй Эўропы ў Менск былі перамешчаныя 23 904 габрэя. Зь іх выжылі адзінкі…

У квартале паміж вуліцамі Сухая і Караля захавалася пару будынкаў, дзе жылі габрэі з Заходняй Эўропы. Цяпер у адным зь іх знаходзіцца Нацыянальны інстытут адукацыі.




Да канца 1942 году ў гета былі забітыя больш за 90 тысяч габрэяў. 21 чэрвеня 1943 году нацысцкая вярхушка прыняла рашэньне аб поўным зьнішчэньні ўсіх гета на акупаваных тэрыторыях. Апошнім днём існаваньня Менскага гета лічыцца 22 кастрычніка 1943 году, калі нацысты забілі ўсіх яшчэ жывых да таго часу вязьняў.

У межах цяперашніх вуліц Калектарнай, Гебелева і Ерусалімскай раней былі габрэйскія могілкі. У 70-ых гадах яны былі ліквідаваныя, а іх тэрыторыя ператварылася ў сквэр. Тут знаходзяцца чатыры брацкія магілы, а ад старых могілак захаваліся толькі некаторыя надмагільлі. 22 кастрычніка 2008 году, у 65-ю гадавіну зьнішчэння Менскага гета, быў усталяваны мэмарыяльны помнік. Аўтары - архітэктар Леанід Левін і скульптар Максім Пятруль. Цяпер тут знаходзяцца і помнікі ахвярам Менскага гета, усталяваныя жыхарамі нямецкіх і аўстрыйскіх гарадоў.













Сёньня на рагу вуліц Сухой і Калектарнай, побач з былым могілкамі, у невялікім старым доме месьціцца Гістарычная майстэрня - экспазыцыя па гісторыі Менскага гета і лягеру сьмерці Малы Трасьцянец, канфэрэнц-заля, бібліятэка, архіў. Сюды можа прыйсьці любы, каму цікавая гісторыя Менскага гета і Другой сусьветнай вайны. Тут і завяршылася экскурсія па тэрыторыі, дзе раней было Менскае гета.










Яшчэ ў Гістарычнай майстэрні можна ўбачыць макет праекту будучага Мэмарыяльнага комплексу на тэрыторыі лягеру сьмерці «Малы Трасьцянец». Падрабязьней пра яго можна прачытаць у блогу, як і паглядзець больш фотаздымкаў.

history, miensk

Previous post Next post
Up