(no subject)

Jul 24, 2013 13:40

       Узялася паперачытваць LiveJournal-допісы свае за апошнія гады. У сеціўным моры людзей і інфы дазволіла сабе гэты прыемны занятачак: сканцэнтравацца на Сабе! Усе гэтыя нататкі,  мілыя прыгожанькія паштовачкі, прывітанні ад пражытых гадоў. Пражытыя гады самі па сабе зусім не гэтыя мілыя-допісы-паштовачкі: пражытыя гады змясцілі ў сабе шмат незанатаванай  будзёнасці і нуды... І ўсё ж працягваеш пісаць, ствараць далёкія ад рэальнага жыцця сімулякры -- а чаму б і не?
      Вось і скончыліся два гады размерквання -- працы ў літаратурна-мастацкім часопісе "Маладосць", якую я шанавала і цаніла. Нейк вельмі таленавіта скончыліся. З'явіўся Лёша, спраўдзіў адзін з маіх намераў "выйсці замуж" і "скраў" мяне з працы. І вось -- упершыню ў жыцці! -- я ні да чаго не прывязаная! Такія дзіўныя канікулы з невядомым канцом.
      Лёша і стан "я замужам" зруйнавалі былое жыццё. Ён пранаваў мне Дарогу, Дарогу як экзістэнцыю і life-style, -- і я прыняла гэты падарунак. І вось цяпер сяджу за кампом у Лёшы ў Гомелі, а заўтра мы распачынаем нашае вялікае падарожжа: даехаць стопам да Індыі. А потым, мажліва, Інданэзія і Камбоджа і ўвогуле невядома, дзе, калі завяршэнне. І нешта ўнутры мяне прымае той факт (проста прымае, без радасці, але і без суму, з нейтральнай абыякавасцю), што цяпер, па сутнасці, мой дом не ў Мінску -- не ў тым пакойчыку, дзе я пражыла ад самага нараджэння, цэлых 25 гадкоў, пакойчыку з сіняй шафай, жоўтымі шпалерамі, паліцамі, заваленымі маім мілым, маім загадкавым мінулым... Здаецца, цяпер мой дом там, дзе Лёша.
     "Быць замужам" -- гэта новы, яшчэ нязведаны мной стан. І я рада, што ўсё так, як ёсць. І нават не таму, што "быць замужам" -- штось ачмурэнае. Проста ёсць адчуванне "вывучанага ўроку", завяршэння нейкага вельмі значнага пошуку. Цяпер усе мае папярэднія love-story, не надта гарманічныя -- і ўсё ж месцамі надзвычай радасныя, сонцам ранішнім, маладым прасякнутыя -- можна скласці ў любімую, прыгожую скрынку і, накрэмзаўшы на ёй "юнацтва", паставіць у якасці сувенірнага ўпрыгожвання на паліцу. У гэты ліпень, спелы, яшчэ зялёны, але і  з лісточкамі ад сонца зжаўцелымі, з сакавітымі рабінавымі гронкамі, мой дваццаць пяты па ліку ліпень, я вітаю сваю даросласць.

about myself, тантра, нічога ніколі не здаралася, Дарога

Previous post Next post
Up