Басейн і калодзеж

Jun 18, 2017 14:30

1.

Басейн.

Суботнім вечарам я плавала ў басейне, цэлую гадзіну ад борціка да борціка. Было цудоўна. Напэўна, гэта як біць грушу, толькі стамляешся менш. Басейн - месца прыгажосці, асабліва ўвечары, калі няма людзей. Праз шкляныя квадраты сценаў бачныя елкі і вечаровае сонца, што блікуе на столі. Сонца сядае, надыходзіць меланхолія і спакой.

Калі ў артхаўзных фільмах у гераіні дэпрэсія - яе абавязкова пакажуць у басейне (сіняя вада, чорны купальнік, бясцэльны рух ад борціка да борціка, план ног з-пад вады, план зверху - маленькія целы, адмежаваныя каляровымі дарожкамі).

Якраз пазаўчора я перагледзела фільм “Басейн”, але не стары з Дэлонам і Біркін, а той які з Цільдай Суінтан. Люблю гэты фільм, бо там паказаныя ідэальныя стасункі. Простая радасць ад жыцця - купацца разам голымі на дзікім пляжы ці есці рыбу. Ненавязлівая пяшчота і клопат адно пра аднога - ён дапамагае ёй абраць сукенку або пераносіць у ложак, калі яна прыкарнула ў фатэлі. Нічога звышнатуральнага, нават дзіўна чаму ў жыцці ўсё так складана. Фільм пра тое, як трэба гэтае простае цаніць і не паддавацца на спакусы - на маладыя целы або ракавыя стасункі з мінулага. Але ўсе паддаюцца, вядома.

Я падумала, вельмі добра хадзіць у басейн па вечарах у выходныя, калі ўсе сустракаюцца на пасядзелкі, покер і кактэйлі. І замест таго каб шукаць, дзе б упасці ў сяброўскія абдымкі, можна плаваць і ўяўляць, што сама боўтаешся ў чыімсьці вялізным келіху. Шкада, што нельга пераплыць у басейне праз усе святы, у якія бывае асабліва самотна, - новы год ці дзень народзінаў. Хаця дзень народзінаў можна, трэба запомніць.

Басейн увогуле - месца знікнення, падобнае на сон, у яго не возьмеш тэлефон, у яго ўвогуле нічога не возьмеш. Усё засталося ў шафцы, замкнёнай на ключ. А ключ - на руцэ. Гэта адзіны прадмет, што звязвае цябе з рэальнасцю, як ваўчок у фільме “Inception”.

Дарэчы, ключ. За яго цяпер просяць заклад, што таксама выглядае троху сюрэалістычна. Жанчына ў касе сказала, што я мушу даць ёй “нейкі маленькі прадмет”. Гэта чамусьці ўвяло мяне ў ступар, я доўга корпалася ў торбе, думаючы, які прадмет магу ёй даць. Яна ўдакладніла, што прадмет мусіць улезці ў ячэйку для ключоў. Люстэрка? Цукерка? Буклет пра зло абортаў, які мне далі ў парку? Навушнікі? Памада ў выглядзе савы? Пачак гліцыну? Ніяк не магла вырашыць, што ёй спадабаецца.

У распранальню зайшла бабуля з дзіцём, яна вяла яго пад рукі і гучна трубіла: не бойся! Не бойся! Я падумала: дзіўна, можа, дзіцё баіцца людных месцаў? У яго на вочы была насунутая гумовая шапачка, потым я зразумела, што дзіцё - хлопчык гадоў сямі. Бабуля, відаць, не магла яго пакінуць аднаго, і каб у яго не было траўмы ад вялікай колькасці голых цётак, яна нацягнула яму шапачку на вочы і правяла яго праз жаночы душ, а потым адзявала яго сляпога ў жаночай распранальні. Хлопчык ніяк не мог трапіць нагамі і рукамі ў вопратку, яна раўла: не здымай шапку! Не здымай! Нагу давай сюды! Руку! Не расплюшчвай вочы, я выведу цябе зараз! Хлопчык увесь час намагаўся нешта падгледзець, але бабуля так у насунутай шапцы і павяла яго пад канвоем праз небяспечны лес са старых і маладых жаночых голых целаў.

Ідэя хадзіць у басейн на апошні сеанс не мая, я скрала звычку ў Т. Мы неяк уяўлялі, што супрацоўнік басейна, які мае доступ да камераў назірання, мог бы зрабіць арт-праект. Напрыклад, нейкая пара па нядзелях ходзіць у басейн на апошні сеанс. Спачатку яны яўна падабаюцца адно адному, увесь час сутыкаюцца, пераплятаюцца, дурачацца і смяюцца. Але з кожным тыднем яны паводзяцца троху інакш. І так можна назіраць, як з тыдня ў тыдзень яны мяняюцца. Потым ужо проста плаваюць моўчкі. А аднойчы хлопец прыходзіць адзін. А потым яшчэ праз нейкі час ён плавае ўжо з іншай дзяўчынай.

Т. тады прапаноўваў нейкія менш сумныя і больш нечаканыя варыянты развіцця падзей. Але гэта быў бы самы прадказальны арт-праект у свеце, якія тут варыянты.

2.

Вырашыла пісаць сюды два назіранні ў дзень (наўрад ці мяне хопіць надоўга), такія простыя, побытавыя - сёння пра басейн, заўтра, можа, падрабязна апішу, што я ела ці як пракацілася ў трамваі. Мне гэта трэба, бо апошнім часам цяжкасці з камунікацыяй, а ў калодзежы, дарэчы, троху трывожна. Хочацца адчування гаварэння ўслых. Але такога як на менскай вуліцы, дзе мала людзей і ніхто асабліва не пачуе.
Previous post Next post
Up