Калхазчы

Mar 31, 2009 21:27


У гады майго савецкага юнацтва асноўнай футбольнай камандай Туркмэнскай ССР быў ашхабадзскі “Колхозчи”. Я тады ўсё ніяк ня мог зразумець, ну, як можна было так назваць футбольную каманду! Хіба можна пад такой назвай перамагаць? Максымальна, - апошняе месца ў другой лізе ці ў лепшым выпадку - першае ў трэцяй.

…У мінулую нядзелю з раніцы да мяне прычапілася Дамініка, маўляў, тата-а-тата, ну, паехалі ў “макдолікс”. Да бліжэйшага “макдолікса” ад нашага пад’езду кілямэтраў семдзесят. "Паехалі!"

Недзе пад Смалявічамі (чацьверты ў рэйтынгу гарадоў Беларусі, дзе мясцовым жыхарам лепей за ўсё жывецца) Дамініка мяне запытала, у якім бы горадзе я хацеў жыць, чакаючы, мабыць, што я назаву горад Менск. Ад прамога адказу я ўхіліўся. Ну, як можна адным словам з сумесі Вільні-Гародні-Братыславы-Баку-Браслава-Нью-Ёрка-Жэнэвы-Хагенава-Лёндана-Швэрына-Труймяста etc.etc.etc. акрэсьліць горад-мару, у якім я хацеў бы жыць? Ніяк. А Дамініка акрэсьліла: “А я ў Менску хацела бы жыць”.

Мы, як жыхары рЫгіёнаў, з найбольш топавых месцаў Менску наведалі толькі два - “макдолікс” і падземны горад “Сталіца”. Пабывалі, праўда, і ў іншых месцах, дзе жыхары рЫгіёнаў, не бываюць. Але не аб тым гаворка.
Спусьціліся ў “Сталіцу”. Прайшліся. Зьехалі ўніз эскалятарам. Прайшліся. Яшчэ ніжэй зьехалі эскалятарам. Прайшліся. Нейкія адстаўныя афіцэры з бэджамі на цывільных сьпінжаках паўсюль. Ахоўваюць парадак, мабыць.

Зайшоў па americano ў “Dubble-Coffee” (быццам, такая назва) - кавярню з прэтэнзіямі. А я ж чалавек з рЫгіёну - бяз цукру піць ня ўмею, мне ж абавязкова трэба падсаладзіць каву. Кажу: “А цукар дзе?” “А вот перед вами”. Бяру ёмістасьць, вечка з рыльцам ці то адвальваецца, ці то абы-як прыклеена, ці то цукар запёкся - з трэцяй спробы некалькі крышталікаў усё ж усыпаў. Чарга стаіць, хвалюецца, назірае, як я каву саладжу ля касы, працэс затрымліваю. Не дасаладзіў. Але і прэтэнзіяў не прад’явіў.

Дарма шукаў я на шыльдах падземных крамаў “Сталіцы” ўпадабаныя мною даўно эўрапейскія маркі накшталт Zara ці United Colors Of Benetton. Нічога такога няма і блізка. Затое ёсьць “Красный Мозырянин” у прыцірку з клюбам “Times”.




Пасьля “Красного Мозырянина” (гэткага беларускага “Калхазчы”) паехалі мы дахаты ў свае, барысаўскія, “калхазчы”. Дамініка шчасьлівая. Я - засмучаны.
 

ажыятажнае, калхазчы, купляй беларускае!, Дамініка, віетнамабад

Previous post Next post
Up