Гэты тэкст напісаў 2 месяцы таму, але чумусьці не апублікаваў. Зараз наводзіў на камп'ютары парадак - перачытаў гэтую трасцу сам і вырашыў падзяліцца такі ўражаннямі з сябрамі. Асаблівую падзяку хачу выказаць Віталю Р., без якога гэтая вандроўка была б зусім іншай вандроўкай, без колераў вясёлкі. :)
Прабачце мае рускамоўныя сябры, што пішу гэты тэкст па-беларуску, але калі сядаў яго пісаць, нават улічваючы просьбы некаторых расійскіх сяброў, разумеў, што ад душы тэкст ліецца па-беларуску. А хіба можна напісаць што добрае і ад душы без натхнення і сапраўднага жадання?!
Жаданне паехаць куды вочы глядзяць нарадзілася вельмі раптам, я сядзеў на штаб-кватэры сваёй арганізацыі і проста чарговы дзень тупіў у манітор, не могучы і не жадаючы нічога рабіць па-справе, проста абнаўляў старонкі, чытаў RSS. Мая грамадская праца - не праца ў прамым сэнсе для мяне, мая грамадская праца - гэта мая творчасць і ўсё, што я раблю для дасягнення сваіх мэтаў, я раблю па добрай волі і з імпэтам, або ўвогуле не раблю. На мяне найшло насланнё, мяне зацягнула ў глыбокую дэпрэсіўную яму, з якой я не мог выкараскацца на працягу некалькіх месяцаў. Безумоўна, прычынай усяму стала каханне. Хіба што незвычайнага, узаемнае. Я проста не мог паразумецца з Ім, Ён не мог паразумецца са мной. Некалькі месяцаў узаемнага мучэння мяне абсалютна маральна знясілілі, мне трэба было прыдумаць план па выратаванні сябе…
Я спрабаваў узгадаць месца, дзе кепскія думкі не даставалі мяне, дзе ўражанні перакрывалі ўсё адмоўнае, я спрабаваў узгадаць месца, дзе мне было добра.
Амстэрдам. Я ўзгадаў Амстэрдам, горад дзе я адчуў быў сябе абсалютна свабодным, абсалютна разняволеным, месца, якое ўразіла мяне…
Адсутнасць вялікіх грошаў адразу адмяніла магчымасць пералёту ў нідэрландскую сталіцу, я прыняў рашэнне ехаць туды аўтаспынам. Адзін або з кімсьці - гэта было для мяне не істотна, я вырашыў выпраўляцца ў шлях.
У Скайп зайшоў Сяргей Прадзед, ведаючы яго няўрымслівы характар, вырашыў прапанаваць яму паехаць разам. Ён праз хвіліну пагадзіўся. “Папросту”, - проста адказаў ён, я пазнаў таго Сяргея Прадзеда, якога ведаў. Гэта было 7 красавіка, ехаць было вырашана 10 красавіка, у нядзелю, пасля таго, як я вярнуся з навучальнай праграмы “Будзь на сувязі!”, на якой прысутнічаў таксама як чалец экспертнай рады Альтэрнатыўнай моладзевай палітыкі Беларусі. Але тут стала вядома, што 11-12 красавіка ў Мінску адбудзецца
нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства "Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні" і я вельмі хацеў, каб у абмеркаванні і прыняцці стратэгій таксама прымалі ўдзел адкрытыя гомасэксуалы, да таго ж я быў аўтарам выпрацаванай пазіцыі нацыянальнага савета моладзевых арганізацый і ініцыятываў, таму паездка зноў адклалася.
Калі я пачаў збіраць рэчы непасрэдна ў дарогу, маці пару разоў нагадала мне, што гэта дурдом ехаць па такім маршруце з такой колькасцю грошаў і аўтаспынам, але моцна не адгаворвала, бо ведае мяне… Праўда, думала патэлефанаваць Яму, думала, што Ён зможа мяне спыніць ад авантуры. Я пераканаў маці, што Яму абыякава гэта тэма і пацалаваў яе на дарожку, абяцаючы вярнуцца здаровым і шчаслівым.
Мы сустрэліся з Сяргеем Прадзедам уночы з 12 на 13 красавіка, каб канчаткова распланаваць маршрут, скласці рэчы і з самай раніцы выправіцца ў дарогу, каб наступную ноч бавіць ужо ў Варшаве.
