Мой Іран

Sep 18, 2013 21:17


Часам падаецца, што шчырасць і праўдзівасць- гэта штось складанае. І паспрабуй іх адрыць - не заўжды атрымаецца. Ды… Не! Наша мудрагелістая дарога па зямлі ў Індыю мне адкрыла: шчырасць і праўдзівасць - гэта проста. Ну, як у Дзэне кажуць, хочаш есці - ясі, хочаш пісаць - пісай. А хочаш не любіць - не любі! Так ужо складваецца: у дачыненні да аднаго сэрца раскрытае, а з іншым закрываецца. І нічога тут не паробіш! Сэрца - закрытае, і навошта раскрываць яго гвалтоўна?

Іран мы не надта ўпадабалі: спецыфічная краіна. Памятаецца, аднак, у Арменіі нам спаткаўся адзін разумны-разумны ўсходазнаўца і з захапленнем гадзіны дзве трындзеў пра Іран, які, зрэшты, ведаў яго не практычна -- тэарэтычна. Але некаторыя падарожнікі, намі спатканыя, так жа, як і мы, найчасцей заставаліся абыякавымі да краіны… Камусьці, вядома, Іран западзе ў душу, але ж, мяркую, далёка не кожнаму.

Амаль месяц у строгай мусульманскай краіне, з паўсюднымі жанчынамі ў закрытай чорнай чадры, - цяжка, нудотна, надакучыла! Іран нагадваў мне нецікавую выдатніцу, што выконвае свае мусульманскія заданні толькі таму, што так трэба і правільна. Відаць, Ісламская рэвалюцыя, што панаводзіла тут строгіх рэлігійных парадкаў паўстагоддзя таму, была надта знешняй з’явай. Калі ты дзяўчыніа-турыст і здымеш хустку-хіджаб нават у ціхім, бязлюдным кутку парка, найхутчэй хтосьці паставіць цябе на месца, прыгадаўшы, што гэта зусім нядобра: Іран - мусульманская краіна! Ох! Нават у моры жанчына можа купацца выключнай у закрытай вопратцы і хусцы. А калі мы пераходзілі армяна-іранскую мяжу і я ў досыць доўгіх нагавіцах была -- не дарэшты доўгіх, але нашмат ніжэй за калена - нас прыпынілі. Дзякуй добрай іранскай жанчыне: выратавала, спадніцу падаравала. (Потым у таксама мусульманскім Пакістане мы былі надзвычай ўзрадаваныя: хочаш хавай сябе ў хустку, хочаш - не хавай. Твая справа…)

Іран - пекла сярод пустэльні. І калі ёсць тут нешта зялёнае, дык абавязкова штучнай вадой узгадаванае. Мёртвыя і ціхія горы. Сонца жахлівае, бязлітаснае. “Божа, гэтая духата мяне забівае…” - кажу, калі шпацыруем ужо сінім вечарам па сталічным Тэгеране.

Галоўныя сімвалы персідскай культуры - госць-турыст гэта адчуе -- дываны і самавары. Завітаеце да мясцовых -- асаблівую пашану да дываноў заўважыце: уся падлога - у дыванах! І самавараў тут багата: маленькіх, сярэдніх і прывялікіх, якія сувенірныя, -- але нідзе такіх не бачыла!

Краіна перапоўненая Pepsi, амерыканскім фастфудам: хот-догі, сэндвічы, піцы. Амерыка, што панавала тут да рэвалюцыі, так і не зваліла адсюль канчаткова. Часам жадаеш знайсці якуюсь іншую сталоўку - а не знойдзеш.

Аднак жа былі ў Іране прыцягальна гасцінныя людзі.

--Няма за што дзякуй! Ты мне сястра, -- устойлівы выраз, які кажа жанчына жанчыне. - Ты мне брат! - уручае мужчына госцю- мужчыну.

Былі ўражвальныя пальмы са свежымі фінікамі. Свежыя фінікі іранскія я ўпадабала халоднай зімой яшчэ ў Беларусі. Фінікі, вельмі-вельмі салодкія, цудоўна распавядаюць пра пекла Ірана.

Быў Персідскі заліў: на караблі мы пераплылі на востраў Кешм. Мора, нават у навязліва палкім Іране, шчаслівая магутнасць! Колькі ж вады! Колькі моцы!!! І ўсё гэта - Жыццё На Планеце Зямля!!! Так радасна: гадзіна ў адкрытым моры. Там, на Кешме, багата жвавых крабаў на марскім беразе. І дзіўныя жанчыны ў масках птушак - такая нацыянальная вопратка.

Была адраджальна прахалодная кватэра ў гэткіх клапатлівых, добрых Азэры і Аміна: іх нам падкінуў дальнабойшчык, калі ехалі стопам. Яны закормлівалі садавіной ды традыцыйным у Іране фастфудам, нічога не шкадавалі. Усё для гасцей! Гасцям - ветліва служым! Жывіце ў нас колькі заўгодна. Азіяцкая гасціннасць: гарачая, моцная, адданая. Але ж… І пекла на Кешме пад 50, вільготнасць, надзвычайная патлівасць. Божа, і тут таксама жывуць людзі?..

Дарога

Previous post Next post
Up