Адразу скажу - я супраць абагульненьняў. Калі нехта сьцьвярджае, што ўсе чыноўнікі сволачы ці ёлупні, я катэгарычна ня згодны. Ня сволачы. Ня ёлупні. Ня ўсе…
Мы разам зь сябрам падалі
беларускамоўную заяву ў выканкам на правядзеньне 09.12.2008 г. сходу жыхароў Барысава зь Мілінкевічам. 03.12.2008 ідэалягічны адзьдзел у асобе былой дырэктаркі СШ №13 Людзьмілы Гарнак
адказаў па-расейску забаронай, маўляў, “Вам запрещено массовое мероприятие в форме схода”. Матывацыя забароны была выразна патлумачаная толькі 08.01.2009. Але ня гэта закранула найбольш. Закранула найбольш пахабнае стаўленьне да мовы.
Што гэта за выраз такі - “мероприятие в форме СХОДА”? Для мяне гэта азначае самаменш абразьлівае стаўленьне да маёй мовы. У выканкаме не палічылі патрэбным ня толькі адказаць па-беларуску, але, адказваючы па-расейску, выкарысталі беларускае слова “сход” бязь перакладу.
У
наступнай заяве мы прапанавалі старшыні выканкаму забясьпечыць сваіх кабінэтных працаўнікоў папулярнымі беларуска-расейскімі і расейска-беларускімі слоўнікамі. Пры дапамозе тых слоўнікаў, мы спадзяваліся, чыноўнікі змаглі б, прынамсі, перакласьці свае расейскамоўныя адказы-адпіскі на беларускую мову.
Аднак ідэалягічны адзьдзел не знайшоў іншага выйсьця і ступіў на шлях канфрантацыі, параіўшы нам
зьвярнуцца да “Толкового словаря русского языка”, выдадзенага ў Маскве Інстытутам расейскай мовы Расейскай акадэміі навук:
“Согласно ст.17 Конституции Республики Беларусь государственными языками в Республике Беларусь являются белорусский и русский языки. Определение слова «сход» дано в толковом словаре С.Ю.Ожегова, Н.Ю.Шведовой («Толковый словарь русского языка», Москва, 1995 г., Российская Академия наук, Институт русского языка)”.
Але штука ў тым, што ў афіцыйнай расейскамоўнай вэрсіі Закону РБ “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і блізка няма швэдава-ажэгаўскага расейскага слова “сход”, а ёсьць слова “собрание”. Менавіта такую форму сустрэчы мы і падразумевалі, падаючы заяву па-беларуску.
Паводле Ажэгава і Швэдавай слова
“сход” у расейскай мове азначае:
-а, м. 1. см. сойти.
2. Место, по к-рому сходят, спуск (разг.). Крутой с. С. с мостков.
3. Собрание (обычно сельское) (устар. и разг.). Сельский с.
Як бачыце, нашая заява на правядзеньне сходу жыхароў Барысава зь Мілінкевічам у гарадзкой школе №23 была кваліфікаваная кіраўнічкай ідэалягічнага адзьдзелу і старшынём выканкаму як “собрание (обычно СЕЛЬСКОЕ) (устар. и разг.)”. Вядома, нават гэты факт не дае мне падставы далучацца да пашыранага абагульненьня, што ўсе чыноўнікі сволачы ці ёлупні. Вядома, ня сволачы. Ня ёлупні. Ня ўсе…