Як я зьбег зь дзіцячага садка

Jan 07, 2009 19:10

Прачытаў на nn.by сьмешную гісторыю пра трох нямецкіх падшыванцаў "Не хадзіце, дзеткі, у Афрыку гуляць", якія спрабавалі дзеля прыгодаў уцячы на Чорны кантынэнт. У сваім маленстве ажно так далёка зьбягаць я не зьбіраўся, але пячанскі дзіцячы садок (той, які зараз наведвае мая Дамініка) я рэгулярна спрабаваў пакінуць нелегальна. І рабіў гэта не адзін, а разам з прыяцелькай Наташкай Міцінай зь іншай групы. Звычайна, мы прадзіраліся празь дзірку ў агароджы і зьбягалі то ў лес, то на стадыён, то на новазбудаваны жаўнерамі дзіцячы гарадок. А аднойчы мы, пяцігадовыя, вырашылі пешшу дабрацца да нашых бабуляў. Я плянаваў завесьці Наташку да маёй бабулі Зіны, якая жыла ў вёсцы Харашкі Дзятлаўскага раёну, а яна мяне да сваёй - на адзін з скідальскіх хутароў.

Плян падарожжа ўздоўж чыгуначнай каляіны ў бок Гарадзеншчыны сасьпеў раптоўна. Мы сустрэліся з Наташкай на падыходзе да дзіцячага садка. Як сёньня памятаю, ярка сьвяціла раньняе летняе сонца. Хто там з нас першы прапанаваў "схадзіць" да бабулі я ўжо не згадаю. Наташка адразу запэўніла, што ад голаду і смагі ў дарозе мы не загінем і ў пацьверджаньне сваіх словаў выцягнула з сваёй сумачкі тры цукеркі (ці памятаеце, такія - начыненыя павідлам) і поўную вады пырскалку. Не вагаючыся, мы рушылі ў бок чыгункі праз узьлесак.

Цукеркі былі зьедзеныя, мабыць, да таго моманту як сонца ўвайшло ў зэніт, а вада з пырскалкі высмактаная - сьпякоцьце было канкрэтнае.

Спачатку хацелася піць. Наташка прапанавала напіцца зь нейкага балотца. Нейкі час я наадрэз адмаўляўся, але яна мяне пераканала тым довадам, што калі піць ваду адразу за жабкамі, то яна будзе безь мікробаў. Так мы і зрабілі, напалохаўшы жыхароў мутнаватай завадзі. Калі пачало шарэць, страшэнна захацелася есьці. Суніцы, якія зрэдзьчас трапляліся ўздоўж чыгуначнага палатна, не маглі суцішыць пазыўныя голаду. Тут ужо "дасьведчанасьць" праявіў я, пераканаўшы Наташку, у ядомасьці нейкіх зёлак, якія вельмі аддалена нагадавалі жыта. Памятаю, трава гэтая жавалася бяз смаку, але і без агіды.

Калі ўжо зусім зьвечарэла, Наташка раптам радасна завершчала, паказваючы пальцам у нейкі лясны прагал, маўляў, недзе там жыве яе бабуля. Мы пацягліся ў лясную паласу, за якой знаходзілася поле, а далей і, сапраўды, віднеўся нейкі дом. Памятаю, змэншаныя, мы зь цяжкасьцю пераадольвалі барозны. На паўшляху Наташка раптам канстатавала, што яна памылілася і трэба заворчваць абратна. Менавіта ў той момант я заўважыў як моцна сьцямнела. Стала неяк ніякавата, але пра бацькоў у тую хвіліну мы нават і ня думалі.

За дзень мы прайшлі ня так ужо і шмат - кілямэтраў сем-восем. Спыніла нас цётка-чыгуначніца, якая дзяжурыла на пераезьдзе ў раёне прыстанку "Пралетарская перамога". Высьветліўшы прычыны і мэты нашага падарожжа, яна выклікала міліцыю, а да яе прыезду накарміла батонам з сочывам і напаіла малаком. Наташка пасьля гэтага ванітавала пад сьцяной.

Да бацькоў я быў дастаўлены міліцэйскім УАЗікам. Сядзеў разам на заднім сядзеньні зь нейкім пабітым і пьяным мужыком. Расхрыстаная маці сустрэла мяне каля дома, скруціла вуха і ўжо дома паддала ў сьпіну нейкім абцасам. Рэакцыю бацькі я ня памятаю.

На наступны дзень у садку выхавацелькі мне абвесьцілі байкот - дзень народзінаў аднога з сваіх аднагрупнікаў я адзначыў, седзячы адзін за пустым сталом - мяне пазбавілі салодкага. Вядома, я быў вельмі пакрыўджаны... :)

успаміны, маленькія радасьці жыцьця

Previous post Next post
Up