Ніколі не крытыкуйце якасьць паслугаў ByFly ў інтэрнэце, бо невядома, чым тая крытыка можа для вас ці для некага скончыцца.
15 чэрвеня я напісаў у сваім ж.дз. аб тым, што
адстаяў у чарзе 73 хвіліны, каб перапыніць на пэўны час ByFly-паслугу. А мог бы і не напісаць ці мог бы напісаць іншымі словамі, белым вершам ці зарыфмаваць, альбо ўвогуле ўсё сачыніць. Напрыклад, дамаляваць да лічбы 73 нуль, каб атрымалася 730 хвілінаў стаяньня ў чарзе…
Той допіс пасьля “сыгналу” зь Менску абярнуўся стратай прэміяльных для майго добрага знаёмага, які працуе ў барысаўскім адзьдзяленьні “Белтэлекаму” і якога я вельмі паважаю, а для мяне каменем на сэрцы. Пра санкцыі я даведаўся зусім выпадкова праз трэцяга чалавека. Ад гэтага мне яшчэ больш прыкра.
І вось цяпер думаю, ці рапавядаць у інтэрнэце аб тым, што партрэт былога барысаўскага маладафронтаўца сьціпла красуецца ў правым ніжнім куце раённай "Дошкі гонару"?