Ісьці ці ня йсьці ў войска? Прызыўная эпапея, якая закранула Франака Вячорку і Івана Шылу, урэшце, выплеснулася на БТ у выглядзе прапагандысцкага
пашквіля (цікава, ці служыў у войску той ёлуп, які камэнтаваў гэты пашквіль?). Нямала зьедлівых публікацыяў і камэнтаў можна знайсьці ў інтэрнэце. Нехта шчыра асуджае маладых хлапцоў, нехта загуляўся ў ананімныя інтэрнэт-паклёпы, а нехта на гэтым зарабляе дадатковы рубель (давайце прымем за аксыёму, што на інтэрнэт-тусоўках атайбаваліся ня толькі апазыцыянэры, ок?).
Свой дэмбельскі “акорд” я зрабіў у траўні 1993 году ў Ваўкавыску, калі разам з двума “дэмбелямі”, павінны быў укапаць (урыць, убіць, закалаціць) каля 50 бэтонных слупоў у асфальт і нацягнуць паміж імі калючы дрот. Камандзер нашай роты капітан Новік паабяцаў: “Когда закончите, подпишу рапорт об увольнении”. Працавалі бяз спынку, безь пярэрвы на абед - так ірваліся на волю. Недзе пад вечар праца была выкананая цалкам. Новік аслупянеў - ён спадзяваўся, што мы будзем вожкацца мінімум дні тры. Але праца была выкананая за дзень! З-пад адвешанай ніжняй губы і нерухомых вачэй пырснула: “Этого мало! Нужно сделать еще десять лавочек в клуб...” “А где же мы возьмем доски, гвозди, инструменты?!”, - абурана запыталі мы. “Мне без разницы! Хотите на гражданку - выполняйте”, - мы ўбачылі яго ільсьняны ад’еты карак, які імгненна згубіў да нас цікавасьць.
Лавачкі былі зробленыя за пару гадзінаў на наступны дзень. Пасьля сьняданку (памятаю, ежа захрасала ў горле ад нэрвовага ўзбуджэньня - дзе ж узяць тыя лавачкі?) мы адшукалі ў заначцы ў капцёрцы бутэльку гарэлкі, пераскочылі праз плот вайсковай часткі і кінуліся ў пошукі якога-небудзь тартака. Ваўкавыскія рабацягі, на дзіва, зразумелі нас з паўслова, узялі бутэльку, але ад прапанаваных у дадатах жаўнерскіх грошай адмовіліся.
У другой палове дня капітан Новік, востра бліснуўшы вачыма, падпісаў нам рапарт аб звальненьні…
Нельга сказаць, што час праведзены ў войску быў для мяне згублены. Гэта ж таксама кавалак майго жыцьця, мой жыцьцёвы досьвед, няхай нават той досьвед, які я ня надта жадаў атрымліваць. Я абсалютна дакладна памятаю, што хацеў вырвацца з войска ўсімі фібрамі сваёй юначай душы. Гэтага ж праглі і ўсе мае сябры. Зрэшты, сярод маіх знаёмых я ведаю толькі аднога хлопца, якога ажно трэсла ад жаданьня пайсьці паслужыць. Сёньня - ён у прапаршчыках. Вітаемся. Ён на сваёй “арбіце”, я на сваёй - агульных тэмаў для размовы ў нас ужо амаль няма.
Я ўпэўнены, што для Зьмітра Жалезьнічэнкі, Алеся Каліты, Франака Вячоркі, Івана Шылы час праведзены ў войску будзе/ёсьць змарнаваным часам. У гэтым пераліку няма Віталя Каратыша - магчыма, гэта той выпадак, калі хлопцу служба лягла на сэрца. Жалезьнічэнка, Каліта, Вячорка, Шыла - гэта сфармаваныя асобы з выразнай жыцьцёвай пазыцыяй. Сёньня лукашысцкі рэжым бяз чырвані выкарыстоўвае войска як легальны рэпрэсіўны мэханізм для нэўтралізацыі, хоць бы на час, актыўнай моладзі. У сьвятле “лібэралізацыі” кідаць у вязьніцы немагчыма, а вось загнаць у войска - без праблемаў. Імідж ад гэтага моцна не папсуецца.
Ані Франак Вячорка, ані Іван Шыла ня “косяць” ад войска. Ніхто зь іх не нясе хабар вайсковым камісарам у торбах ці капэртах, ніхто зь іх штучна не псуе сабе здароўе, ніхто зь іх не хаваецца ў якіх-небудзь “расеях”. Гэтыя хлопцы маюць законныя падставы не ЎХІЛІЦЦА ад вайсковай службы, а атрымаць прынамсі адтэрміноўку. Такое самае права мелі і Жалезьнічэнка з Калітом.
У РБ хапае бэйбусаў з аттапыранымі вушамі, для якіх войска можа стацца панацэяй для “вправления мозгов на место” (узята зь лексыкону аматараў паслужыць). Хіба ня знойдзецца месца ў войску для вучняў старэйшых клясаў некалькіх барысаўскіх школаў, якія здымаюць на відэа ўласныя сцэнкі з аральнага сэксу і затым прадаюць гэтыя відэа-нарэзкі сваім аднаклясьнікам за грошы? Ведаеце, можа і не знайсьціся. А вось для нармальных хлопцаў з апазыцыйнага руху, якіх гвалтам пазбавілі магчымасьці вучыцца, знайшлося.
Сёньня я без ваганьняў на баку Франака і Івана.