Тутака
uladzimer тэмку падкінуў.
У жніўні 1990 году адбылося страшнае. Зьніклі цыгарэты.
Цалкам зьніклі.
Частка мая вайсковая была літаральна ў лесе - з улікам іншых частак і вайсковага гарадку, лічы, замкнёная прастора. Першы час жаўнеры сшыбалі цыгарэты адзін у аднаго. Потым пачалі нясьмела сшыбаць у афіцэраў. Праз пэўны час у жаўнераў пачалі сшыбаць і афіцэры. Спачатку думалася, што гэтая праблема - лакальная. Аднак у эпоху росквіту галоснасьці з газэтаў мы даведаліся, што праблема - агульнасаюзная. З тых самых газэтаў і расповядаў сваякоў стала вядома пра розныя жахі, якія рабіліся ў цывільным сьвеце. І сумна знакамітыя, вядомыя праз фота, гіганцкія чэргі ў менскую краму «Тытунь» - самае банальнае, што тады адбывалася. Найбольш мяне уразілі цалафанавыя пакеты з недакуркамі-бычкамі, якія зьбіраліся па горадзе, а потым прадаваліся на кірмашах на вагу!
Дык тое - у горадзе. У горадзе пройдзеш па вуліцы, ды хоць у дзесятага-дваццатага, але стральнеш хоць бы адну цыгарэтачку. У нас жа, у замкненае прасторы, аднойчы не засталося і бычкоў...
Перад гэтым працэс паленьня выглядаў прыкладна так: жаўнер з сумным выглядам даставаў заначку-цыгарэтачку і адразу з усіх бакоў амаль ва ўнісон гучала: «Папалім!». Можна было б недзе заныкацца і папаліць самому, але калектывісцкі гонар не дазваляў. Таму цыгарэтачка пускалася па коле, кожны рабіў па адное зацяжцы і шчасьліваму ўладальніку цыгарэткі у найлепшым выпадку даставалася ажно дзьве гэтыя самыя зацяжачкі.
Калі скончылася літаральна ўсё, я распавёў хлапцам, што ў юнацтве, калі спрабавалі з пацанамі паліць, а ў крамах нам яшчэ не прадавалі цыгарэтаў, то мы палілі сухое лісьце дрэваў. Эксперыментальным шляхам было высьветлена, што найлепшае лісьце - каштанавае. І на смак, і заўжды яно ёсьць, бо на каштанах нават на пачатку лета можна знайсьці колькі сухіх лісточкаў.
Я падзяліўся юнацкім досьведам з саслужыўцамі і ўсе пачалі паліць лісьце каштанаў - не раўнуючы, паводле Караткевіча :)
Праз два тыдні татальнага ахтунгу зампатылу высьветліў, што праблема гэтая ніякім чынам не вырашаецца на дзяржаўным узроўні. Што ўласна дзяржава ня здолее даць рады ў гэтым пытаньні. Таму было прынятае рашэньне выдаваць цыгарэты са складоў. У войску ж заўжды назапашана ўсяго, у тым ліку і паліва - на чорны дзень. Чорны дзень наступіў.
Зазвычай (у іншых частках) вайсковыя склады былі напоўненыя цыгарэтамі «Охотничьи», 7 капеек за пачак. Гэта было найтаньнейшае паліва з усяго магчымага тады, таньней за балгарскую «Шыпку», якая каштавала ажно 10 капеек.
На нашым жа складзе быў чамусьці назапашаны «Памір» (слэнгавы «Странник в горах»). І вось аднойчы надышоў дзень, які я памятаю праз усё жыцьцё. Усіх пашыхтавалі і выправілі на склад атрымоўваць належнае. А належала, паводле мудрых камандзіраў, па тры пачкі «Паміру» на тыдзень. Гэта было мегаультрасупэр! Ніколі не забудуся на нязвыклае адчуваньне, калі павольна, з задаволеным выглядам, дастаеш вальяжна так цыгарэту з пачкі, няспешна падпальваеш, зацягваешся і ніхто з атачэньня ня кажа «Папалім!». Бо ўсе з атачэньня гэтаксама паволі і вальяжна зацягваюцца сваімі ўласнымі цыгарэтамі! Гэтае адчуваньне, што ты маеш уласныя цыгарэты!
Папулярная на той час цоеўская песьня набыла асаблівы сэнс.
P.S. О, забыўся дадаць, якраз камэнтар нагадаў: у нас служылі людзі з гораду Пагар, дзе была (ці ёсьць яшчэ) тытунёвая фабрыка. Дык ім трохі пазьней бацькі дасылалі пасылкі з цыгарэтамі. Але зь якімі! Цыгарэты былі парэзаныя пад даўжыню паштовых скрынак, г. зн. такія доўгія «кішкі» па 30-40 сантыметраў!