Avia

Nov 29, 2013 12:07



У 1980-х зьявіліся ў Менску чэхаславацкія фургоны «Avia». Працавалі яны ў прадпрыемстве «Минскторгавтотранс». Толькі сьмешная рэч атрымалася - на борце ў гэтых сініх фургонаў быў намаляваны вялізны белы лагатып прадпрыемства. Кола, а ў коле - назва, разбітая на тры радкі «минск-ТОРГ-автотранс». Дык у слове «торг» літара «т» была ўзятая лацінская радковая - «m». Таму атрымоўвалася «Минск - МОРГ - автотранс» :) Мы, школьнікамі, паміжсобку іх так і называлі «МінскМорг». Гэта было настолькі заўважна, што праз пэўны час лагатыпы перамалявалі і «т» прывялі да кірылічнага кшталту. Але, вось, запомніўся такі казус.



















Апроч фургонаў сустракаліся і звыклыя бортавыя грузавікі. На менскіх вуліцах гэтых «Avia» даўно няма, хіба дзе па абласьцёх можа дзе маюцца. Аднак некаторыя экземпляры захаваліся ў першасным выглядзе і дагэтуль. Я маю на ўвазе фургон «Avia» з гукаўзмацняльным комплексам на даху, які можна сустрэць на розных масавых мерапрыемствах - улучна з разгонам міліцыяй вулічных акцый.

Транспарт майго дзяцінства

Previous post Next post
Up