Калі б можна было прызнацца ў каханьні да якой-небудзь беларускай літаратаркі, прызнаўся б без ваганьняў у каханьні да Марыі Мартысевіч.
У маёй кватэры непрачытаныя яшчэ мною кнігі маюць два месцы-пачакальні. Тыя кніжкі, што адкладзены на папазьней, ляжаць столачкай на вехняй паліцы ў кніжнай шафе, а тыя, што на пабліжэй, - над шуфлядкамі на кухні.
І вось над тымі шуфлядкамі недзе паміж ARCHE, “Невядомай Беларусьсю”, бахарэвічавай “Ніякай літасьцю Валянціне Г.” і “Дваццацю польскімі апавяданьнямі” зь месяц (а мо і больш) плішчыліся ейныя “Цмокі”, што “лятуць на нераст”.
svaboda.org
Да ценькай кніжачкі я падбіраўся зь нейкім дзіўным пачуцьцём. Я быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што “эсэ ў вершах і прозе” мяне пратне навылёт - нешта чытаў у інтэрнэце, нешта чуў акрайкам вуха ад сябра, які ня надта, каб чытач, але вось “Цмокі” адолеў, ахарактарызаваўшы іх адным словам, накшталт, “прыкольна”. Урэшце, маю Марыю (
maryjka_) у фрэнд-лісьце, таму зь ейнымі допісамі (+ спрэчкамі) час ад часу азнаямляюся. Прасьцей кажучы, я быў гатовы на працінаньне, таму ўчора надыйшло невыпадкова, выпадковым было толькі само ўчора.
Позна ўвечары, усеўшыся ў хатні фатэль, я падумаў, а чаго б мне такога пачытаць для душы, каб не таўшчэзнае, а танчэйшае, каб ня доўга, а хутка. Выбар быў, але найтанчэйшымі аказаліся “Цмокі лятуць на нераст”. Разгарнуў іх на “0. Прыгажосьць - гэта…” і зьнік. Перапынак на сон, вядома ж, меў, але гэта быў такі перапынак, калі ня можаш дачакацца раніцы. Загарнуў “Цмокаў” ужо у фатэлі іншым - у фатэлі свайго аўтамабіля.
Марыя - гэта талент. Глыбока і проста, шчыра і пранікнёна. Пра сябе, пра радзіму, пра нас. Прачытаў тое, што перажываў і над чым думаў сам.
Канешне, гэта не магло мяне не працяць.
Было, праўда, адно шкадаваньне - пашкадаваў, што кніжачка, ну, зусім танюткая, - нейкіх 110 старонак. А чытаў бы і чытаў Марыю. Чытаў бы і чытаў…
А яшчэ сёньня я ўрэшце атаясаміў перакладчыцу, праглынутага мною летась, "Зваўчэньня: раманэта пра ваўкоў, людзей і знакі" Антаніна Баяі. Merci beaucoup Марыйцы (Марыі) за пераклад з чэскае ад мяне асабіста. Ну, і за “Цмокаў”, вядома ж, вялікі-вялікі merci! ;)