Збіраючы рэчы я пажартаваў, што самае галоўнае я не забыўся - віскі, кола і прэзерватывы, гэта ў нас сапраўды было. Абмяркоўвалі маршрут і ўдакладнялі гарады, дзе жывуць прыяцелі і сябры да 4 раніцы, была яшчэ гадзінка перад дарогай паспаць. Я заснуў, Сяргею не спалося, ён захоўваў карты дарог на сваім нэтбуку, папяровых карт у нас не было.
13 красавіка мы выправіліся ў дарогу.
13 красавіка, серада, дзень першы
Выйшлі з дому з Сяргеем а 6 раніцы і хуценька даехалі да выезда з Мінска ў бок Брэста. Мінск на ўездзе і выездзе сустракаў пастамі міліцыі, якія павыстаўлялі пасля тэракту на станцыі Кастрычніцкая ў мінскім метро, даішнікі выбарачна спынялі машыны.
Мы троху адыйшоўшы ад праваахоўнікаў, таксама пачалі спрабаваць спыніць якую машыну. На вялікі поспех не разлічвалі, бо двух хлопцаў возьме ў салон не кожны.
Першы мужчына, які нас узяў з сабой, ехаў да Дзяржынска, быў не дужа гаваркі, хаця здзівіўся, што мы едзем спынам у Амстэрдам, мы таксама маўчалі.
Ад Дзяржынска да Баранавіч нас падвёз вельмі сімпатычны мужчына, бізнэсмэн, наракаў на адсутнасць валюты ў краіне, на немагчымасць працаваць у Беларусі, на вялікія кошты на арэнду плошчаў. Напачатку ён быў вельмі стрыманы ў разважаннях, але калі даведаўся, што мы таксама наведаем Хартыю97, разняволіўся і стаў больш шчырым з намі ў абмеркаванні беларускага менталітэту.
Ад Баранавіч да паварота на Слонім нас узяў падвезці на працоўнай грузавой машыне былы дальнабой, мужчына ўжо пенсійнага ўзросту. Калі сказалі яму, што едзем аўтаспынам у Амстэрдам, пачаў нам раіць што і як рабіць, як і дзе стопіць дальнабояў, а таксама зрабіў нам кароткі расповед пра Еўропу: “У мяне сябар жыве ў Нямыччыне, дык рускія там гуртуюцца асобна і жывуць у невялікіх гарадах, бо з гэтымі фашыстамі жыць складана, там можа дзіцёнак здаць бацькоў паліцаям, калі тыя яго пакараюць. Кухня ў іх нясмачная, калбаскі нямецкія - хуйня поўная. А музыка там якая па радыё… Тое, што ў нас тут замежнага круцяць - у іх там гэта як класіка, а калі еду ў Бельгію ці Галандыю, дык я радыё ўвогуле выключаю, там адны підары спяваюць…”
Мы з Сяргеем ціха ахрэневалі і ледзь стрымліваліся ад смеху. Абурэнне, выкліканае абразлівай нецярплівасцю да немцаў, змянілася падступаючым прыступам смеху, калі гаворка дайшла да еўрапідарасаў… Мы з Прадзедам пазіралі адзін на аднаго, але сваёй сэксуальнасці вырашылі не выдаваць. У нас іншая мэта зараз - з’ехаць як мага далей.
Ад паварота на Слонім да Брэста нас падвёз малады хлопец і быў адзіным за ўсю вандроўку, які амаль не здзівіўся, што мы едзем спынам у Амстэрдам: “Я ўжо неяк падвозіў у бок Мінска дзяўчат, якія спынам аб’ездзілі палову Еўропы”. Ён быў не гаваркі, мы троху стомленыя, таму маўчалі.
У Брэсце хлопец, які нас павінны быў сустрэць (да, Арцём, гэта я пра цябе), не зрабіў гэтага. Але так як я сам больш за год тусіў у Брэсце, усё ведаў там. Нам трэба было неяк перасекчы мяжу, пешаходнага перахода ў Брэсце няма, мы накіраваліся на чыгуначны вакзал. Дызель Брэст-Цярэспаль на 13:55 якраз сыходзіў, наступны толькі ўвечары, на прахадных цягніках перасекчы мяжу каштавала ад 60 тысяч, мы плюнулі і пайшлі на аўтавакзал.
Квіток Брэст-Варшава на аўтобус каштаваў усяго 85 тысяч, але адпраўляўся вельмі позна і прыязджаў у Варшаву пасярод ночы. Час нязручны і грошаў лішніх у нас не было, я прапанаваў пайсці да мяжы, а калі Сяргей узгадаў, што наша сяброўка Аліна здолела аўтаспынам перасекчы мяжу, мая вера ў магчымасць бясплатна трапіць у Еўрасаюз, узразла.
