15 красавіка, пятніца, дзень трэці
Сяргей Прадзед па будзільніку прачнуўся а 4 раніцы, каб уключыць бойлер, каб нагрэць вады для душа, а 5 пайшоў у душ, я стаў слабым ланцужком, прапаноўваў яшчэ паспаць некалькі гадзін, пакуль Сяргей Енін сустрэніць Варвару. Прадзед, лічы, пераканаў мяне падняцца з ложка і пайсці ў душ і як высветлілася пасля, правільна зрабіў.
І вось мы стаім учатырох у цэнтры Варшавы: Андросенка, Красуцкая, Прадзед і Енін. Красуцкая, здаецца, увогуле не разумела, што мы з Прадзедам робім разам у Варшаве, мы для яе былі неспадзяванкай, відавочна.
Енін набыў нам праездныя на транспарт, каб выехаць з горада і вады, даў нейкія кішэнныя грошы, мы селі ў модны трамвай і паехалі на поўдзень горада.
Вырашылі, што едзем у Прагу. Да Прагі 600 кіламетраў. Вельмі хацелася дабрацца да ночы, але ўжо маральна сябе рыхтавалі, што заначуем недзе ў дарогі, бо да Прагі ад Варшавы далей, чым да Мінска.
Мы дабраліся да ўскраіны Варшавы, троху паблукаўшы паміж двумя шашамі, высветлілі дзе наша, бо шаша на Кракаў і на Вроцлаў пачынаюцца вельмі побач.
І вось мы працягваем дарогу. Стопім на шашы ў бок Катавіц і Вроцлава. 5 хвілін і нас падбірае малады паляк, які ведае рускую мову, вельмі гаваркі і цікаўны, таксама спытаў нас пра выбух у мінскім метро, пра тое, як нам жывецца ў лукашэнкаўскай дыктатуры, пасля расказаў нам пра цяжкасці польскай эканомікі і пра перавагі і адмоўныя бакі еўраінтэграцыі, хаця, пераваг такі апынулася болей. Адвёз ад Варшавы нас на адлегласць у 130 кіламетраў. Высадзіў, па-праўдзе ў нявельмі добрым месцы, давялося прайсціся кіламетры 3-4, каб добра стаць.
Пайшлі пасядзець у лясочку перакусіць. Я, калі прысеў, убачыў сапраўдных двух казуль, якія скакалі гарэзлівай парай.
Пасля нам спыніліся два маладых хлопцы, польскую якіх мы ўжо абсалютна не разумелі, яны ж не разумелі нашу рускую ці беларускую. У кіроўцы была зламаная рука і мы з Сяргеем глядзелі толькі як ён вядзе машыну адной рукой, пасля адпускае руль і пераключае перадачу. Так мы праехалі яшчэ кіламетраў 20.
Хлопцы хацелі як лепш - падвезці нас, а высадзілі нас на аварыйным участку дарогі, на якім было абсалютна немагчыма стопіць, нам давялося прайсці 10 кіламетраў па вельмі складанай мясцовасці: праз лясочкі, узгоркі, пераходзілі масты з адваротных бакоў, пераходзілі абсалютна аварыйны драўляны мост, які ў адным з месцаў быў нахілены на градусаў 40-50.
Сяргей Прадзеду пасля выпітага ўчора піва было кепска, таму дарога давалася яму асабліва складана. Яму было кепска, таму твар у яго быў змучаны і сумны, мне, зразумела, ад гэтага станавілася таксама сумна і я зноў быў падумаў… а ці не павярнуць назад.
Але такі мы дайшлі да прыпынку (у Польшчы на дарогах вельмі шмат пшыстанкаў) ў дастаткова добрым для стопу месцы, хаця ўвесь аварыйны ўчастак дарогі так і не пераадолелі.
На гэтым прыпынку мы і састопілі вельмі добрага мужчыну, які правёз нас наперад на кіламетраў 500 і давёз нас да самай заходняй часткі Польшчы - горада Клодзька, да мяжы з Чэхіяй заставалася кіламетраў 10.
Мужчына вельмі добра разумеў рускую, таксама ў нас пацікавіўся выбухам у мінскім метро і як нам жывецца ў лукашэнкаўскай дыктатуры, пасля пацікавіўся, ці галодныя мы, мы ветліва сказалі, што не.
Ля бліжэйшай прыдарожнай забегайлаўкі ён спыніўся і спытаў што мы будзем есці. Сваіх грошаў у нас было вельмі небагата, калі мы настойліва адмаўляліся, ужо каля прылаўка ён спытаў у мяне, колькі я буду хот-догаў, два ці тры, я сказаў што адзін з чаем, Прадзед адмовіўся ад усяго ўвогуле… і ўжо як высветлілася не з-за сціпласці, а з-за таго, што яму было кепска і моташна. Але чувак набыў два хот-догі: мне і Прадзеду, мне дасталося два, бо Сяргей не рызыкаваў есці, ён нават палову сваёй гарбаты выліў у кусты, каб раптам у дарозе не званітавала.
