Знак аб’яднаньня Нямеччыны

Feb 27, 2009 17:13


Ніхто з жыхароў акупацыйнага вайсковага гарадка групы савецкіх войскаў у нямеччыне каля мястэчка Хагенаў пад Швэрынам ў чэрвені 1989 году нават і не здагадваўся, што Заходняя і Ўсходняя Нямеччыны крыху больш, чым праз год аб’яднаюцца. Дзе ж было здагадацца мне?

Аднак у 1989-ым савецкія душы розных нацыянальнасьцяў - ад экзатычных буратаў да размытых расейцаў - усё часьцей і часьцей трымцелі за зачыненымі дзьвярыма ў дамах з чырвонай дахоўкай. То жаўнер з вайсковай часткі зьбяжыць на тэрыторыю ФРГ, то з тэрыторыі ФРГ на тэрыторыю ГДР высадзіцца нейкая, быццам бы, дывэрсыйная група. Савецкіх жаўнераў падымалі па трывозе і закідвалі прачэсваць навакольныя лясы, а мірнае, так бы мовіць, насельнцітва, пазашываўшыся, сядзела дома і цікавала з вокнаў.

Але ўсё гэта, канешне, было эпізадычна. Праўда, адзін эпізадыска больш вузкага маштабу як лёгкі брыз будучай аб’яднаўчай буры закрануў маё юнае худое чатырнаццацігадовае плячо.
Прыкладна ў тым самым годзе сем’ям савецкіх афіцэраў дазволілі з саюзу запрашаць да сябе ў госьці сваякоў. Адпаведныя дакумэнты дапамог аформіць сябра майго бацькі маёр гэдээраўскага войска Кляўс Войтке, ад якога дагэтуль у кватэры бацькоў застаўся як напамін глянцавы альбом эратычных малюнкаў ці то канца XVIII-га ці то пачатку XIX-га стагодзьдзя.

У чэрвені 1989-га прыехаў брат маёй маці дзядзька Віця з сваёй жонкай з Зэльвы. Сёньня я магу вылучыць толькі тры асноўныя мэты візыту сваякоў, адна зь якіх цалкам належала цётцы Зоі і была вельмі неарыгінальная для савецкіх людзей - максымальна прыбарахліцца.

Дзьве другія мэты былі цалкам Віцевы - паглядзець па заходненямецкіх тэлеканалах эратычныя фільмы і папіць нямецкага піва. Зь фільмамі атрымаўся пракол. Памятаю, як дзядзька раздражнёна ўскокваў з канапы і пераключаў з канала на канал: “Ну дзе там твая эротыка, Саша?! Дзе голыя дзеўкі?” Бацька чырванеў, спазіраўчы ў мой бок, і казаў: “Адчапіся! Убачыш яшчэ!” Але я дакладна ведаў, што дзядзька нічога ня ўбачыць, бо ніякіх эратычных фільмаў тады па заходненямецкіх ZDF, ARD, NDR не паказвалі, а наадварот нешта напаўцнатлівае можна было ўбачыць на каналах усходненямецкіх - DDR 1 і DDR 2, патрапіўшых пад тагачасную хвалю лібэралізацыі грамадзка-палітычнага жыцьця. Дый тое - толькі пад Новы год - кароткамэтражныя на паўгадзінкі гісторыка-эратычныя замалёўкі “Эротыка нанач”. І я па-свойму, па-мужчынску, моўчкі шкадаваў дзядзьку - я разумеў ягоны аблом.

Папіць піва было значна прасьцей. Піва лілося ў зэльвенскі трыбух рэкамі. “Сяргей, здай бутэлькі і купі на іх піва. Рознага”, - пачуў я Віцеву захмялелую просьбу з-за стала. Я супраціўляўся як мог! Бутэлькі можна было здаць толькі ў Хагенаў, бо ў вайсковым гарадку шкляная тара не прымалася. Да Хагенаў было каля паўтара кілямэтры, да крамы “паліцэйская” яшчэ больш, а бутэлек было на тры рукі. “Ну дык вазьмі ровар, адну сетку на багажнік, а дзьве на ручкі”, - параіў дзядзька. Важкі аргумэнт выклаў бацька: “Схадзі, дзядзька ж просіць…”

Бутэлькі я здаў, адбрыньчаўшы паўтара кілямэтры, не адрываючы носа ад зямлі. Піва выбіраў доўга. Ніяк ня мог зьлічыць маркі з фэнішкамі, каб атрымалася бяз рэшты. Калі ўпораўся з задачай здарылася тое, аб чым я напісаў у самым пачатку - маё юнае худое чатырнаццацігадовае плячо закрануў лёгкі брыз будучай аб’яднаўчай буры.

Выходзячы з касаў у праход да выйсьця я адчуў, што ў мой лоб пільна і зь нянавісьцю ўзіраецца высокі белабрысы немец прыкладна майго веку. Я рушыў да выхаду - ён мне насустрач. Я перахапіў сетку з правай рукі ў левую, каб не пабіліся бутэлькі ад ужо запраграмаванага сутыку. Мы набычыліся і несаступаючы адзін адному ані мілімэтра прасторы з усяе моцы тузанулі адзін аднога плячыма. Ён нешта пачаў крычаць у мой бок па-нямецку, я ў яго - па-савецку - бл…, пайшоўтынах…

Сівыя немкі хіталі незадаволена галовамі, як мне здалося, ня толькі ў мой бок. Магчыма, і ў бок свайго юнага суродзіча. Адзінае ў чым я ўпэўніўся пасьля таго выпадку, што ад былога гэдээраўскага спакою знакаў амаль не засталося. У летнім паветры 1989 году брыняла нянавісьць. І я адчуў яе на сваім плячы…




Здымак з hagenow.de (c). Вось па гэтым горадзе я брыньчэў пустымі бутэлькамі з-пад піва ў чэрвені 1989 году

сымбалі, бацькі, успаміны, ГДР, віетнамабад

Previous post Next post
Up