Шмэрка з Савэркай

Mar 02, 2009 16:24


Маё юнае піянэрскае вуха заўсёды да сьмеху казыталі імёны, а тым больш мянушкі вясковых жыхароў. Стась Міхасішын, Валя Сяргейкава, Вікця Грабавецкая (ад назвы хутара Грабавец каля вёскі Ісаевічы Слонімкага раёну), Дамініся…

Сёньня я ведаю, што гэта цалкам нармальныя, традыцыйныя беларускія імёны, часам падмацаваныя імем бацькі для пазьбяганьня блытаніны. Як каму, а яны мне вельмі падабаюцца.

Асобная гаворка пра мянушкі. Мабыць, у вёсцы не было аніводнага чалавека, якога б за вочы не называлі неяк кпліва ці крыўдліва. Вырашыў пералічыць усе вясковыя мянушкі, якія запомніліся зь дзяцінства:
Пітон. Кульгавы дзед без адной нагі.

Сталін, Гітлер, Ленін. Як там хто каго і чаму назваў менавіта так, мне дакладна невядома. Быццам бы, нехта зь вяскоўцаў быў падобны на Гітлера, а нехта на Леніна. Сталіным назвалі юнака, які неяк з дрэва крычаў падчас вайны: “Нашы ідуць! Сталін ідзе!” Ведаю толькі, што Сталін пабраўся з Марусяй Гітлеравай, якая затым стала Сталінчыхай. У вёсцы казалі - ну, усё, калі сталін зь леніным парадніліся, вайны ня будзе.

Дрысь. Малодшы брат майго роднага дзеда Ўладзік. Уладзічак бы мітусьлівы, ёрзаў туды-сюды. Мабыць, таму і назвалі Дрысем.

Шмэрка. Гэтак за вочы часам звалі майго дзеда Васіля. Верагодна таму, што часта шмэргаў носам. Адсюль ягоная жонка і мая бабуля Волька - Шмэрчыха.

Мамай. Чаму так назвалі чалавека, ня ведаю. На ягонай хаце, адной зь нямногіх, быў прымацаваны праваслаўны крыж, прысутнасьць якога мяне малога крыху палохала.

Хуна. Гэтак звалі мясцовага каваля. Ягоны сын ажаніўся на мясцовай знахарцы Крысе, якая некалі зьняла зь мяне спалох.

Варона. Мянушка панурага дзеда Івана Трубілы зь вёскі Краўцэвічы, які праз увесь час на нешта злаваўся.

Дык. Паганяла Далідовіча - настаўніка малодшых клясаў Дзераўноўскай школы Слонімскага раёну, у якога вучылася мая маці. Гэтак назвалі, бо да месца і не да месца казаў “дык быццам бы”. “Дык быццам бы, дзе Люда і Валя?”, - пытаў Далідовіч, шукаючы маю маці і яе сяброўку, якія на ўроку дзеля жарту схаваліся пад стол.

Савэрка. Мая бабуля Зіна з Харашкоў Дзятлаўскага раёну. Чаму так называлі, ня ведаю. У вёсцы казалі, калі мае бацькі ажаніліся: “Глядзі, Шмэрка з Савэркай парадніліся”.

Цурка. Суседка маёй бабулі Зіны Верка. Каталічка, якая сябе лічыла полькай. Яе маці так і называла дачку ў дзяцінстве цуркай (з польскай - дачка).

Нямко. Таксама суседзі. Нямко быў глуханямы. Памятаю, як ён сядзеў у бабулі за сталом і нешта праз жэстыкуляцыю і мычэньне спрабаваў растлумачыць. Бабуля і бацька яго разумелі, я - не. Зразумела, што жонку ягоную звалі Нямчыха.

мова, успаміны, мае дзяды, радзіма

Previous post Next post
Up