На маршрутцы даехаўшы з цэнтра Брэста наўпрост на прыгранічнага сэрвісу Варшаўскага маста, у мяне ўпершыню ўзнікла думка, што было б не кепска павярнуць у бок Мінска і нават афармляючы на мяжы медычную страхоўку, пачаў спадзявацца, што здаровы сэнс пераможа, мы не зможам перасекчы мяжу і паедзем у Мінск, бо я прадчуваў, што паездка ператворыцца ў прыгоды…
Мы пачалі хадзіць сярод машын, якія стаялі на беларускім памежжы. Было вельмі сорамна, стромна, Сяргей Прадзед казаў, што нічога не атрымаецца, я і сам можа не верыў у тое, што мы робім… Нас пагадзіўся перавезсці праз мяжу першы хлопец, якога мы аб гэтым спыталі, мы з палёгкай ці з расчараваннем уздыхнулі. Але праз 10 хвілін у яго заглохла машына…
Мы не з тых з Сяргеем, хто так лёгка кідае пачатае… Таму працягнулі шукаць чалавека, які нас бы перавёз праз мяжу. Чалавек 5 нам адмовіла, здаецца. Да кожнага падыхода да чалавека я доўга збіраўся з духам… І вось я накіраваўся да машыны, на пярэдніх крэслах якіх сядзелі дзве маладыя жанчыны, як апынулася - цыгарэтныя кантрабандысткі, адна з Брэста, другая з Жабінкі. Спыталі, колькі заплацім, пачуўшы, што ніколькі, але вельмі трэба, усё ж такі ўзялі нас з сабой. Разам з імі прастаялі на мяжы 2-3 гадзіны, за гэты час змаглі добра раззнаёміцца, дзяўчаты апынуліся надзіва кампанейскімі і простымі, нават інтэрнэтам не ўмеюць карыстацца, адна з іх папрасіла нас прывезці ёй з Амстэрдама адну канапельную папіросу, не зважаючы, што гэта крымінальная адказнасць па беларускім Крымінальным кодэксе.
І вось дзяўчаты нас высадзілі ў зручным для стопу месцы ўжо ў Польшчы. У мяне ў кішэні 50 тысяч беларускіх рублёў і 5 еўра манеткамі. Я поўны рашучасці даехаць да Амстэрдама, ведаю, што ў дарозе мяне і Сяргея падтрымаюць сябры.
Першай спынілася палячка і даведаўшыся, што едзем да Варшавы, сказала, што яна едзе недалёк.
Спыніўся нам беларус. Мае польска-беларускі бізнэс, але ненавідзіць Беларусь, якую называў балотам, не любіць не Лукашэнку, не беларускі народ, які называў быдлам, наракаў на беларускую карупцыю і дзяржаўны рэкет. Мужчына быў вельмі агрэсіўны і эмацыйны, так скланяў усё беларускае, што машына гойдалася ад края да края дарогі.
“Вось скажы, якога хуя палякам і рускім здалася тая Беларусь? Ніхуя ж няма, адны балоты. Пусці камбайн па расійскіх палях прама, дык ён будзе ехаць двое сутак, а ў Беларусі на адзін камбайн яшчэ два трактары на карчы і камяні трэба. А рыба? Адна хуйня ў Беларусі… Палякі працуюць і жывуць як людзі, а ў Беларусі ніхто працаваць не хоча, Лукашэнку ўсе баяцца…Хуёвы край Беларусь.
Яшчэ жыды паваравалі, вось з Масквы і Пецярбурга адсялілі былі да рэвалюцыі жыдоў за сто кіламетраў і правільна зрабілі, дык тыя ў Беларусі аселі… Жыды ёбаныя”, - кіроўца быў вельмі эмацыйным, мне даводзілася быў вельмі лоўкім каб карэктна падтрымліваць размову, якую паспрабаваў пабудаваць на глыбейшым вывучэнні пазіцыі гаспадара машыны.
“У мяне жонка - інвалід, двое дзяцей, пашу як вол. Каб у цябе хто з родных стаў інвалідам таксама бы ўзяў на ўтрыманне, нікуды б не дзеўся, зразумеў бы, як цяжка працаваць. Я супраць таго, каб вараваць, а вось прадпрымальнасць вітаю. Можна зарабіць вялікія грошы і па чэснаму, трэба проста ўмець”, - разважаў беларус, з польскім бізнэсам.
