Зьмей

Feb 21, 2009 16:27

Ляцеў сабе Зьмей па-над краем азёраў,
Ляцеў сабе Зьмей, адбіваўся ў празрыстай вадзе,
Ляцеў сабе Зьмей, там дзе рэкі хаду пачынаюць да мора
Там дзе шуму дуброваў туруе сьвятар на дудзе.

Ляцеў сабе Зьмей, нёс дзівосныя скарбы
Нёс багацьце і лад, дбаў аб гаспадары.
Ляцеў сабе Зьмей, бачыў войны і ворагаў драбы.
Днямі спаў у камяні ля крыніцы ў яры.

Ляцеў сабе Зьмей, патыхаючы жарам.
Ляцеў сабе Зьмей, брат гадзюке й вужу.
Ляцеў сабе Зьмей па-над краем стажараў,
Ляцеў сабе Зьмей, сын зямлі і дажджу.

Ляцеў сабе Зьмей, унікаючы хмараў,
І зьвінелі маланкі яму наўздагон.
Ляцеў сабе Зьмей, там дзе золак палае пажарам.
Ляцеў сабе Зьмей, нёс спрадвечны закон.

Ляцеў сабе Зьмей, мерна дыхалі грудзі
І з павагай сачылі за ім кожны птах, кожны зьвер.
Ляцеў сабе Зьмей і палёт гэты бачылі людзі.
Ляцеў сабе Зьмей…
                    Толькі дзе ён цяпер?

21/II/2009

ЗЫ Праз дзьве гадзіны сьпяю яе на кватэрніку ;)

vierszy, тутэйшчына, e

Previous post Next post
Up