Мы ехалі, быў светлы дзень, мы любаваліся Польшчай, чым заходей станавілася Польшча, тым прыгажэйшыя і незвычайнейшыя краявіды мы назіралі. Спачатку Польшча стала халмістай, пасля ўсё больш узгорыстай, пасля мы ездзілі па горыстых дарогах праз горныя вёсачкі і мястэчкі, нішто не нагадвала пра калгасны беларускі быт. За Радзіму станавілася крыўдна. І добра зразумела, што з Лукашэнкам нічога не зменіцца.
Мы стопілі ў зручным месцы ў накірунку Чэхіі, трымаючы ў руках шыльдачку з надпісам “Praha” блізу ад мяжы, ніхто не спыняўся, праз паўгадзіны пачало шарэць. Калі наступіў цёмны вечар, мы думалі былі з Сяргеем яшчэ троху прайсціся пешкам і шукаць больш-менш утульны прыпынак для начлегу. Віталю, свайму пражскаму сябру, я так і напісаў: “ці даеду сёння - не ведаю”.
У той момант, калі мы ўжо згубілі веру, што нехта спыніцца, спыніўся першы за ўсю вандроўку дальнабой. Нягледзячы на тое, што двух чалавек у кабіну браць нельга, ён узяў на сябе такую рызыку і нават перавёз нас так праз габарытны памежны пункт: Сяргей сеў на седзячае месца, я паклаўся на спальнае месца.
Ім апынуўся чэх, як мне падалося, арабскага паходжання. Ён пачаў нам расказваць пра тое, якія файныя беларускія і рускія дзяўчаты і як ён іх “трахаў”. Сказаў, што чэшкі так сабе, а палячкі яшчэ нічога такія, але ўсё адно рускія прыгажуні лепшыя. У самога жарабца ёсць жонка і чацвёра дзяцей.
Размова не клеілася актыўна, бо моўны бар’ер быў вельмі вялікі, веданняў рускай мовы дальнабоя было недастаткова.
Мяне пачало канкрэтна прыбіваць да сну, але ж размова - гэта як плата кіроўцу за яго дабразычлівасць. Я папрасіў Сяргея Прадзеда падтрымаць размову далей, а сам вырашыў ўздрамнуць.
Так мы апынуліся ў Чэхіі.
Дальнабой нас высадзіў у невялічкім чэскім мястэчку, але ўсё, незалежна ад памераў, што ў Польшчы, што ў Чэхіі, выглядала прыстойней за беларускія месцы і ніякім чынам не нагадвала нашу галечу.
Злавіў сябе на думцы, што прыстойныя дамы ў сельскай мясцовасці ў Беларусі выгладаюць не так прыстойна, а хутчэй вульгарна на фоне ўсеагульнай беднасці. У гэтым чэскім мястэчку ўсё было гарманічна заможна і прыгожа.
Мы хутка прайшлі праз усё мястэчка, мясцовый гараджанін, які на маё пытанне накіраваў нас у правільны бок, даведаўшыся, што мы накіроўваемся ў Прагу, сказаў, што да сталіцы чэскай сталіцы засталося 130 кіламетаў. Ужо было блізу 22 гадзін.
Мы пасядзелі на ўслончыку каля запраўкі на краю горада, любаваліся мясцовай моладдзю, я перакусіў, Прадзед усё яшчэ захоўваў дыету.
Мы пачалі стопіць, усё з той самай шыльдачкай “Praha”, нават не ведаючы на што спадзеючыся, было вельмі позна і цёмна.
Я яшчэ ў гэты самы дзень, як было святло сказаў Прадзеду, што не веру, што мы даедзем у гэты самы дзень да Прагі, бо не веру ў казкі і цуды.
Але цуд здарыўся і нам спыніўся чэх, які давёз нас да самай Прагі, да з’езда ў горад блізу станцыі метро “Чярны Мост”.
Мы “зайцамі” даехалі да цэнтра Прагі, добра тут, што ў Празе няма турнікетаў, як у Мінску, Маскве, людзі там больш адказныя, не ўлічваючы некаторых усходнееўрапейцаў. Пасяряод станцыі “Паўлова” нас чакаў Віталь, мой пражскі сябар. Мне палягчэла, мы даехалі.
Коратка распавялі Віталю пра свае прыгоды, смачна павячэралі і паклаліся спаць, не верачы ў тое, што мы ў Празе.
16 красавіка, субота, дзень чацвёрты
Сняданак пачаўся з новых знаёмстваў і свежых клубніцаў.
Да Віталя ў госці з самай раніцы прыйшлі Мікіта і Арцём. Мікіта сам з Казахстана, але дванаццаць год жыве ў Чэхіі, Арцём - украінец, у Чэхіі вучыцца.
Яны ж і аголомшылі навіной, што марыхуана ў Чэхіі больш не па-за законам.
Наперадзе нас чакаў працяглы дзень шпацыроў па горадзе. У Празе такі ёсць на што паглядзець. Нас чакала цёплае надвор’е і ўжо моцна пазялянелы горад, квітнеючыя сады, настрой значна палепшыўся.
