Бандар Савасцей - гэта анаграма Ян Баршчэўскі

May 28, 2019 21:02

У продажы з’явіўся №5 часопіса «Маладосць» з маім артыкулам «Ян Баршчэўскі і Бандар Савасцей», які завяршае вялікае даследаванне - асноўная частка апублікаваная ў №6 штогадовіка «Беларускі фальклор: Матэрыялы і даследаванні» (2019).

Шосты выпуск «Беларускага фальклору» прысвечаны асобе і творчасці Яна Баршчэўскага (працы У. Лобача, Дз. Вінаходава, С. Тычыны, Г. Калкаевай, А. Мікуса, В. Мартысюка і Ю. Пацюпы). Выпуск сапраўды можа лічыцца сенсацыйным. У ім упершыню публікуюцца версіі верша XIX ст., вядомага як «Віншаванне Бандара Савасцея» ці «Паўстанне», з архіваў І. Лабойкі і В. Бадзянскага, якія ад часоў Я. Карскага не вывучаліся і практычна былі недаступныя беларусазнаўцам. Ёсць і іншыя цікавыя публікацыі.

Вячаслаў Мартысюк выказаў гіпотэзу, што аўтар «Паўстання» - Ян Баршчэўскі. Аўтар жа гэтага допісу зрабіў рэканструкцыю вершаў Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька» і «Паўстанне». У ходзе рэканструкцыі з корпусу тэкстаў, якія лічыліся часткамі «Рабункаў…», быў вылучаны і таксама рэканструяваны верш невядомага аўтара XVIII ст., а можа і даўнейшы, умоўна названы «Гулянка мужыцкая». Урыўкі з «Гулянкі…» В. Мартысюк знайшоў аж у рускай літаратуры XVIII стст.

У «Маладосці» ж канчаткова раскрываюцца карты, і сцвярджаецца ў якасці ultima ratio гіпотэзы Вячаслава Мартысюка, што Бандар Савасцей - гэта анаграма імя Ян Баршчэўскі.

2019 год нечакана можа стаць годам Яна Баршчэўскага!

Як вядома, знойдзена надмагілле паэта.

Але Баршчэўскі нам цікавы перадусім творамі. Хоць мала хто ведае, што ніводзін беларускі верш паэта не дайшоў да нас у першапачатковым выглядзе - усе ў вусных пераказах. Таму беларускага Баршчэўскага, па вялікім рахунку, мы яшчэ не чыталі. Рэканструкцыя максімальна набліжае да аўтарскага тэксту. Чытайце ў сваё задавальненне!

Feci quod potui, faciant meliora potentes!

Вось адзін з рэканструяваных тэкстаў. Каб узнавіць гэты верш давялося параўнаць і злучыць дзевяць вусных версіяў. У якасці асноўнай узятая версія І. Лабойкі, дагэтуль не публікаваная, якую некалі знайшоў і ўзычыў нам А. Каўка.

