Два тыдні таму мы з
zukerby наведалі з сяброўскім візытам слаўны горад Рыгу. У гэты раз мэтай вандроўкі быў юбілейны канцэрт нашага любімага латыскага гурта Dzelzs Vilks.
Мы трапілі ў самыя лютыя маразы. У Рызе тэмпература гойдалася паміж 25 і 27 градусамі, і знаходзіцца на вуліцы было проста немагчыма. Таму ўвесь наш ўік-энд прайшоў у кароткіх перабежках паміж барамі :)
Самай непрыемнай няспадзяванкай стала засяленьне ў хостэл. Я ўмудрыўся замовіць яго на тыдзень пазьней і нас тупа ніхто там не чакаў. Люты і такія маразы - час не турыстычны для Рыгі, таму ў хостэле амаль не было пастаяўльцаў. Калі прыехаў гаспадар, ён быў зьдзіўлены нашаму зьяўленьню і прапанаваў заняць «двушку», бо толькі яе рэальна было прагрэць - у старым будынку няма нават цэнтральнага ацяпленьне (дакладней, яно было адключаным). У выніку першыя нашыя часы прайшлі пад коўдрай і з дзьвюма ўключанымі ацяпляльнікамі.
Потым мы адправіліся ў алка-трып і знайшлі пару новых для мяне цікавых пабаў. У выніку, за гэтыя два дні мы каштавалі 11 гатункаў піва, якія я старанна заканспэктаваў. Хацеў было пра ўсе напісаць, але ўжо не ўзгадаю.
- Leffe Blonde (6,6%)
- Double Chocolate Stout (5,2%)
- Oatmeal Stout (5%)
- Augustijn Donker (7%)
- Bruveris Ingver Alus Sarkanais (5,4%)
- Tuborg Lemon (4,5%)
- Valmiermuižas Nepasterizēts Nefiltrēts Gaišais (5,2%)
- Boddingtons Pub Ale (4,7%)
- Wexford Irish Cream Ale (4,6%)
- Užavas Gaišais (4,5%)
- Zelta Aldaris (5,2%)
Праўда, ёсьць адзназначны лузэр - Zelta Aldaris. Адно з горшых піваў, якое я каштаваў у жыцьці, і па іроніі лёсу, апошняе ў вандроўцы. Проста жах!
Сярод фаварытаў - бельгійцы і Double Chocolate Stout. Латыскія гатункі ў асноўным не супэр, але Valmiermuižas спадабалася - набыў яшчэ ў Менск - чакайце на водгук :)
Ну, а ўвечары былі Dzelzs Vilks з новай праграмай, кардабалетам, закінутымі станікамі на сцэну… Клюб Paladium, дзе адбывалася шоў - адзін у адзін наш Re:Public, толькі з нармальным рамонтам, барамі, добрым сьвятлом і гукам. Гэта быў мой трэці канцэрт Dzelzs Vilks і, вядома, самы круты!
У Рыгу яшчэ абавязкова вярнуся - вельмі люблю гэты горад. Тым больш, што цяпер ёсьць цягнік - ня трэба парыцца ў аўтобусе :)