планы на адну ноч

Dec 30, 2017 16:11

Рэдактарка Каця на працы спытала ў мяне, як я буду сустракаць новы год. Я сказала: дома, мабыць, адна. У Каці тут жа зрабіліся вялікія захопленыя вочы, як быццам яна пабачыла феерверк на ўсё неба: «Ты так можаш? Ваў. Гэта крута». «Магу», - сказала я.

Тожа мне дасягненне году - правесці нейкую ноч у адзіноце. Але чамусьці я старалася як мага долей увогуле адсоўваць думку пра новы год. І толькі апошнія пару дзён акуратна патроху раскручваю свой страх, як плакат. Выява на ім непрыемная: у новы год застаюцца самотнымі толькі самыя беспрытульныя людзі, у іх бледныя твары ў зморшчынах, адзіны іх сябар - тэлевізар, вакол іх даўно жывуць павукі, старасць і смерць.

Не ведаю, адкуль я гэта ўзяла. Можа быць, адзінота ў новы год падаецца мне квінтэсэнцыяй усёй адзіноты ўвогуле. Тады атрымліваецца, каб перамагчы страх адзіноты ўвогуле, трэба не баяцца застацца адной у новы год. Трэба ўтульна ўсадзіць свой страх побач і лашчыць яго, як кацяня.

Магчыма, гэты страх у мяне праз чаканні: чамусьці чакаеш у навагоднюю ноч нечага добрага. І яно, як ні дзіўна, сапраўды здараецца.

Летась, напрыклад, навагодняя ноч скончылася ашаламляльнымі пацалункамі.

А пазамінулы новы год я сустракала са сваім хлопцам у Вільні. Відаць, таксама думаючы, што новы год удваіх - гэта ўдзел пенсіянерскай пары, я вырашыла, што мы ўсю ноч мусім весела хадзіць па горадзе, зазіраць у бары і піць замарожанае шампанскае ля елкі ў атачэнні румяных літоўцаў. Але літаральна за суткі Ф. неяк няўдала ўстаў з канапы і зламаў палец на назе. Я ўпершыню бачыла, каб хтосьці проста на маіх вачах ламаў канечнасць. Вечар мы правялі ў траўмапункце. А новы год сустракалі дома ўдваіх, рэзалі салаты, глядзелі фільм, дзе малады Жэрар Дзепардзье трахае ўсіх, хто трапляецца на ягоным шляху, званілі сябрам, гэта было так файна, па-даросламу, што не хацелася нікуды бегчы больш ніколі. Шчаслівы быў новы год. Праўда, роўна праз паўтара месяцы Ф. кінуў мяне гэтак жа неабавязкова і раптоўна, як быццам проста няўдала ўстаў з канапы.

А яшчэ аднойчы быў такі выпадак, калі 31-га днём я сядзела дома без настрою і збіралася святкаваць новы год адна, а Арцём узяў і набыў мне квіток на самалёт у Варшаву. І ўвечары я ляцела да Адэлі.

Заўсёды можа здарыцца штосьці добрае. У прынцыпе тое, што ты сустракаеш новы год адна, а не з кімсьці табе нецікавым і лішнім - таксама добра. Каб было не страшна, трэба мець план, ён такі:

Я надзену новую сукенку ў чырвоныя кветкі.

Потым я вазьму рондаль і дадам у яго аранжавую пасту, какосавае малако, марскіх гадаў (крэветак і кальмараў), потым памідоры чэры, шампіньёны, леманграс, лайм.

Потым звару рыс і зляплю з яго на талерцы снегавіка.

Буду есці гарачы востры суп, макаючы ў яго рыс. Буду піць халоднае піва. Буду глядзець фільмы пра лета, пра спёку, пра пальмы і любоў.

«Саша! - тэлефануе мне рэдактарка Каця, - дык што ты ў навагоднюю ноч? Можа, папрацуеш? Забег цвярозасці будзеш здымаць. Прабяжыцеся з аператарам, там трэба ў касцюмах, у мяне ёсць касцюм мішкі».

Думаю, забег цвярозасці ў мішкі будзе да бліжэйшага бару .
Previous post Next post
Up