Праяжджаў сёньня ўзбоч Барысаўскага кансэрвавага заводу, які займаецца “производством и реализацией плодоовощных консервов, соков, напитков безалкогольных, вина плодового, крепленого, крепкого”.
Прадукцыя для кагосьці важная, а для некага неверагодна карысная. Напэўна, прыемна папіць з тэтрапака бярозавага купажу пад назвай “Хлебный аромат” ці іншых вытанчаных купажоў, накшталт маркоўна-трапічнага… Ня ведаю, не каштаваў.
Завод не абы-які. Мае дасягненьні. Кажуць, што нейкім канадцам барысаўскія кансэрвавікі пастаўляюць бярозавы купаж не абы ў чым, а ажно ў шклатары - з тэтрапакаў канадцы ня пьюць.
Што такое “вино плодовое, крепленое, крепкое” ўвогуле ня маю зялёнага паняцьця. Затое маю паняцьце, які кантынгент спажывае гэтае віно. Важны спажывецкі кантынгент, мабыць, для кансэрвавікаў. Вельмі важны.
Анягож! Спажыўца трэба любіць. Любога. Калі-нікалі перад ім можна й прагнуцца. Толькі вось навошта ўжо так гнуцца?
Штосьці мне падказвае, што гэта нават не дзяржаўны сымбаль аднога з спажыўцоў бярозавага купажу...
Магчыма, прычына тут простая. У 2008 годзе завод атрымаў у Маскве два залатых мэдалі на выстаўцы “Беларуская якасьць”, адзін зь якіх - за афармленьне выставачнага стэнду. Гэта вялікае дасягненьне, вядома. Я не спрачаюся. Стэнд аздобіць - гэта трэба ўмець.
Вось вырашылі і завод арламі аформіць. Мабыць, спадзяюцца, што і за гэтае аздабленьне будзе атрыманы мэдаль ня меншае вартасьці за залаты.
Дарэчы, піце сокі ахалоджанымі, а, паміж глыбокімі каўткамі, не палянуйцеся падзякаваць за прагін на
vitamin_produkt@tut.by.