...Ігнація Яцкоўскага (1854), натрапіў на цікавую кулінарную легенду пра Ягайлавы часы. Дарэчы, ужо сустракаў падобныя, якія датычыліся вяндлін, бігасу ды мёду, але пра бабку (маецца на ўвазе кандытэрская бабка) чую ўпершыню.
М.Э.Андрыёлі. Вялікодныя клопаты.
СВЯНЦОНАЕ НА ЛІТВЕ. ПАХОДЖАННЕ БАБАК
Так мінуў карнавал і скончыўся вялікі пост, а ўжо тут як тут на парозе Вялікдзень, на які Багуся мелася падрыхтаваць першае свянцонае. А гэта не малы клопат! Бо на Літве паненцы можна памыліцца ў такце музыкі альбо танца, аленельга памыліцца ў выкананні рэцэптаў бабак і вяндліны, а рэцэпты не такія лёгкія, як гэта здаецца, бо найменшая драбяза, зробленая не так, псуе ўсё.
А калі каторая з нашых чытачак гэтаму не верыць, дык няхай на Літве зробіць бабку паводле рэцэптаў парыжскіх альбо лонданскіх пекараў, то запэўніць сабе бессмяротнасць у прыказцы, як запэўніў яе сабе Заблоцкі ці пані Каўнацкая. Што ж толькі, мой Божа, тыя караняжы на ліцвінаў не нагаворваюць, сцвярджаючы, што да іх саміх трэба ехаць па розум, а на Літву па грошы. А тут аказваецца, што калі наш Ягайла ажаніўся з Ядвігаю з Кароны, дык яму было сорамна, што яго жонка не мае чым прыняць гасцей у сябе, бо ў яе - ні аптэчкі, ні вяндліны. Дык вось, агледзеўшыся крыху ў доме, кароль Ягайла зразумеў, што ад нязручнасці гэтае інакш не пазбавішся, як толькі падгаварыўшы Ядвігу паехаць на Літву пад маркай хрышчэння паганцаў, да чаго яна, як кабета, мела надзвычайную слабасць, а па-сутнасці, каб паказаць сваёй жонцы, якія там былі гаспадыні.
Дык калі ў 1387 годзе на Папялец, паводле караняжскага календара, бо ліцвіны яшчэ Папяльца не ведалі, пачцівы Уладзіслаў Ягайла са сваёю маладою прыгожаю Ядвігаю прыехаў у Вільню, а не было ў той час ані кавы, ані гарбаты ва ўжытку. Звычайна ў Кароне поліўка піўная з сырам і грэнкамі займала тое месца, а на Літве ўжо было сёе-тое лепшае, каб прыняць каралеву. Пані Карыбутава, братавая Караля,княгіня Наваградская, прыйшла да яе раніцаю ў шыкоўным, хатняе работы пудэрмане і загадала ўнесці за сабою на срэбным падносе ў залатых кубках поліўку з ковенскага мёду, прыпраўленую жаўткамі свежых яйкаў і рознымі каранямі, а да яе - сухарыкі і печыва, якое сама зрабіла. Маладая Ядвіга, адказваючы на ласкавасць ліцвінкі прыроджанаю ветлівасцю, у якой караняжы да гэтага часу нікому не даюць сябе апярэдзіць, сеўшы за сняданак, не ведала, як гэта зрабіць, бо лыжак на стале не было, а без лыжак піўную поліўку ў Кракаве не елі. Кароль, убачыўшы ейны клопат, папрасіў Карыбутаву, каб і яна села за стол ды паказала каралеве прыклад, як трэба есці. Пана Карыбутова, думаючы, што каралева яе падазрае, ці няма ў ежы атруты, доўга не адмаўляючыся, села за стол і, памачаўшы кавалак печыва ў поліўцы, пачала снедаць, нахіляючы залаты кубак, які трымала за абедзве ручкі даматканаю, з літоўскага льну, сурвэткаю, вышытаю ўрыанскім жомчугам. Каралева, паглядзеўшы на гэта, падумала сабе: “Трэба ёй гэта дараваць і зрабіць гэтаксама, бо ліцвіны яшчэ паганцы, а таму дзікуны”. Але калі тым самым спосабам яна пакаштавала тае поліўкі з кубка, які быў прызначаны для яе, дык пачалі пазіраць: каралева на печыва, а кароль, шчаслівы, што справіў жонцы такую прыемнасць, на каралеву; а потым азваўся да яе напалову жартам, напалову трыумфуючы:
- А што, каханая, няма ў нас такіх прысмакаў у Кракаве? А яна з захапленнем усклікнула:
- Ой, ба! ба! Каб жа мы гэта мелі!
І ў працяг размовы сказала княгіні Карыбутавай:
- А якое ж вы незвычайнае піва маеце!