“Тэхніку ў Беларусь не купляй, бо гэтыя лукашэнкаўскія галадранцы з інспекцый любяць прыйсці, знайсці парушэнні і канфіскоўваць усё, лепей аформі ў Польшы ў арэнду, каб калі раптам што - не тваё. Так бяспечней працаваць”, - даваў ён карысныя парады.
Адвёз ад мяжы ў глыбь Польшчы ён нас на кіламетраў 50. Высадзіў ужо ў абсалютна невядомым месцы. Вечарэла.
Наступная машына сябе доўга чакаць не прымусіла. Гэта ўжо быў паляк, які троху валодаў рускай мовай, быў у Расіі і ведае гурт “Чайф”. Распытаў нас пра выбух у Мінску, нашае меркаванне, выказаў сваё, праехаўся па дыктатарскіх замашках Лукашэнкі і рэпрэсіўнай сітуацыі ў Беларусі. Доўга размаўлялі, кіламетраў 70-80. Пасля спытаў нас пра веравызнанне, ці праваслаўныя мы. Сяргей Прадзед сказаў, што так, праваслаўны, я сказаў, што атэіст і веру толькі ў людзей, сам мужчына, які нас вёз і які ў маладосці аўтаспынам, як апынулася, аб’ехаў усю Польшчу, з’яўляецца каталіцкім святаром.
Каб высадзіць нас на зручным месцы, праехаў з намі лішніх кіламетраў 10, а таксама даў нам на вячэру 50 злотых (прыкладна 60000 беларускіх рублёў). Мы былі ў шоку ад радасці, бо ў нас не было ніводнага польскага гроша.
Калі мы выйшлі з машыны, да Варшавы заставалася ўсяго 85 кіламетраў, але ўжо імкліва цямнела, мы не гублялі веры да ночы даехаць да Варшавы і яшчэ схадзіць у які клуб на піва… Але разумелі, што з кожнай хвілінай усё больш, што да Варшавы сёння можам не дабрацца…
Стоп не ішоў. Наступіла 23-яя гадзіна. Мы па-крысе рухаліся ў бок Варшавы. У нейкі момант зразумелі, што стаміліся і хочам спаць, я заўважыў блізу шашы тэлефонную будку з дзверцамі. У будцы было цяплей, чым на вуліцы. Ноч была марозная +5, а зямля вільготная пасля дажджу, мы шчыльна зачыніліся ў будцы і ператварылі яе ў наша часовае прыстанішчы, павячэралі і апранулі ўсе рэчы, якія былі: па чатыры кофты і па двое штаноў. Апраналіся мы, канешне, праз гістэрычны смех, бо сітуацыя, у якой мы апынуліся, была, насамрэч, пазаштатнай: мы пераапраналіся ў тэлефоннай будцы на польскай трассе і збіраліся там заночыць.
Седзячы на мяху з рэчамі, шчыльна зашпіліўшыся, каб ашчаджаць уласнае цяпло, прыхіліўшыся да сценкі, мы спрабавалі заснуць.
Сяргей Прадзед прачнуўся першы і пабудзіў мяне, сказаў, што змёрз і прапанаваў працягнуць рух, бо ісці будзе цяплей. Такім чынам я падрамаў блізу хвілін 40.
Мы пайшлі, мінаючы вёскі і ўказальнікі, уражаныя тым, што паралельна шашы ідзе тратуар і нам не трэба ісці па начной дарозе. Час ад часу мы сядалі на прыпынкі, перакусвалі, адпачывалі, праваліаліся на хвілін 10-15 у сон. Такім чынам а 2 гадзіне ночы да Варшавы засталося ўсяго 65 кіламетраў, мы прайшлі 20 кіламетраў.
А 2 ночы мы зусім абясіллілі, да ўсяго, дождж мацнеў, мы дайшлі да бліжэйшага прыпынку і зразумелі, што далей не можам ісці, бо вельмі стомленыя, а па другое, дождж ператварыўся ў лівень.
Мы паставілі пасярод лаўкі на прыпынку сумку з рэчамі, паклалі на яе галовы і ляглі з розных бакоў, скруціўшыся клубком, каб хоць неяк сагрэцца. Сяргей Прадзед разбуўся, бо ногі прамоклі, ухутаў іх у нешта сухое, накрывацца было няма чым.
