За апошні месяц прачытаў тры зборнікі апавяданьняў - польскіх, швэдзкіх і ізраільскіх (пералічыў ў храналягічным парадку). Зьмест кожнага зборніка выклікаў розную ступень цікавасьці. Што ўжо там найбольш паўплывала на ўспрыняцьцё - сказаць цяжка, але яўна не наяўнасьць талентаў ці іхная колькасьць. У кожным зборніку іх хапала. Няўжо штуковіна пад назвай “мэнталітэт” паўплывала? Бо палякі і ізраільцяне аказаліся значна бліжэйшымі і зразумелымі. Як бы там ні было, стварыў асабіста для сябе турнірную табліцу гэтых зборнікаў па ступені цікавасьці (ува мне дагэтуль сядзіць спартовы заўзятар, праўда, недзе глыбока схаваны):
1. 20 польскіх апавяданьняў
2. Чалавек, які скраў сьцяну плачу. 15 ізраільскіх апавяданьняў у перакладах Паўла Касьцюкевіча
3. Сучаснае швэдкае апавяданьне
Дадам яшчэ крышку статыстычкі, якая, вядома, сама за сябе нічога ня кажа. Сярод 10-ці перакладзеных польскіх аўтараў прадстаўлена толькі адна жанчына (10%), сярод 10-ці ізраільскіх - тры (30%), а вось сярод 12-ці швэдзкіх - поўны паліткарэктны парытэт - шэсьць аўтарак (50%).
Нягледзячы на розьніцу ў мэнталіцеце і “дзівосы” статыстыкі раю пачытаць усе тры зборнікі. Недарма ж перакладчыкі карпелі! ))
P.S. Вывучаць краіны праз нацыянальную літаратуру займальна. І асабліва тыя, у якіх ніколі не бываў (Ізраіль), але яшчэ больш займальна вывучаць краіны непасрэдна ў саміх краінах (можна нават абыйсьціся на нейкі час і безь літаратуры). Тым больш, калі адпаведных перакладных зборнікаў не існуе. Сёньня вылятаю на Сярэдні Захад ЗША ў раён Вялікіх азёраў. Не надоўга - на тры тыдні. Ці хопіць мне часу на вывучэньне гэтага рэгіёну Амэрыкі будзе бачна ;)