Паўстанне [1]
Віншаванне Бандара Савасцея

Кінуў-рынуў паўстанне, прыбег к табе, маспане,
Трасца іх пабе́ры нашыя жаўнеры!
Я к’ тваім ножкам, пане, прыбягаю
Святым Тадэву́шам цябе паздраўляю,
Уздумалі па́ны Польшчу [2] звараціць,
Бадай, ці не лепей Судару [3] служыць!
Народ паглумілі, Польшчы не зрабілі,
А бяды па вушы сабе нарабілі…
Каб гарэлку дзялілі, хлеб-мяса давалі,
Слова нет, мы б гэдак усю Польшч забралі!
А як выйшлі ў поле, станулі мы ў доле,
Спаткалісь, як з цёмнай тучай, з маскалямі,
Дак 〈саўсім〉 не зналі, што і робіць, самі.
Тыя як жа́руць, так жа́руць і агнём і мечам,
А мы, каб хацелі, дак, праўду, і нечым.
Ці прах яго будзець блізка падхадзіць
І ждаць пакуль за́чнем галовы касіць?
Кулі па яйцу добрым, як калапні [4], свішчуць,
А нашы каманданты [5], яшчо ботаў ішчуць.
З вечара падпілі і смачна пад’елі -
Нечага дзівіцца, што спаць захацелі!
А тут не ўважаюць, міласці не маюць!
“Тыр-тыр-тыр”, - з руж’я, нет ім і уходу,
А нашаму брату, хоць ты боўць у воду!
Цёмна, цёмна ў вочах, да ў вушах звініць,
Дрошч па скуры, дубам волас станавіць.
Як зайгралі разам ува ўсе гармаці,
Дак і духу нет у паляка, браце!
Маскаль моц сваю ўжо ўзяў,
Смела к месту прыступаў.
Камандант тагды прачнуўся,
Як пагібелі дачуўся.
Крыкнуў 〈адно〉 толькі: «Дзеткі, да барон [6]
Эгэ!.. Мы пазналі, што тут не прыгон.
Дзе ўраднік, зайшоўшы у засек, храпнець,
Там і наш брат з працы смела аддыхнець.
А тут нада шчыра брацца,
З усёй сілы упраўляцца.
Праўда, і ў нас бы́ла дубовая ступа [7],
Да віць і яна і зроблена няглупа:
Жалезнымі 〈моцна〉 абручамі збіта,
І густа, і тлуста порахам набіта.
А як нам прышлося зробіць з ней загнет [8],
Дак агню каму пасуліць [9] і нет,
Бо то ў нашай Польшчы,
Кажан хочаць быць большы.
«Ты́ йдзі! Ты́ йдзі!» - адзін на другога.
Ніхто не паслухаў, не баяўся Бога.
Як не схапіла з паніўкі [10] -
Відзім, што не пераліўкі [11].
І што маскаль смела ў горад падступаець,
Рэзаць, калоць, вешаць усіх чыста маець.
Тагды й камандантам укалола ў пяты,
Крыкнулі 〈нам〉 толька: «Ўцякайце, рабяты!
Дзе хто можаце, з касамі
Хавайцеся за вугламі!»
Самі свісь - па конях да й далі у драку [12],
А ты, брат мужык, прападай за сабаку.
Ні ту́ды, ні сю́ды, ні ўлева, ні ўправа,
Як свіння у плоце… Худа наша справа!
Ужо ні так, ні сяк нам тут не касіць,
Хацелася б тыкі чалавеку жыць.
Ці прах яго будзець за вуглом стаяць,
Віць, як бы не быць, нада уцякаць!
Па мху, па балоце, хоць троху прамок,
Слава табе Божа, цэл тыкі уцёк!
Вой, вайна-вайна, згубіла да дна!
Косы пагублялі, нічога не даказалі [13].
Па Пятрэ [14] прыйдзе́цца сена 〈нам〉 касіць,
Так незашта будзець і касы купіць.
Бог цябе, паночку, ад таго сцярог,
Што ты не высту́піў з хаты за парог!
І што ты у нашу кашу не мяшаўся,
І цэлы ў каноплях 〈так〉 перахаваўся [15]!
Дай Бог табе, пане, век доўгі, вясёлы,
Каб ты меў і грошы, і не быў бы голы!
Жыві, пане, жыві [16], да й гадкі не мей,
Тым цябе віншуець Бандар Савасцей.

Аўтары выказваюць шчырую падзяку Аляксею Каўку, Дайве Вайткевічэне, Уладзіславу Іванову і Міколу Раманоўскаму за дапамогу ў здабыванні архіўных матэрыялаў.

[1]Прыналежнасць «Паўстання» да корпусу твораў Я. Баршчэўскага дыскусійная.
[2]Маецца на ўвазе Рэч Паспалітая, дзяржава «трох народаў», ідэяй адраджэння якой шляхта жыла да другой паловы XIX ст.
[3]Судар - скарочанае ад рус. Государь, пар. бел. Гаспадар - Спадар, якое і паслужыла прататыпам рускага тытулу цара.
[4]Калапень - тут: птушка канаплянка.
[5]Камандант - камандзір, начальнік аддзелу паўстанцаў.
[6]Дзеткі да барон! - травестацыя польскага Dziatki, do broni! ‘дзеткі за зброю’. Беларускі селянін польскае broń ‘зброя’ чуе як барана - знаёмая яму прылада працы.
[7]…дубовая ступа - маецца на ўвазе самаробная гармата-мазджэр.
[8]Загнет - месца ў печы, куды выграбаюць жар; тут: запал, канал, праз які запальваецца зарад.
[9]Пасуліць - прапанаваць (нельга блытаць з рускім посулить ‘паабяцаць’).
[10]Пані́ўка, па́ніўка - патэльня, скаварада; тут: паліца замка стрэльбы.
[11]Не пераліўкі - не жарты.
[12]Даць у драку - пусціцца наўцёкі; пар.: даць драла, даць дзёру, задаць драпака.
[13]Даказаць - сцвердзіць, настаяць на сваім; у беларускай народнай мове слова даказваць не зусім тое, што рус. доказывать (бел. даводзіць).
[14]Маецца на ўвазе Пятроўка, свята апосталаў Пятра і Паўла, якое адзначаецца 29 чэрвеня (12 ліпеня) - пара касавіцы.
[15]Варыянт радка ў некаторых версіях: І праз гэта верным Судару застаўся.
[16]Жыві, пане, жыві… - устойлівы выраз, ужываны ў віншаваннях (пар. пол. żyj nam żyj).

вершы, рэканструкцыі вершаў, анаграмы, Ян Баршчэўскі

Previous post
Up