Юрмала. Ждем вас на бульбашъ-party!

Aug 08, 2009 23:59


На рыжскім чыгуначным вакзале касірка зьдзівілася, калі я вырашыў набыць квіткі на электрычку да станцыі Юрмала. Бо, як аказалася, станцыі пад назвай Юрмала не існуе. “Дык куды вам трэба?” - “У Юрмалу, у цэнтар Юрмалы”. - “Тады вам трэба ехаць да Маёры”. Majori, як высьветлілася, і быў цэнтрам Юрмалы, а таксама адным зь некалькіх чыгуначных прыпынкаў, выцягнутага на 32 кілямэтры ўздоўж мора, горада-курорта.

Так здарылася, што ў Маёры мы прыехалі як раз у дзень адкрыцьця музычнага фэсту “Новая хваля”, дзе аднымі з, так бы мовіць, хэдлайнэраў былі Roxette. На сам фэст, вядома, мы не зьбіраліся дый квіткі даўно былі расхапаныя. З гэтай прычыны Roxette ўжывую не пабачылі, але пабачылі некаторых іншых фігурантаў фэсту - былога ўдзельніка тэлепраекту “Дом-2” Радугу ў выцьвілых шортах і майцы, таўсматага Дамініка з “Фабрыкі зорак” і, магчыма, яшчэ кагось, каго ідэнтыфікаваць не ўдалося.

Цэнтральная пешаходная вуліца Ёмас шматлюдная і праз наплыў турыстаў пераважна расейскамоўная. Месцамі нагадвала летувіскі Друскенінкай, перадусім архітэктурна - дамамі пачатку ХХ ст. (часта драўлянымі) і даражэзнымі сучаснымі гатэлямі. Ці трэба казаць пра безьліч кавярняў, рэстаранаў і рэстаранчыкаў, кошты ў якіх былі, на жаль, ня надта дэмакратычныя? Зрэшты, у вельмі блізкім мне Браславе, які нехта можа лічыць курортам, такіх установаў немагчыма налічыць нават на пальцах адной рукі. Нават з коштамі дэмакратычнымі.




Увогуле, за ўсю паездку ў Латвію я шкадую толькі пра адзін бессэнсоўна выдаткаваны лат (два даляры). Столькі каштаваў квіток для дарослага наведніка парка пясчаных скульптураў. Зацягнула мяне дачка, хоць я і не супрацівіўся - вялізныя рукатворныя аб’екты зь пяску я ніколі раней ня бачыў. Гэта ізноў была гісторыя пра завышаныя чаканьні. Спадзяваўся ўбачыць мастацтва, але мастацтва як такога не адчуў. Магчыма, таму, што вялікія, але крохкія пясчаныя фігуры ніяк не ўкладаліся для мяне ў вядомае выслоўе ars longa, vita brevis. Хутчэй у ars brevis, vita longa.




Зь Беларусьсю ў Юрмале давялося сутыкнуцца тройчы. Двойчы непрыемна. Па пясчаным пляжы прашпацыравала чырвона-зялёная майка з рукавамі ў вядомым арнамэнце (у Рызе ў гандлёвым цэнтры прашпацыравала пазьней іншая майка - чорная, зь гербам Барысава і надпісам Борисов - крышку пазьней я даведаўся, што ў гэтыя дні БАТЭ гуляў з “Вэнтспілсам” і прайграў). Другая сустрэча зь Беларусьсю адбылася на пляцоўцы перад фэстывальным амфітэатрам, дзе назойліва рэклямавалася беларуская гарэлка (“Ждем вас на бульбашъ-party!”). Колькі каштаваў квіток на гэтае party ня ведаю. Цалкам верагодна, што ўваход мог быць дармовы. А вось уваход на заключнае after-party фэсту каштаваў 50 латаў (100 даляраў). Трэцяя сустрэча была з купкай беларускай моладзі, якая седзячы на пляжы захаплялася марскімі краявідамі: “Слышь, тут как у нас на Нарочи!”



























Натоўпаў фанатаў вакол амфітэатру, дарэчы, ня бачыў:




P.S. Вярнуўшыся ў Беларусь я даведаўся ад маці, што менавіта ў Юрмале жыве мой старэйшы стрыечны брат Мікалай, зь якім я ніколі ў сваім жыцьці ня бачыўся....

Юрмала, падарожжы, Латвія

Previous post Next post
Up