Княгіня Наваградская, якая ў той час не ведала яшчэ ані слова па-польску, пакланілася каралеве, не ведаючы, што адказаць; застаўся ў яе ў памяці толькі той выклічнік “Ба! Ба!”, і ад таго паходзіць назва бабы, якую пазней пяшчотна перайменавалі ў бабку.
А кароль, смеючыся, дадаў:
- Але гэта не піва, гэта - ковенскі ліпец.
Каралеве гэта так прыпала да смаку, што з таго часу загадвала, каб ёй заўсёды давалі такі сняданак. Яе прыклад адразу перанялі паны і пані, якія прыбылі з Кароны, і ковенскі мёд падняўся ў цане. А закон бернардынаў, які праз некалькі гадоў быў там заснаваны, атрымаў ад караля прывілей рабіць мёд на продаж, што яму ў той час забяспечыла добры прыбытак.
Шкада, што тая маладая прыгожая і добрая каралева нядоўга жыла, бо ўжо сакрэтам, як рабіць бабкі і вяндліны, што называліся за мяжою сальцісонамі, пачала добра вучыцца. Аднак з тае прычыны, што яна не рабіла гэтага ўласнымі рукамі, як у той час рабілі літоўскія пані, а загадвала рабіць кухарам, дык тыя свае вучоныя рэцэпты склалі, а вярнуўшыся дадому, дорага прадалі іх караняжам, і таму ў Кароне няма ані добрае бабкі, ані добрае вяндліны.
Другая жонка Ягайлы Анна, унучка Казіміра Вялікага, выбраўшыся са сваім мужам каралём і дачкою Ядвігаю хрысціць Жмудзь у 1413 годзе, прыехала ў Коўна і, пакаштаваўшы таго ж самага мёду і бабак літоўскіх, ужо нікуды далей ехаць не хацела, а кароль Ягайла, якому такія прысмакі не былі
навіною, пусціўся далей адзін.(...)
"Патрыятычная" форма да бабкі. 19 ст.
(...)Гэтая гісторыя дае зразумець, што Багуся, як ліцвінка, пад кіраўніцтвам свае маткі прыгатавала ўласнымі рукамі цудоўнае свянцонае. Толькі мяса пасмажыў кухар, а парафіяльны закрыстыянін прынёс штучнага баранка з масла і ўткнутым убок сцяжком.(...)
(...)Афіцэр заняўся размоваю з пані Войскаю пра цудоўны смак бабак. Пані Войская даводзіла, што яны яшчэ не такія добрыя, якія б, уласна, павінныя былі быць, але што гэта першая спроба Багусі. Іншыя матроны пачалі выпытваць сакрэты альбо хваліцца сваімі, з чаго вынікала, што рух паветра вельмі шкодзіць бабкам, і што калі дзе паблізу двара ёсць які каваль, дык яму з Вялікага чацвярга трэба замкнуць кузню, бо, стукаючы кувалдаю, асадзіць на мілю кругом падыходзячае цеста. Тую самую думку, напрыклад, пацвердзіла пані Суддзёва, якой сёлета не ўдаліся бабкі - не падраслі і не папякліся, і гэта таму, што менавіта ў гэты час, калі падыходзіла цес-
та, на няшчасце, на фальварку качалі бялізну.
Ну й напрыканцы яшчэ колькі цікавостак:
Католік, кальвініст, жыд ці татарын - усе без выключэння яго (квестара - p.d.) паважалі, і ён у сваіх квестах нікога не абмінаў. Гэтаксама наведваў у Ліпе шчырага католіка Абуховіча (якога ці то з-за прымоўкі, ці то з-за звычаяў “Котэчку” звалі), як і кальвініста Атэнхаўза ў Асташыне; гэтаксама заязджаў па дарозе да паноў Уланаў, Давідовічаў, Сабалеўскіх і іншых татараў у Малюшыцах (а трапіўшы на байрам, еў разам з імі калдуны з канінаю), як і да жыдоў Мірскіх, Чорных (у якіх у шабас быў шчупак з шафранам).(...)
Паветы Лідскі, Ашмянскі, Слуцкі і Слонімскі, што мяжуюць з Наваградскім, больш раўнінныя, не маюць, для мяне перадусім, такое прывабнасці. Гасціннасць, праўда, там большая, чым у Наваградскім. Бо калі, асабліва ў Лідскім, блізу якога двара зломіцца ў цябе кола, дык і кола табе дадуць, і самога так прымуць, што некалькі дзён будзеш трымацца за галаву, а кожны штуршок каляскі аб камень, нагадае, што мозг твой набрыняў і чэрап ледзь не трэсне. У Наваградскім павеце загадаюць тваё кола направіць, дадуць табе абед, але больш за кілішак старое гарэлкі і пары кілішкаў мёду пад час абеду не спадзявайся, бо віно не было ва ўсеагульным ужытку.