Jul 10, 2017 19:27
Калі баішся зімы, купі прыгожае паліто, у ім яе прасцей перажыць. Чалавек, які даў мне гэтую найцудоўную параду, сам перанёс мяне праз зіму і акуратна пакінуў у вясне.
Я думаю, разыходзіцца ўзімку мусіць быць забаронена.
За расстанне ўзімку павінная быць крымінальная адказнасць.
Расстанне ў лютым - злачынства з асаблівай жорсткасцю.
Добрыя людзі кідаюць адно аднога вясной ці летам.
Летам адзінота не атрутная, яна цягучая, яна як вадзяністыя клубніцы, як спадніца, якую вечна закручвае ў кола ровара, як пірожнае «знічка карамельная», як блакітная вада ў басейне, як алея манчжурскага арэха ў батанічным садзе. Летам можна пхаць сябе адзінотай.
Апошнім часам, калі стасункі з людзьмі сталі падобныя на варочанне мармуровых плітаў, я зрабіла некалькі ўласных адкрыццяў. Першае - гэта ўсмешка. Калі цяжка размаўляць, можна ўсміхацца. У нармальнай сітуацыі я і блізка не такая ўсмешлівая. Другое - заўсёды можна сысці. Проста сысці, выбегчы з машыны, якая вязе цябе на сяброўскі арт-пікнік, уцячы з вечарынкі ў самы яе разгар, калі ўнутры адбываецца альтэрнатыўная вечарынка трывог і крыўдаў. Гэта нармальна і вельмі зручна. Зрэшты, здаецца, гэтае вынаходніцтва я таксама ў кагосьці запазычыла.
Летняя адзінота як вясёлы лямпавы зомбі-апакаліпсіс, дзе я блукаю адна па мёртвым горадзе - п’ю газіроўку ў пустых кінатэатрах, сяджу ў назаўжды спыненых атракцыёнах - і спрабую атрымліваць асалоду ад прыгажосці моманту.
Віно на пустой вечаровай тэрасе цудоўна пасуе да кнігі, дзе ўсе героі, вядома, страшна самотныя. Змесціва келіха ўцякае, як пясок у гадзінніку. Значыць, пара дадому, сканчаецца вечар, сканчаецца лета, усё сканчаецца.