Лежачы на мулкім месцы і трасучыся ад дзікага холаду, раптам правальваючыся ў сон і гэтак жа раптам з яго выходзячы, я ўпершыню, за апошні час, адчуў сябе свабодным. Зразумеў я лепш і пакору сітуацыі. Пакарыцца сітуацыі (рус. - смириться с ситуацией) бывае самым слушным выйсцем, я разумеў, што ўсё абавязкова выправіцца, трэба толькі дацярпець да раніцы, трэба было проста перажыць, перацярпець… На той момант вельмі не хацелася спаць на тым прыпынку пры тэмпературы +5С і знаходзіцца на той шашы, зараз я абсалютна не шкадую, што перажыў гэта… А ўспаміны выклікаюць пазітыўную ўсмешку.
Акрамя холаду наш сон аднойчы патрывожыў начны кіроўца, які спыніў сваю машыну каля ляснога прыпынку, напэўна, хацеў справіць патрэбу. Але калі машына, асляпляючы мяне фарамі, спынілася ля прыпынку і я рэзка сеў, кіроўца, падобна, перапалохаўся не менш за мяне санлівага, бо рэзка націснуў на педаль газу, нібы ўбачыўшы прывід.
14 красавіка, чацвер, дзень другі
Я ўстаў з “ложка” прыкладна без 15 хвілін 5 раніцы. Дзікі холад прабіраў да касцей. Сяргей таксама не адрозніваўся моцным сном. Пачынала па-ціху па-ціху світаць. Сяргей прапанаваў зрабіць зарадку. Мы рабілі разнастайныя практыкаванні, каб сагрэць усе часткі цела, ногі, рукі. Не ведаю, як гэта глядзелася з боку, але, напэўна, весела. З пачатку шостай гадзіны мы пачалі стопіць, нягледзячы на тое, што ноч толькі пачала здаваць свае пазіцыі.
Марасіў дожджык, таму стопіў нехта адзін з нас, пакуль другі быў на прыпынку пад дахам. Але ніхто не спыняўся. Калі яшчэ больш пасвятелала, заўважыў, што мая белая куртка ўся шэрая і брудная, прыпынак на якім мы спалі, быў нейкі не зусім чысты.
Тут мы ўбачылі нейкую маршрутку, спынілі яе, я спытаў “Варшава?”. Атрымаўшы станоўчы адказ кіроўцы, спытаў, колькі злотых каштуе праезд. “8 злотых”, - адказаў кіроўца. Мы маглі сабе гэта дазволіць, бо мелі 50 злотых, якія нам даў на шчасце каталіцкі святар.
Мне было абыякава ў якую частку Варшавы едзе маршрутка, мы заваліліся ў канец маршруткі, у некага спыталі ці ідзе маршрутка ў цэнтр Варшавы, атрымаўшы станоўчы адказ, я праваліўся ў сон. Сон у маршрутцы пасля прыпынку, што ў нумары люкс. Паўгадзіны моцнага сну, расплюшчваю вочы і бачу, што едзем па Варшаве, спрабую знайсці знаёмыя будынкі, такі не першы раз у Варшаве.
Палац культуры. Цэнтрум. Вакзал. Мы выходзім.
Пішам СМС Сяргею Еніну, што прыехалі і чакаем яго ў раёне цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Сяргей, які перапісваўся з намі да гадзін 2-3 ночы, нічога не адказваў, моцна спаў.
Мы зноў чакалі. Было яшчэ холадна, 7 раніцы. Гулялі па вакзале, пасля пайшлі гуляць вакол Палаца культуры, пачалі гуляць у “Слабо - не слабо?”. Пацалаваць зямлю Варшавы мне было не слабо…
Пайшлі ў “Макдональдс” паюзаць бясплатны інтэрнэт і схадзіць у дармавую прыбіральню. Я ўзяў сабе каву за 6 злотых і бутэрброд за 3, Сяргей Прадзед, які спачатку хацеў выпіць гарбаты, калі даведаўся, што яна каштуе больш за 5 злотых, адмовіўся яе піць… Пілі маю каву, юзалі сеціва…
Праз гадзіну прачнуўся Сяргей Енін, добра, што ён жыве ў цэнтры Варшавы, прыйшоў і забраў нас да сябе.
І зноў сабраліся тры Сяргеі. Сяргей Енін, які вучыцца ў Варшаве, паклаў нас спаць і пайшоў на вучобу.