Цікавы інцыдэнт здарыўся ў адной з кавярняў, у якую заходзіць шмат турыстаў. Кожнай кампаніі або пары ставяць на стол сцяг той краіны, з якой яны прыехалі. Нам на стол адразу паставілі рускі. Мы з Сяргеем Прадзедам і Арцём з Украіны адразу абурыліся, папрасілі прынесці за стол сцяг Беларусі. Такога сцяга ў кавярні не было, папрасілі прынесці сцяг Украіны - такі быў. Такім чынам сваё першае сапраўднае чэскае піва я выпіў у кавярні пад украінскім сцягам.
Горад уражваў, зараз усяго па драбніцах, з першага разу і не апішу: і адмысловая архітэктура, і зелянеючыя паркі і вінаграднік, залатыя рыбкі ў сажалцы і паўліны, пазуючыя на клумбах, развіццё турыстычнай інфраструктуры і бізнэсу.
У турыстычным цэнтры сустрэлі і травесці, якая прапаноўвала сфоткацца разам за 50 чэскіш крон.
Рускамоўныя турысты вылучаліся асаблівай вульгарнасцю ў паводзінах. Магчыма, я пачаў здагадвацца за што не любяць рускіх за мяжой.
Набліжаўся суботні вечар. Суботнія вечары вядомы сваімі вялікі барнымі і клубнымі пасядзелкамі.
Пасля шпацыру па горадзе мы зайшлі ў краму, набылі віна, спецый, французскага духмянага сыра і пайшлі адпачнуць колькі гадзін дома, перад клубам.
Арцём нагрэў віна, дадаў туды апельсіна і спецый, калі гэта ўсё зрабіць па адмысловым рацэпце, то напой называецца “….”, не магу ўзгадаць. Выпіўшы гарачага віна, мы пачалі збірацца ў клуб. Дакладней, напачатку ў гей-бар, а пасля ў клуб.
Гей-бараў, падобных на “FanoMen” у Мінску няма, уваход вольны, алкаголь па ўмераных коштах. Міла пасядзеўшы і правёўшы гадзіну за шчырымі сяброўскімі размовамі, я прапанаваў выпраўляцца ў клуб, мне хацелася гучнай музыкі, распусты і танцаў.
У клуб мы прыйшлі яшчэ як было не шмат людзей, таму змог добра аглядзецца яшчэ ў пустым клубе, клуб вялікі, шмат калідораў, розных пакояў, нішаў, два танцпляцы.
Музыка была чароўная, таму танчылі да самай раніцы, што мала месца было, танчылі і пілі.
Больш за ўсё быў здзіўлены Сяргей Прадзед, калі апынулася, што кола на бары даражэйшая за піва. Піва ў Чэхіі піць танней.
Знаёмствы ў клубе ў мяне ішлі вельмі лёгка. Пазнаёміўся з першым чуваком, з другім, з трэцім… Сімпатычныя, але нешта “не клалася на рэйкі”… І ўжо калі было бліжэй да нашага адыходу дамоў, я ішоў па клубе з куфлем піва і заўважыў прыгожага маладога хлопца. Давіду апынулася 19 год, з ім я і вырашыў звязаць свой лёс на некаторы час. Размаўлялі па-ангельску.
17 красавіка, нядзеля, дзень пяты
Нягледзячы на тое, што мінулым вечарам і ноччу я выпіў вельмі шмат: , а пасля не мог заснуць са сваім маладым палюбоўнікам, прачнуўся рана, самы першы. Адразу залез у сеціва, каб выкласці некаторыя фоткі, адказаць на самыя тэрміновыя з лістоў.
Паглядаў на спячага Давіда, было прыемна разглядаць прыгожага хлопца, прыемней было ведаць, што спаў гэтай ноччу ён побач са мной.
Усе прачнуліся бліжэй да абеда.
Сёння па праграме ў нас было наведаць яшчэ адну гістарычную частку горада - Вышэград.
Самую асноўную частку шляху з намі прайшлі і Віталь з Арцёмам, пасля яны пайшлі займацца php і http, а мы ўтрох - я, Сяргей і Давід, пайшлі гуляць па горадзе далей.
На набярэжнай выпілі па келіху “Чорнага Козела”. Мы хадзілі па горадзе з Давідам абсалютна вольна, не хаваючы адзін да аднаго сімпатыі, маглі сядзець у абдымку, маглі трымацца за рукі, я адучваў сябе вельмі разняволена, ён, падаееца, таксама…
Увечары мы развіталіся. Магчыма, назаўсёды.
Увечары мы з Віталём пайшлі ў “FanoMen”, каб у кампаніі ўжо некаторых набытых прыяцеляў, выпіць за працяг нашага шляху, назаўтра мы збіраліся з раніцы выправіцца ў нямецкую Баварыю.
У бары Віталь мяне пазнаёміў яшчэ з адным мясцовым рускім. Дастаткова манерны і вульгарны, але гэта я палічыў хутчэй за зброю, якой ён нападае ці абараняецца.