Пра словы і немагчымасць словаў

Apr 14, 2018 04:03

Дзіўна, але мне перасталі сніцца сны. Апошні быў у пачатку зімы, вельмі яркі.

Я зацяжарыла рыбкай. Я ўсведамляла свой стан, але не ведала, як рыбка з'яўляецца на свет - не так, як чалавек, гэта відавочна. Таму я проста чакала: нешта пачнецца.

Аднойчы мы сядзелі ўвечары на кухні з маімі сябрамі Тарасам і Лідай, і раптам я зразумела: гэта яно. Да горла падкаціла хваля, і мяне званітавала на падлогу крывавай лужынай. Потым мяне доўга-доўга ванітавала рыбінымі малокамі і вантробамі - нармальна, роды не бываюць лёгкія. Я наванітавала цэлую горку велічынёй з агромністы мурашнік. Сяброў я папрасіла не глядзець, бо потым яны не змогуць успрымаць мяне па-ранейшаму, але яны глядзелі ўсё адно.

І вось нарэшце ўсё скончылася, я шчаслівая мама з іспарынай на лобе. Але дзе рыбка? Яна мусіць быць недзе тут, у гэтай кучы брыдкіх вантробаў. Я пачала шукаць усё больш нервова: нідзе няма. Тарас далучыўся да пошукаў, корпаючыся па локаць у чорнай крыві. Мы перакапалі ўсю кучу. Нічога. Рыбкі няма. Рыбка не нарадзілася.

Увесь наступны дзень я не магла адысці ад сну. Па дарозе на працу сустрэла білборд з рэкламай гіпермаркета, на якім была серабрыстая кілька пад плёнкай. Мне стала млосна, сон быў вельмі фізіялагічны. Я думала пра тое, адкуль ён. Можа, я начыталася нечага пра цяжарнасць і выкідышы?

Увечары я распавяла сон Тані. Яна сказала: усё зразумела. Гэта пра немагчымасць нешта патлумачыць і выказаць. Пра тое, што ўсё насамрэч вельмі проста і ясна, як маленькая гладкая рыбка, але замест яе, ты нараджаеш горы непатрэбных словаў, горы крывавых вантробаў, а рыбка як квінтэсэнцыя і ззянне сэнсу тоне ў іх і ніколі не народзіцца.

Гэта ў прынцыпе тое, што я адчувала ўсю зіму - недасканаласць словаў, немагчымасць тлумачэнняў, абарваны дрот на тым канцы сувязі.

***

Цяпер побач са мной мастак, які ўвогуле абыходзіцца без словаў.

Здаецца ўсе людзі для яго - набор лініяў. Жэня не цікавіцца чалавечымі гісторымі і плёткамі. Ён выражае сябе візуальна. Ён мысліць карцінкамі, адчувае карцінкамі і нават гаворыць, здаецца, таксама карцінкамі.

Мы ідзем па вуліцы, я расказваю адну са сваіх гісторыяў, і вось я ўжо на ейным піку. І ў гэты момант Жэня прамаўляе: «Глядзі, разводы на доме якія прыгожыя».

Ты не слухаеш мяне, - кажу я. Ты мяне не слухаеш! - я рэальна злуюся. Што я сказала? - Жэня, як у школе, падчапляе ў галаве мае апошнія фразы.

Сапраўды прыгожыя разводы, - думаю я, - яны такія … ну, такія, як сказаць, ну.
Previous post Next post
Up