Я заснуў спачатку адразу на падлозе, на якой разлёгся глядзець фільм, пасля ўжо прачнуўся і перабраўся на ложак.
Мы спалі да абеду, пакуль з вучобы не прыйшоў Сяргей.
Мне было падалося, што Сяргей Енін не вельмі рады нашаму прыезду, хаця ён ведаў, што мы павінны прыехаць. Больш за ўсё мяне ўразіла, што Сяргей Е. выказаў сваё непаразуменне, калі я выказаў наша бачанне, што застанемся ў яго пераночыць… Улічваючы, што мы з’яўляемся не кепскімі сябрамі, я быў у двайне ўражаны такімі ягонымі паводзінамі… Калі ад яго прагучала прапанова патусіць увечары па Варшаве, а ноч правесці ў клубах, а затым выправіцца далей у дарогу, я ўвогуле аслупянеў быў…
Я імкнуўся зразумець пра прычыны такой гасціннасці Сяргея Еніна, які сам раней запрашаў да сябе ў госці. Няўжо жыццё ў Еўразвязе так кепска ўплывае на чалавека? Ці чалавек усё яшчэ жыве мінулымі крыўдамі? Не ведаю, аб чым тады думаў Сяргей Прадзед, але я адчуваў сябе вельмі нязручна.
Пасля такі сяброўства ці што іншае перамагло… Сяргей Енін сказаў, што паводзіць нас па Варшаве ўвечары, пасля з ягоным сябрам сходзім у гей-бар які і на ноч можам застацца ў яго.
Праз час мне стала вядома, што на раніцу ў Варшаве павінна з’явіцца Варвара Красуцкая, якая едзе ў Берлін на “Квір-Вялікдзень” і спыніцца яна планавала таксама ў Сяргея Енін, магчыма, з гэтым і звязаны такія дзіўныя паводзіны Сяргея.
Да вечара Сяргей Енін стаў Сяргеем Еніным.
Пахадзілі ўтрох па Варшаве, пасмяяліся з Сяргеем Еніным з тых прыгод, якія ўжо здараліся з намі ў Варшаве раней, Сяргей Прадзед, які быў у Варшаве ўпершыню, глядзеў горад. Схадзілі ў “Малочны бар”. “Малочны бар” - сетка недарагіх сталовак у Варшаве, на агульным фоне, кошты там сапраўды прызямлённыя.
Пасля, сустрэўшыся з варшаўскім сябрам Сяргея Еніна, пайшлі ў гей-бар “Лёдзі-додзі”. Мне адразу чамусьці зрабілі інструктаж, дзе ў клубе цёмны пакой, дзе ляжаць прэзерватывы і змазка… Я быў троху збянтэжаны.
Спусціліся на ніжэйшы паверх клуба, там стаіць манітор па якім ідзе гей-порна, наўпрост каля манітора лунае бел-чырвона-белы сцяжок з надпісам па-польску “Вольная Беларусь!”, такія сцяжкі ё і на іншых паверхах клуба, іх прынёс Сяргей Енін, як высветлілася.
Грэк, так зваць сябра Сяргея Еніна, апынуўся вельмі цікавым, добрым і шчырым суразмоўцам, выклікаў у мяне выключна дадатныя эмоцыі.
Пілі піва, я выпіў бакалы 4, напэўна. Ганяла ў туалет, у адзін з такіх разоў да мяне наўпрост у туалеце прычапіўся мужык, давялося адмовіць у заляцаннях, абсалютна не спадабаўся.
Пасля з Сяргеем Прадзедам, у якасці сувеніраў з Варшавы, набралі мясцовых лубрыкантаў, якія не проста ў разавых пакеціках, а ў цюбіках, нібы мазь нейкая, узялі і фірмовыя запалкі ў вясёлкавых карабочках і пайшлі ў бок дома…
Захацелася есці, Сяргей Енін набыў набыў нам па дарозе па вялікім кебабе, я, праўда, палічыў, што мне мяса не даклалі і ўзяў без дазволу гандляра ў кіёску яшчэ жменю мяса - п’яны беларус, што і п’яны рускі, мала аддае справаздачу ў нармальнасці сваіх дзеянняў.
Напіўшыся і наеўшыся мы рушылі спаць ва ўтульныя апартаменты Сяргея Еніна. Пад’ём быў запланаваны на 5 раніцы, у 6 трэба было сустрэць Красуцкую, а пасля рушыць на шашу ў бок… Кракава ці Прагі.